16 і 17 кастрычніка ў Беларусі праходзілі ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя юбілею 100-годдзя прысутнасці салезіянскага таварыства на тэрыторыі нашай краіны. З гэтай нагоды біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч скіраваў віншаванні рэгіянальнаму настаяцелю Таварыства святога Францішка Сальскага на Беларусі ксяндзу Віктару Гайдукевічу SDB.
Шаноўны ксёндз Рэгіянальны настаяцель,
дарагія святары і браты, члены Таварыства салезіянаў на Беларусі,
паважаныя сёстры з Кангрэгацыі Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў,
дарагія члены Асацыяцыі салезіянаў-супрацоўнікаў,
умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, якія ўдзельнічаюць у святкаванні юбілею 100-годдзя прысутнасці салезіянскай сям’і на тэрыторыі сучаснай Беларусі!
Дасылаю вам усім мае самыя сардэчныя прывітанні з Гродна, да якіх далучаю самыя шчырыя віншаванні і найлепшыя пажаданні з нагоды юбілею.
Шкадую, што з аб’ектыўных прычын не магу прыбыць да вас, каб асабіста ўзяць удзел ва ўрачыстай святой Імшы і ў радасным святкаванні. Нягледзячы на фізічную непрысутнасць, у гэты цудоўны дзень яднаюся духоўна з усімі ўдзельнікамі юбілейных урачыстасцяў і разам з вамі ўзношу да Айца Нябеснага з глыбіні сэрца Te Deum за сто гадоў знаходжання Таварыства салезіянаў на нашых землях.
Прыбыццё духоўных сыноў і дачок святога Яна Боско на тэрыторыю сённяшняй Беларусі было, несумненна, вялікім дарам Божага Провіду як для лакальнага Касцёла, так і для ўсяго грамадства. Рэалізуючы рупліва і ахвярна, з вялікім клопатам і энтузіязмам харызму свайго святога Заснавальніка, Таварыства салезіянаў прычынілася да духоўнага адраджэння Каталіцкага Касцёла, унесла новы дух і выпрацавала новы дынамічны стыль парафіяльнага душпастырства.
Асаблівай заслугай супольнасці салезіянаў было атачэнне духоўнай апекай дзяцей і моладзі, спадарожнічанне ім ва ўсебаковым узрастанні, дапамога ва ўступленні ў нялёгкае дарослае жыццё.
Mоцная жывая вера, апостальская руплівасць, абсалютная вернасць святому Касцёлу, якія заўсёды вызначалі ксяндзоў салезіянаў, знайшлі свой найвышэйшы выраз у час вялікага выпрабавання, якім былі Другая сусветная вайна і перыяд пасляваенага атэістычнага пераследу. Сёння мы схіляем галовы перад прыгожым сведчаннем членаў Таварыства салезіянаў, якое застанецца назаўсёды ў памяці нашчадкаў, натхняючы чарговыя пакаленні святароў, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў адважна ісці за Хрыстом нават тады, калі гэта патрабуе вялікай асабістай ахвяры.
Як пастыр Гродзенскай дыяцэзіі асаблівым чынам дзякую Пану Богу за дар руплівага і ахвярнага служэння членаў Таварыства святога Францішка Сальскага ў нашым маладым лакальным Касцёле. З самага пачатку перыяду так званай «адлігі» з вялікай рашучасцю, энтузіязмам і апостальскай руплівасцю яны ўключыліся ў справу адраджэння рэлігійнага і касцёльнага жыцця на нашых землях і сёння працягваюць узбагачаць сваёй прысутнасцю і служэннем духоўны краявід Касцёла на Гродзеншчыне.
У гэты радасны дзень юбілейных святкаванняў выказваю ўсёй Салезіянскай сям’і — усім святарам, сёстрам, братам законным і свецкім супрацоўнікам — выразы найвышэйшай павагі і шчырай глыбокай удзячнасці, а таксама прашу прыняць мае самыя сардэчныя пажаданні.
Няхай добры Бог шчодра благаславіць усё Таварыства салезіянаў у справе абвяшчэння Евангелля словам і ўчынкам, а таксама ў рэалізацыі ў сучасным свеце заўсёды актуальнай харызмы вашага святога Заснавальніка.
Няхай Дух Святы нястомна ўказвае вашай законніцкай супольнасці новыя апостальскія гарызонты і адкрывае на новыя выклікі, каб ваша адукацыйная, душпастырская і евангелізацыйная дзейнасць прыносіла самыя цудоўныя і шчодрыя духоўныя плёны.
Няхай Таварыства святога Францішка Сальскага на нашых землях цешыцца ўсё больш шматлікімі, добрымі і святымі пакліканнямі, якія будуць і далей узбагачаць наш лакальны Касцёл і ўсё грамадства сваім руплівым служэннем.
Божага благаслаўлення аd multos annos — на многія гады!
З выразам павагі і памяццю ў малітве
✠ Aляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі
Гродна, 16 кастрычніка 2021 г.