2 лістапада, ва ўспамін Усіх памерлых вернікаў, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі наведаў мінскі касцёл Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатагорскіх могілках, па-варварску знішчаных савецкай уладай у часы змагання з рэлігіяй і гістарычнай памяццю беларускага народа.
Іерарх памаліўся разам з вернікамі парафіі, у якой да біскупскага пасвячэння доўгі час быў пробашчам, узначаліўшы цэлебрацыю Нешпараў за памерлых і святой Імшы, што завяршылася традыцыйным набажэнствам за памерлых.
У наш час на тэрыторыі аднаго з найстарэйшых і найбольшых каталіцкіх некропаляў беларускай сталіцы вакол залатагорскай святыні вернікі парафіі на чале са сваім цяперашні пробашчам ксяндзом канонікам Юрыем Санько ствараюць і добраўпарадкуюць мемарыяльную зону на месцы пахаванняў.
Гэта даніна належнай пашаны людзям, якія стагоддзі таму пісалі гісторыю нашага горада і чыя памяць была апаганена савецкімі вандаламі, што не прызнавалі нічога святога. Сёння людзі прыходзяць сюды, каб памаліцца за памерлых, пахаваных таксама на іншых могілках. Яны запальваюць знічы перад цудам ацалелымі помнікамі з надпісамі на лаціне, па-польску, па-французску і па-руску, а таксама перад мемарыяльным крыжам у гонар ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, забітага нацыстамі ў гады Другой сусветнай вайны. Крыж быў усталяваны на месцы расстрэлу святара ва ўрочышчы Благоўшчына (Малы Трасцянец), але пасля рэстаўрацыі знаходзіцца на прыкасцёльным цвінтары на Залатой Горцы.
У Нешпарах за памерлых ужо традыцыйна ўзяў удзел Галоўны равін рэлігійнага аб’яднання супольнасцяў прагрэсіўнага юдаізму Рыгор Абрамовіч, які звярнуўся да прысутных са словам.
У прамоўленай на Імшы гаміліі біскуп Касабуцкі падкрэсліў неабходнасць малітвы за памерлых як адно з важных вымярэнняў супольнасці святых у Касцёле.
Іерарх заахвоціў удзельнікаў маліцца за тых, хто адышоў у вечнасць, адзначыўшы, што тады і пасля нашага адыходу з гэтага свету хтосьці памоліцца аб Божай міласэрнасці для нас.
На заканчэнне Эўхарыстыі ў касцёле адбылося набажэнства за памерлых з пяцю традыцыйнымі прыпынкамі-стацыямі, у якіх удзельнікі ахапілі малітваю ўсіх памерлых вернікаў.