Пошук

02.12.2019 11:25   Тэкст: Анастасія Грышан / Catholic.by

30 лістапада ў Новым Свержані адбылося свята паляўнічых, рыбаловаў і леснікоў у гонар іх апекуна святога Губерта. Набажэнства з гэтай нагоды ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Касцёл успамінае св. Губерта ў літургіі 3 лістапада.

Арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў у гаміліі, што, як казалі хрысціяне са старажытнасці, усялякую працу неабходна распачынаць іn nomine Domini — «у імя Пана». Гэта, па яго словах, актуальна і для паляўнічых, рыбаловаў і леснікоў, якія падвержаны розным небяспекам. Аднак Божы Провід не пакінуў іх без сваёй апекі.

Іерарх падкрэсліў, што «зямля з яе натуральнымі багаццямі, у тым ліку дзікімі жывёламі, птушкамі і рыбамі — гэта наш дом, і мы павінны клапаціцца аб ім».

«У вырашэнні сваіх праблем з просьбай аб благаслаўленні неабходна звяртацца да святых, у нашым выпадку да св. Губерта, а не спадзявацца на нейкіх міфічных заступнікаў. Адным з іх з’яўляецца рымская багіня лясоў, дзікіх жывёлаў і паляўнічых Дзіяна. Гэта не што іншае, як міфічны паганскі персанаж, якому мы, як хрысціяне, не можам пакланяцца і спадзявацца на яго дапамогу. Мы верым у Бога і дапамогу Яго святых, а не ідалаў», — заўважыў арцыпастыр.

Акрамя св. Губерта, дадаў ён, у паляўнічых ёсць і іншы апякун — св. Трыфан, які больш вядомы ў Праваслаўнай Царкве, аднак ушаноўваецца і ў Каталіцкім Касцёле.

«На што звяртае нашу ўвагу св. Губерт? Найперш на святло Крыжа, якое Ён убачыў паміж рагоў аленя. Яно стала для яго святлом праўды, любові, прабачэння і перамогі найперш над самім сабой і сваімі грахамі, — сказаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. — Святы Губерт скіроўвае наш позірк да Бога, бо без Яго нашае жыццё і праца не маюць сэнсу».

Таксама, падкрэсліў іерарх, святы Губерт заклікае да шанавання прыроды, якая з’яўляецца Божым дарам. Такім дарам з’яўляюцца і дзікія жывёлы, птушкі і рыбы. «Таму паляўнічыя, рыбаловы і леснікі не з’яўляюцца гаспадарамі іх жыцця і смерці.

На паляванні паляўнічыя забіраюць іх сабе, але на паляўнічых ляжыць абавязак іх гадоўлі і абароны, каб не знішчыць, але захаваць папуляцыю», — патлумачыў арцыбіскуп.

«Святое Пісанне ў Старым Запавеце кажа, што Бог даручыў людзям валадарыць зямлёй і яе багаццямі. Гэта азначае не толькі працу на зямлі, але і іншую дзейнасць, у тым ліку паляванне і рыбалоўства. Аднак гэтае валоданне не павінна ператварыцца ў знішчэнне», — адзначыў пастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Іерарх заклікаў паляўнічых, рыбаловаў і леснікоў праводзіць у Божым духу свае сустрэчы і абрады, глядзець на жывёлаў, птушак і рыб як на Божыя стварэнні, якія давераны іх апецы і адказнасці, і заўсёды памятаць пра этычныя нормы сваёй дзейнасці.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця