Пошук

19.10.2021 10:26   Тэкст і фота: Уладзіслаў Зарэцкі ASC / Catholic.by

16 кастрычніка ў Мінску прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю прысутнасці салезіянскага таварыства на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Старт святочнай праграме даў гістарычны сімпозіум, які адбыўся ў міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёганэса Раў у Мінску.

На форум прыбыло шмат гасцей, сярод якіх былі Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч і яго новапрызначаны наступнік на пасадзе Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек, святары салезіяне, святары і прадстаўнікі іншых манаскіх супольнасцяў, сёстры салезіянкі, салезіяне супрацоўнікі, аніматары, моладзь і прадстаўнікі салезіянскіх парафій Беларусі.

На распачацце сімпозіума з прывітальным словам да прысутных звярнуўся Рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства ў Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB.

«Сённяшні юбілей абуджае мноства пачуццяў i эмоцый: ад радасці пачатку салезіянскай харызмы праз цярпенні крыжовага шляху таварыства падчас жудасных войнаў і розных таталітарных сістэм, праз адраджэнне каталіцкай веры аж па сённяшні дзень, калі мы, сучаснае пакаленне салезіянаў, з удзячнасцю ў сэрцы і моцнай надзеяй працягваем пісаць гісторыю, працягваем будаваць прыгожы храм салезіянскай харызмы на моцным і надзейным фундаменце», — адзначыў святар.

Ён прывітаў ганаровых гасцей, прадстаўнікоў усіх галін салезіянскай сям’і, якія прысутнічалі на свяце, а таксама ўсіх сабраных і пажадаў удзельнікам сімпозіума радаснага святкавання гэтага прыгожага юбілею і больш глыбокага знаёмства з гісторыяй дзейнасці салезіянскага Таварыства ў Беларусі.

Відэавіншаванні беларускім салезіянам перадаў з Рыма Генеральны настаяцель салезіянскага таварыства ксёндз Анхэль Фэрнандэс Арцімэ SDB.

Свае віншавальныя лісты даслалі таксама інспектар варшаўскай салезіянскай інспекторыі святога Станіслава Косткі Тадэвуш Ярэцкі SDB і біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, якія жадалі, але па аб’ектыўных прычынах не змаглі асабіста ўдзельнічаць у святкаванні.

Са словамі віншавання з трыбуны форуму звярнуліся Старшыня ККББ біскуп Алег Буткевіч, прызначаны арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Агульнай думкай у словах іерархаў было вялікае значэнне стогадовага юбілею не толькі для салезіянскага таварыства, але і для ўсяго Каталіцкага Касцёла на Беларусі.

Увазе прысутных былі прадстаўлены даклады на тэму жыцця і дзейнасці салезіянскага таварыства на тэрыторыі Беларусі на працягу апошніх ста гадоў. Свае даклады на сімпозіуме прадставілі ксёндз Артур Ляшнеўскі SDB — «Узлёт і змушанае падзенне. Пачаткі выхаваўча-адукацыйнай дзейнасці Таварыства святога Францішка Сальскага на тэрыторыі сучаснай Беларусі і поўная ліквідацыя прысутнасці кангрэгацыі ў БССР нямецкім і савецкім таталітарызмам»; доктар гістарычных навук Эдмунд Ярмусік з Гродна — «Галгофа каталіцкага духавенства ў БССР. Рэлігійная дыскрымінацыя і сталінскія рэпрэсіі супраць каталіцкіх святароў, працуючых у Беларусі», і арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч — «Надзея адраджэння. Аднаўленне каталіцкіх структур у Беларусі пасля перабудовы Гарбачова і роля Таварыства святога Францішка Сальскага ў адраджэнні веры на беларускай зямлі».

З матэрыяламі сімпозіума пазней можна будзе пазнаёміцца на партале салезіянаў ксяндза Боско ў Беларусі sdb.by.

Сюрпрызам для гасцей форуму стаў прагляд дакументальнага фільма, падрыхтаванага беларускімі салезіянамі ў супрацоўніцтве з Белтэлерадыёкампаніяй, у якім была прадстаўлена гісторыя салезіянскага таварыства на нашых землях.

Паглядзець стужку можна на ютуб-канале салезіянскага таварыства.

Напрыканцы сімпозіума Рэгіянальны настаяцель ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB выказаў словы шчырай падзякі ўсім удзельнікам і арганізатарам сімпозіума і адзначыў, што гэты юбілей з’яўляецца як вялікім гонарам, так і вялікай адказнасцю за тую спадчыну, якую здабылі мінулыя пакаленні салезіянаў, не шкадуючы ні сіл, ні здароўя, ні нават жыцця.

Абапіраючыся на мінулы вопыт, ксёндз Віктар падкрэсліў, якой бачыць асобу сучаснага салезіяніна:

«Па прыкладу Дона Боско, салезіянін павінен быць носьбітам надзеі, якая з’яўляецца крыніцай аптымізму і радасці, нават у розных цяжкасцях і праблемах. Надзейнай жа падтрымкай у годным выкананні нашай місіі з’яўляецца шчырая адданасць Эўхарыстыі і Марыі, каб мы маглі быць сапраўднымі сведкамі Хрыста і нашага святога Заснавальніка».

Пасля завяршэння сімпозіума ўдзельнікі ўрачыстасці скіраваліся ў мінскі архікатэдральны касцёл Найсвяцейшага Імя Марыі, каб у супольнай малітве падчас святой Імшы яшчэ раз падзякаваць Богу за дар 100-гадовага служэння салезіянаў у Беларусі.

Абноўлена 01.02.2022 16:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця