Сёлета, як і два гады таму, парафіяне са Стоўбцаў і Новага Свержаня зноў мелі выдатную магчымасць паразважаць падчас працэсіі Божага Цела над прысутнасцю жывога Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.
У першую нядзелю чэрвеня на досвітку стаўбчане і новасвяржане спецыяльна для ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста падрыхтавалі чатыры алтары (па колькасці стваральнікаў чатырох Евангелляў — Мацвея, Марка, Лукі і Яна). Літургіяй у касцёле святых Пятра і Паўла ў Новым Свержані распачалася ўрачыстасць Божага Цела. Былі благаслаўлёныя харугвы, пашытыя стаўбцоўскімі вернікамі для працэсіі. Кожнае Ружанцовае кола ў касцёле святога Казіміра цяпер мае ўласную харугву з абразом Маці Божай, пад тытулам якой удзельнічае ў касцёльным жыцці.
Пасля святой Імшы следам за Езусам у Найсвяцейшым Сакрамэнце ўдзельнікі працэсіі рушылі ў працэсію з чатырма прыпынкамі каля падрыхтаваных алтароў.
«Эўхарыстыя — таксама ахвяра»: гэта тэма першага прыпынка. Чыталася Евангелле паводле Мацвея, малітва. Пасля чаго святар благаславіў вернікаў Найсвяцейшым Сакрамэнтам са словамі: «Благаслаўленне Бога ўсемагутнага няхай сыдзе на вас, няхай захавае вашыя палі і сцеражэ вашыя дамы і месцы працы…»
Шлях да другога алтара — з малітвамі і спевамі праз Новы Свержань і чыгунку, да крыжа перад ракой Нёман. У калоне ішлі вернікі з харугвамі, хлопцы і дзяўчаткі ў белым адзенні і святар з манстранцыяй у руках. Дзяўчаткі сыпалі пялёсткі кветак: сімвал любові да Збаўцы і ўдзячнасць Яму за атрыманыя ласкі. Над галавой святара мужчыны неслі балдахін.
«Эўхарыстыя — спажытак для душы». Ля другога алтара гучалі словы Евангелля паводле Марка. Благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам са словамі: «Удыхні ў нас, Пане, Твайго духа любові і ў сваёй дабрыні прывядзі да еднасці ўсіх, каго корміш адным нябесным хлебам…»
На мосце праз раку Нёман працэсія таксама прыпынілася на хвілінку для благаслаўлення ракі і рушыла да трэцяга алтара, размешчанага насупраць другой гарадской школы, што знаходзіцца на месцы разбуранага стаўбцоўскага касцёла.
Здаецца, што стаўбцоўскі пробашч ксёндз Ігар Лашук, прыкленчыўшы перад алтаром, уяўляе карціну злачынства, учыненага людзьмі, якія разбуралі святыню.
«Эўхарыстыя — зарука несмяротнасці». Тут чыталася Евангелле паводле Лукі. Благаслаўляючы вернікаў, святар прамовіў: «Усемагутны вечны Божа, учыні, каб праз разважлівае, пабожнае і справядлівае жыццё мы былі годныя прыняць у хвіліну нашай смерці Найсвяцейшы Сакрамэнт Цела і Крыві Пана нашага, Езуса Хрыста, якi жыве і валадарыць на векi вечныя…»
Пасля, славячы малітвамі і песнямі Бога, удзельнікі працягнулі шэсце да касцёла святога Казіміра. Ля чацвёртага алтара, што размясціўся на ганку новага будынка, чыталася Евангелле паводле Яна. «Эўхарыстыя — сакрамэнт еднасці».
«Пане Езу Хрыстэ, жывы Хлебе, які дае жыццё вечнае, учыні, каб мы часта прымалі цябе і, з’яднаныя з табою, прыносілі плён, што будзе трываць вечна. Які жывеш i валадарыш на векі вечныя…» — словы благаслаўлення ўзнёсла разносіліся па тэрыторыі касцёла, які за час служэння ў парафіі ксяндза Ігара Лашука на радасць вернікам будуецца хуткімі тэмпамі.
Вонкавыя работы амаль завершаны, вядзецца тынкаванне сцен унутры касцёла, пафарбоўка падвалаў, укладка пліткі на падлогу. Працы яшчэ вельмі шмат, тым больш, што паралельна ідзе рэстаўрацыя навасвержанскай святыні. Але ўпэўненасць у тым, што стаўбцоўскі касцёл нарэшце прыме тутэйшых парафіянаў у свае абдымкі, становіцца ўсё большай.
Урачыстасць закончылася гімнам «Цябе, Бога, праслаўляем».
«У сэрцах і думках многіх стаўбчан засталіся пазітыўныя эмоцыі, духоўнае ўзбагачэнне, незабыўнае ўражанне ад удзелу ў працэсіі Свята Жыцця, — сказала парафіянка Аксана Валадзько. — Напрыканцы ўрачыстасці прыйшла адна думка: наша жыццё — гэта працэсія, у якой хтосьці ўдзельнічае штодня, згодна са сваёй верай, надзеяй, любоўю, а хтосьці з’яўляецца толькі назіральнікам».
Пасля працэсіі адбылася святая Імша ў Стоўбцах. Яе цэлебраваў новапрэзбітэр Юрый Рашатко, які прыехаў з мінскай архікатэдры паўдзельнічаць разам са стаўбцоўскімі і свержанскімі парафіянамі ў падзяцы Збаўцу за дар Найсвяцейшага Сакрамэнту, у якім Ён сам прабывае са сваім народам. Удзел у свяце ўзяла таксама група моладзі з мінскай катэдры.