10 лістапада 2021 года ў Мінску прайшло чарговае, 82-е Пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, на якім быў абраны новы Генеральны сакратар епіскапату.
У пасяджэнні ўзялі ўдзел Старшыня ККББ біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Генеральны сакратар ККББ Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Віцэ-старшыня ККББ біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, біскуп Казімір Велікаселец, біскуп Юрый Касабуцкі, біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, а таксама Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч.
На пачатку сустрэчы прадстаўнік Папы Францішка і прысутныя біскупы павіншавалі Мітрапаліта Мінска-Магілеўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага з прызначэннем на гэтую пасаду.
У сувязі з новымі абавязкамі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі папрасіў вызваліць яго ад пасады Генеральнага сакратара ККББ.
Новым Генеральным сакратаром ККББ быў абраны біскуп Юрый Касабуцкі.
Дапаможным сакратаром Канферэнцыі быў прызначаны ксёндз канонік Юрый Санько.
Са словам да сабраных звярнуўся Апостальскі Нунцый Антэ Ёзіч, які нагадаў пра жаданне Папы Францішка больш шырокага ўдзелу свецкіх вернікаў у правядзенні катэхізацыі і звярнуў увагу на некаторыя іншыя аспекты жыцця паўсюднага Касцёла і Касцёла ў Беларусі.
Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB прадставіў справу дыяцэзіяльнага этапа Сіноду Біскупаў «Аб Сінадальнасці», а таксама распрацаваную анкету, якая была зацверджана ўдзельнікамі.
Акрамя таго, біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB прадставіў распрацаваныя «Прынцыпы працы і правілы паводзінаў з непаўналетнімі ў дыяцэзіях Беларусі», якія былі разгледжаны і зацверджаны ўдзельнікамі пасяджэння.
Біскупы абмеркавалі пытанне міграцыйнага крызісу, узніклага на беларуска-польскай мяжы, выказалі сваю заклапочанасць і перажыванне за тых людзей, якія апынуліся ў цяжкай сітуацыі, а таксама салідарнасць з імі і гатоўнасць пры неабходнасці прыйсці ім з дапамогаю праз Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas. Біскупы заклікаюць да супольнай малітвы аб хутчэйшым вырашэнні гэтай сітуацыі.
Была выслухана справаздача пробашча парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе ксяндза Дзмітрыя Дубовіка аб актуальным стане аднаўлення Нацыянальнага санктуарыя пасля пажару. Біскупы абмеркавалі наступныя крокі, звязаныя з рамонтам касцёла.
Была прынята і зацверджана тэма на 2022 Пастырскі год: «Праз адзінства, удзел і місію да Касцёла-супольнасці».
На пасяджэння былі разгледжаны таксама іншыя бягучыя пытанні з жыцця Касцёла ў Беларусі.
Пасяджэнне завяршылася супольнай малітвай.
Мінск, 10 лістапада 2021 г.
✠ Юрый Касабуцкі
Генеральны Сакратар ККББ
Кс. канонік Юрый Санько
Сакратар