Пошук

22.10.2021 10:45   Фота: кс. др Аляксандр Улас / Catholic.by

21 кастрычніка арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў мінскай катэдры Найсвяцейшага Імя Марыі ў гадавіны рэкансэкрацыі святыні, якая адбылася ў 1997 годзе.

Мінская катэдра мае больш як 300-гадовую гісторыю: багатую і трагічную.

Галоўныя яе моманты нагадаў прысутным арцыбіскуп Кандрусевіч, зазначыўшы, што асаблівы драматычным быў лёс святыні ў часы ваяўнічага атэізму.

«У 1948 годзе катэдра была канфіскавана і перададзена пад „Дом фізкультуры“, потым была спустошана і перабудавана. Яе высокія і прыгожыя вежы былі знішчаны, а фасад забудаваны так, каб нічога не напамінала аб тым, што гэта — сакральны будынак. Сам касцёл быў падзелены на тры паверхі.

Дзякуючы грамадска-палітычным зменам канца 80-х – пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя мы атрымалі свабоду веравызнання, у выніку чаго ў 1994 годзе катэдра была вёрнута вернікам. Дзякуючы намаганням кардынала Казіміра Свёнтка, ахвяраванням вернікаў і дапамозе замежных дабрачынных арганізацый удалося аднавіць прыгожую барочную святыню і ўнікальны фрэскавы жывапіс у ёй. Трэба падкрэсліць вялікую ролю ў адбудове нашай галоўнай святыні архітэктара Віктара Вілька, які пяць гадоў таму адышоў у вечнасць», — сказаў у прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч.

Заслужаны іерарх таксама падзяліўся ўспамінамі пра гістарычную падзею, што адбылася 24 гады таму.

«Я добра памятаю дзень рэкансэкрацыі, якую ўзначаліў легат Папы Яна Паўла ІІ амерыканіскі кардынал Казімір Шока. Ён меў беларускія карані, бо яго бацька нарадзіўся непадалёк ад вёскі Індура ў Гродзенскім раёне.

Якая тады панавала радасць! Знішчаная катэдра адрадзілася, як фенікс з попелу. Яна стала домам малітвы і спаткання чалавека з Богам і ўпрыгожыла сталіцу нашай Бацькаўшчыны», — адзначыў заслужаны іерарх.

Ён дадаў, што пасля дзесяцігоддзяў панавання атэістычнага савецкага рэжыму 24 гады таму мінская катэдра зноў стала месцам абвяшчэння заўсёды жывога і дзейснага Божага слова, з якога нараджэецца патрэбная да збаўлення вера; яна стала месцам цэлебрацыі Эўхарыстыі, якая будуе жывы Касцёл, а таксама цэлебрацыі іншых сакрамэнтаў; стала месцам малітвы, розных рэлігійных і рэлігійна-культурных мерапрыемстваў з мэтай умацавання веры і хрысыціянскага сведчання.

«У савецкія часы катэдра была спартовай залай, дзе спартоўцы трэніравалі сілу сваіх мускулаў. Сёння яна з’яўляецца месцам, дзе католікі атрымліваюць сілу Божай ласкі для вызнавання, абвяшчэння і сведчання хрысціянскай веры», — падкрэсліў арцыпастыр. На заканчэнне гаміліі ён сказаў:

«Мы сёння ўдзячныя Богу за гэты дар вернікам Мінска і пілігрымам у сталіцу нашай Бацькаўшчыны. Удзячныя кардыналу Казіміру Свёнтку, які сёння адзначаў бы 107 гадавіну свайго нараджэння. Удзячныя ўсім, хто больш за 300 гадоў таму пабудаваў катэдру, бараніў яе ад закрыцця, адбудоўваў і моліцца ў ёй».

Пасля Імшы адбылася прэзентацыя кнігі ўспамінаў пра кардынала Казіміра Свёнтка «Мяне заўсёды ратавала вера…», выдадзенай выдавецтвам «Pro Christo». Арцыбіскуп Кандрусевіч прадставіў сабраным выданне, прысвечанае Сведку веры, першаму і адзінаму ў сучаснай гісторыі Беларусі кардыналу, якое выйшла ў свет у 10-ю гадавіну яго смерці.

«Мы павінны памятаць пра сваю гісторыю і карані, пра святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка, і ва ўсіх цяжкасцях ратавацца верай», — сцвердзіў падчас прэзентацыі арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Абноўлена 22.10.2021 10:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа