Пошук

04.10.2021 13:43   Тэкст: кс. Павел Эйсмант / Фота: Міхаіл Радзіон / Catholic.by

30 верасня ў Пастырскім цэнтры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў чацвёрты раз адбылося ўрачыстае распачацце новага навучальнага года на першым курсе Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі.

На пачатку цырымоніі інаўгурацыі 2021–2022 навучальнага года да прысутных звярнуўся з прывітальным словам куратар падрыхтоўчага курса семінарыі ксёндз Павел Эйсмант. Афіцыйная частка сустрэчы распачалася спевам гімну-малітвы «Малюся за цябе, Беларусь». Потым была прадстаўлена справаздача за мінулы год, насычаны рознымі падзеямі.

З лекцыяй на распачацце навучальнага года выступіў вікарый мінскай парафіі святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) і выкладчык ксёндз Дзмітрый Іваноў. Ён пазнаёміў прысутных з кароткай гісторыяй ушанавання святых абразоў у Касцёле. Гаворачы пра тэлогію іканапісу, дакладчык падкрэсліў, што галоўная функцыя сакральнага жывапісу — натхняць чалавека на малітву, дапамагаць яму ў малітве, выклікаць пачуццё пашаны і любові да Бога і да Яго святых.

У цырымоніі інаўгурацыі навучальнага года ўзялі ўдзел іерархі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі: біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, яго папярэднік на гэтай пасадзе арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Апостальскі адміністратар sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец і біскуп Юрый Касабуцкі.

У сваёй прамове кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату падкрэсліў, што святарская фармацыя — гэта падрыхтоўка да адказнага і ўзнёслага служэння. Час, у які мы жывем, нясе ў сабе вялікія выклікі, адсюль таксама шлях кандыдата да святарства адзначаецца пэўнымі патрабаваннямі.

Тлумачачы значэнне лацінскага слова seminarium — цяпліца, аранжарэя —біскуп заўважыў, што, нягледзячы на ўсе створаныя спрыяльныя ўмовы для святарскай фармацыі сустрэча з выклікамі часу для пачаткоўцаў непазбежная, і пажадаў, каб у кожнага з іх было ўсведамленне гэтых выклікаў, а таксама ўсведамленне сваёй адказнасці за станаўленне сябе як святара, які, паводле словаў Хрыста, павінен быць сведкам для сённяшняга свету.

Іерарх таксама прывёў словы Папы Францішка, прамоўленыя ім падчас святой Імшы на нядаўнім пасяджэнні Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы, што Касцёл і свет будуць ратаваць не нейкія сацыяльныя праекты ці праграмы, але вяртанне да Евангелля.

Біскуп Буткевіч пажадаў першакурснікам, каб час фармацыі стаў для іх магчымасцю навучыцца жыць паводле Хрыстовага вучэння і каб ён быў напоўнены Божай радасцю.

Потым са словамі падзякі ў адрас іерархаў і выхавацеляў звярнуўся прадстаўнік першага курса.

Афіцыйная частка цырымоніі распачацця навучальнага года завяршылася супольным спевам студэнцкага гімну Gaudeamus іgitur, пасля чаго ў капліцы Пастырскага цэнтра адбылася святая Імша. Цэлебрацыю, якую ў прамым эфіры транслявала «Радыё Марыя Беларусь», узначаліў біскуп Алег Буткевіч.

Гамілію падчас Эўхарыстыі прамовіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Заслужаны іерарх адзначыў, што сучасны свет не спрыяе таму, каб малады чалавек выбраў шлях святарскага ці манаскага жыцця.

Юнакі, якія паступілі на першы курс, па словах арцыбіскупа, насуперак прынадам свету сказалі Богу «так».

Іерарх дадаў, што ў гэтым трэба бачыць не толькі волевыяўленне саміх юнакоў, але ў першую чаргу выкананне імі волі Бога, які іх кліча да святарства.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа