16 лістапада, ва ўспамін Маці Божай Вастрабрамскай, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў мінскім касцёле святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл).
Заслужаны іерарх, які сорак гадоў таму распачаў шлях свайго святарскага служэння ў віленскай парафіі святой Тэрэзы пры Вострай Браме, нагадаў пра шматвекавую традыцыю пілігрымак беларускіх вернікаў да гэтай вялікай святыні трох братніх народаў: беларусаў, палякаў і літоўцаў.
«На жаль, з-за выкліканых пандэміяй каранавірусу абмежаванняў сёлета такая пілігрыка немагчымая. Аднак малітва не мае межаў.
Таму мы збіраемся ў Чырвоным касцёле, дзе з ініцыятывы ксяндза каноніка Уладзіслава Завальнюка ў гэтае свята традыцыйна кожны год выстаўляецца копія цудадзейнага абраза Божай Маці Міласэрнасці, каб даць магчымасць людзям у сталіцы нашай Бацькаўшчыны памаліцца праз Яе заступніцтва», — сказаў напачатку арцыбіскуп Кандрусевіч.
У гаміліі ён засяродзіўся на евангельскім аповедзе пра здзейснены Езусам першы цуд у Кане Галілейскай, дзякуючы якому Збаўца выратаваў маладых у складанай сітуацыі.
«У часы ганеняў на веру і Касцёл падчас тыдня Апекаў Маці Божай Вастрабрамскай, звычайна ў сераду, беларускія святары з вернікамі штогод ехалі ў Вострую Барму. Гэтая серада называлася „беларускім днём“. Перад абліччам Божай Маці Міласэрнасці яны маліліся: „Не маем святароў і касцёлаў, кансэкраванае жыццё забаронена, няма рэлігійнай літаратуры і СМІ, дзеці без катэхізацыі, ім нельга браць удзел у набажэнствах…“
Марыя выслухала нашыя просьбы. Дарога з Вострай Брамы вядзе проста на Мінск. Грамадска-палітычныя перамены канца 80-х – пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя падаравалі нам свабоду веравызнання», — нагадаў арцыбіскуп.
Ён падкрэсліў, што 30-годдзе з часу адраджэння іерархічных структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, якое адзначаецца сёлета, з’яўляецца добрай нагодай падзякаваць Богу і Марыі за новыя магчымасці для яго развіцця.
«Касцёл і кожны з нас таксама павінны зрабіць рахунак сумлення адносна таго, як гэты час быў выкарыстаны. <…> Мы павінны прасіць благаслаўлення на новыя часы, асабліва цяпер, калі ўжо другі год перажываем грамадска-палітычны крызіс, які пагаршаецца міграцыйным», — заахвоціў іерарх прысутных у касцёле і ўсіх, хто духоўна да іх далучыўся з дапамогай прамой трансляцыі.
«Жыццё — гэта няспынная барацьба дабра са злом, для якой патрэбная Божая дапамога. <…>
«У складаны час грамадска-палітычнага крызісу і калі на беларуса-польскай мяжы на вачах усяго свету адбываецца гуманітарная катастрофа, у якой церпяць нявінныя людзі — а сярод іх шмат дзяцей і жанчын, — неабходна прасіць Міласэрнага Езуса аб хутчэйшым і паспяховым вырашэнні гэтых надзённых праблем. Святы Ян Павел ІІ вучыў, што адзіная надзея свету — гэта Божая Міласэрнасць. Папа Францішак кажа, што імя Бога — міласэрнасць, і Бог ніколі не стамляецца нас любіць. Таму трэба звяртацца аб дапамозе да Міласэрнага Езуса», — заахвоціў арцыпастыр.
Ён дадаў, што «краіны, якія непасрэдна закрануў міграцыйны крызіс, і ўся міжнародная супольнасыць з усёй адказнасцю, рашуча і эфектыўна павінны падысці да вырашэння драмы, якая адбываецца ў цэнтры Еўропы. Гаворка ідзе пра самую вялікую каштоўнасць, якой з’яўляецца жыццё людзей», — падкрэсліў іерарх, заклікаўшы вернікаў і ўсіх людзей добрай волі да малітвы, праяўлення міласэрнасці і дапамогі людзям, якія знаходзяцца ў цяжкіх умовах на граніцы.
«Нягледзчы на складанасці нашага жыцця і яго вельмі небяспечныя выклікі, нельга губляць надзеі. Трэба даверыцца Божай Міласэрнасці, якая прыходзіць праз рукі Маці Міласэрнасці. Няхай напісаныя на франтоне святой Вострай Брамы словы „Маці Міласэрнасці, тваёй абароне аддаёмся“ стануць указальнікам на шляху да вырашэння нашых праблем», — выказаў пажаданне арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.