Пошук

30.09.2021 12:47   Фота: Iрына Рубiнава / Catholic.by

29 верасня ў касцёле святога арханёла Міхала ў Івянцы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю адпустовай святой Імшы ў парафіяльную ўрачыстасць.

Святы Арханёл Міхал з’яўляецца апекуном Касцёла на Беларусі, і прысвечаная Князю нябеснага войска івянецкая святыня — адно з найстарэйшых месцаў яго культу на нашай зямлі.

Гэтае старажытная мястэчка ў XVIII стагоддзі было цэнтрам Івянецкага графства. Менавіта ў той час за кошт фундатараў і вернікаў пад кіраўніцтвам мясцовых майстроў тут былі пабудаваныя мураваны касцёл і кляштар францішканаў.

Лёс гэтай прыгожай барочнай святыні, якая ўжо амаль тры стагоддзі узносіць свае бялюткія вежы на маляўнічым пагорку над рэчкай Волмай, складаўся няпроста.

Пасля задушэння вызвольнага паўстання пад кіраўніцтвам беларускага нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага царскія ўлады зачынілі шматлікія каталіцкія касцёлы і кляштары, у тым ліку і ў Івянцы. Падчас Другой сусветнай вайны ў кляштары размяшчалася нацысцкая жандармерыя, а ў пасляваенныя часы панавання атэістычнага савецкага рэжыму, які насамрэч быў нічым не лепшым за нацысцкі, тут былі крама, засолачны цэх нарыхтоўчай канторы, сярэдняя школа, цэх тэхналагічнага інстытута…

Толькі ў 90-я гады мінулага стагоддзя касцёл і кляштар былі вернутыя законным уладальнікам — айцам францішканам і івянецкім вернікам. Цяпер тут кожнае лета адбываюцца агульнабеларускія сустрэчы каталіцкай моладзі, у якіх бяруць удзел сотні юнакоў і дзяўчат з усёй нашай краіны.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч напачатку падкрэсліў, што на беларускай зямлі культ святога Арханёла Міхала існуе з даўніх часоў і вельмі моцна ўкаранёны ў пабожнасць нашага народа.

«Ён распраўсюджаны як у Каталіцкім Касцёле, так і ў Праваслаўнай Царкве. Традыцыйна ў нашых касцёлах пасля святой Імшы чытаецца спецыяльная малітва да святога арханёла Міхала з просьбай бараніць нас ад злога духа. <…>

У мінулым годзе, калі ў нашай Бацькаўшчыне распачаўся грамадска-палітычны крызіс, па нашых парафіях ва ўсіх дыяцэзіях адбылася вялікая перэгрынацыя фігуры святога Арханёла Міхала, якая была прывезена з месца яго аб’яўленняў у Італіі. Такім чынам мы маліліся аб мірным вырашэнні крызісу. Сёння мы давяраем сябе, нашыя сем’і, парафіі і Радзіму гэтаму магутнаму нябеснаму апекуну, нашаму заступніку», — адзначыў арцыпастыр.

Далей ён растлумачыў значэнне імя Арханёла, якое на габрэйскай мове гучыць як Мікаэль, што азначае: «Хто ж як Бог». У сувязі з гэтым іерарх, чыім біскупскім дэвізам сталі менавіта гэтыя словы, заахвоціў прысутных на Імшы вернікаў адказаць на пытанне, ці мы сапраўды верым, што Бог з’яўляецца найважнейшым у нашым жыцці.

«Ці верым у тое, што нават самыя вялікія багацці не такія важныя, як Бог? Ці верым, што лепш быць простым, чым дзеля лепшай пасады выракаецца Бога? Ці верым, што, як кажа старая прымаўка, „Без Бога — ні да парога“? Гэтыя істотныя пытанні патрабуюць адказу, бо ад яго будзе залежаць наша будычыня», — сцвердзіў арцыбіскуп.

Нагадаўшы пра змаганне, якое Арханёл Міхал вядзе з моцамі зла, заслужаны іерарх з жалем заўважыў: «На вялікі жаль, маральныя анамаліі сучаснасці сведчаць пра тое, што мы не змагаемся за Божую праўду. Вельмі часта ігнаруем яе ў імя „паліткарэктнасці“ і дзеля ўласнага камфорту.

Але задумаемся на хвіліну. Мы змагаемся за месца працы, за багацце, за пасаду, за свой знешні выгляд, за рэпутацыю… Але чаму не змагаемся за Бога і Ягоную праўду? Гэта горкая праўда, якой трэба зазірнуць у вочы.

Гэта знак крызісу нашай веры. Веру, якую нашыя продкі захавалі ў часы ганенняў, мы можам страціць», — перасцярог арцыпастыр.

Падводзячы выснову, арцыбіскуп Кандрусевіч сказаў:

«Вельмі важна паставіць Бога на першым месцы ў нашым асабістым, сямейным, грамадскім і нацыянальным жыцці, бо тады перад намі адкрыецца новая перспектыва жыцця, згоднага з Божым законам, як гарантыі шчасця на гэтай зямлі і ў вечнасці».

 

 

Абноўлена 30.09.2021 12:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця