Пошук

10.11.2021 13:01   Паводле: ТАСС / Catholic.by
Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер. Фота: Міхаіл Джапарыдзэ / ТАСС

9 лістапада Сакратар Святога Пасаду па адносінах з дзяржавамі арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, які знаходзіцца з візітам у Маскве, заявіў, што ўсе бакі павінны праявіць гуманнае стаўленне да бежанцаў, якія знаходзяцца на граніцах Беларусі з краінамі Еўрасаюзу.

Як паведамляе ТАСС, на прэс-канферэнцыі па выніках перамоваў з міністрам замежных спраў Расіі Лаўровым арцыбіскуп Галахер заявіў:

«Я хачу сказаць, што цяпер мы бачым крызіс на польска-беларускай і літоўска-беларускай граніцах. Наша пазіцыя заключаецца ў тым, што мы заклікаем улады па ўсёй Еўропе прыняць на сябе адказнасць у тым, што датычыцца мігрантаў і бежанцаў.

Мы заклікаем усе бакі прыняць на сябе адказнасць і вырашыць гэты вельмі сур’ёзны гуманітарны крызіс.

Што датычыцца пазіцыі Касцёла, мы ведаем, што, напрыклад, у Польшчы Касцёл крытыкуе падыход урада да гэтага пытання і спрабуе заклікаць улады да больш гуманнага і гнуткага падыходу», — адзначыў высокі прадстаўнік Святога Пасаду.

«Я заклікаю ўсіх глядзець на гэтую сітуацыю не ў лічбавых адносінах, а <…> з пункту гледжання лёсаў людзей, такіх самых, як мы, якія сутыкнуліся з вельмі сур’ёзнай сітуацыяй. Безумоўна, ёсць тыя, хто нясе адказнасць за развіццё гэтай сітуацыі, і яны павінны ўзяць на сябе сваю частку адказнасці», — дадаў арцыбіскуп Галахер.

Як паведамляе ТАСС, у панядзелак некалькі тысяч мігрантаў падышлі з беларускага боку да польскай граніцы. Некаторыя з іх паспрабавалі дэмантаваць агароджу з калючага дроту, супрацоўнікі польскіх сілавых структур ужылі слезацечны газ. З пачатку 2021 года, па звестках расійскага агенцтва, перасячы польска-беларускую граніцу спрабавалі больш за 30 тыс. мігрантаў. Польшча ўвяла надзвычайнае становішча ў сумежных з Беларуссю рэгіёнах, не дапускаючы туды пабочных асоб.

Па інфармацыі ТАСС, на літоўска-беларускай граніцы з пачатку года былі затрыманыя больш за 4 тыс. нелегальных мігрантаў з краін Азіі і Афрыкі. Гэта ў 50 разоў больш, чым за ўвесь 2020 год.

Абноўлена 10.11.2021 14:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця