Пошук

21.09.2021 11:02   Тэкст: Юлія Капусціна / Фота: Ірына Капусціна / Catholic.by

У нядзелю 19 верасня арцыбiскуп Тадэвуш Кандрусевiч наведаў парафiю ў Лебедзеве (Маладзечанскі дэканат), дзе разам з тутэйшымі вернiкамi адзначыў 545-годдзе iснавання гэтай супольнасці i ўдзялiў сакрамэнт канфiрмацыi групе парафіянаў.

Сёлета парафiя Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Лебедзеве адзначае 545 гадоў з моманту пабудовы ў мястэчку першага касцёла. На парафiяльную ўрачыстасць з гэтай нагоды завiтаў арцыбiскуп Тадэвуш Кандрусевiч.

Вiзiт арцыпастыра, якi павiнен быў адбыцца год таму, калi парафiя адзначала дзесяцігоддзе з моманту пасвячэння сучаснага новапабудаванага касцёла, быў для мясцовых парафiянаў доўгачаканай падзеяй.

Згодна з традыцыямі гасціннасці, дзецi i дарослыя на чале са сваiм пробашчам ксяндзом Уладзiмiрам Русаком сустрэлi арцыбiскупа словамi прывiтання, хлебам i соллю.

Разам з заслужаным іерархам Эўхарыстыю канцэлебравалі дэкан Маладзечанскага дэканата ксёндз прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкi, куратар першага курса вышэйшых духоўных семінарый у Гродне і Пінску ксёндз Павел Эйсмант i пробашч парафii.

На пачатку святой Iмшы арцыбiскуп прывiтаў усiх сабраных, выказаў удзячнасць вернiкам за духоўную падтрымку ў складаны для яго перыяд выгнання i запрасiў да супольнай малiтвы за парафiю, каб яна і надалей развiвалася паводле Божага плану.

У прамоўленым Божым слове іеарах адзначыў, што гісторыя лебедзеўскай парафіі багатая і адначасова трагічная: у гады прымусовай атэізацыі ХХ стагоддзя тут быў знішчыны касцёл.

«Але Бог, нягледзячы на ўсе складанасці, піша гісторыю, і Ён дазволіў пабудаваць новы Божы дом — ужо пяты ў гісторыі супольнасці, які больш за дзесяць гадоў таму стаў месцам сустрэчы салавека з Богам», — сказаў арцыбіскуп.

«Лебедзеўская парафія ганарыцца тым, што тут прыміцыйную Імшу цэлебраваў наш славуты зямляк благаслаўлёны Міхал Сапоцька — спаведнік святой сястры Фаўстыны Кавальскай.

У 30-я гады мінулага стагоддзя, калі ў Савецкім Саюзе панаваў бязбожны і нялюдскі камуністычны рэжым і пераслед веры, а ў Германіі падымаў галаву нацызм, Міласэрны Езус звярнўся да сціплай законніцы з пасланнем Божай міласэрнасці як адзінай надзеі свету. Тады ксёндз Міхал Сапоцька параіў сястры Фаўстыне запісваць аб’яўленні Езуса. Дзякуючы гэтаму свет атрымаў незвычайную спадчыну — „Дзённік“ святой Фаўстыны Кавальскай з апісаннем аб’яўленняў Міласэрнага Езуса. Гэты „Дзённік“ смела можна назваць энцыклапедыяй Божай Міласэрнасці», — падкрэсліў арцыпастыр.

Даючы настаўленне кандыдатам да канфірмацыі, ён выказаў ім і ўсім вернікам наступнае пажаданне:

«Сярод многіх жыццёвых дарог няхай у нашым жыцці заўсёды прысутнічае тая, што вядзе да касцёла, каб мы тут у Евангеллі і сакрамэнтах, асабліва Эўхарыстыі, сустракалі Езуса — адзінага Збаўцу свету ўчора, сёння і ва ўсе часы. Сустракалі Таго, хто зробіць нашае жыццё шчаслівым на гэтай зямлі і прывядзе ў радасць вечнага шчасця ў небе», — завяршыў гамілію арцыбіскуп Кандрусевіч.

Пасля гамiлii шасцёра вернiкаў з рук арцыбiскупа прынялі Дар Духа Святога ў сакрамэнце канфірмацыі.

 

На заканчэнне святой Iмшы лебедзеўскія парафiяне выказалi словы шчырай падзякi арцыбiскупу за яго прысутнасць на ўрачыстасцi i за ўдзелены сакрамэнт; ксяндзу пробашчу Уладзiмiру Русаку — за працу i намаганнi, прыкладзеныя да падрыхтоўкi вернiкаў да гэтага сакрамэнту хрысціянскай сталасці; ксяндзу прэлату Эдмунду Даўгіловічу-Навіцкаму, адзначыўшы яго вялiкi асабісты ўнёсак у адраджэнне мясцовай парафіі, а таксама прысутнаму на святой Iмшы ксяндзу Паўлу Эйсманту, які падзялiў з імi радасць парафіяльнай урачыстасцi.

Да словаў падзякi далучыўся i пробашч.

«Сабраўшыся як адна сям’я вакол алтара, усведамляючы Божую апеку над намi на працягу стагоддзяў, мы радуемся таму, што чарговыя члены нашай сям’i, умацаваныя дарамi Духа Святога, сталi сведкамi Божай любовi», — адзначыў ксёндз Уладзімір. Ён падзякаваў арцыпастыру «як чалавеку, якi дазволiў, каб праз яго гiсторыю ствараў сам Бог, гiсторыю Касцёла ў нашай агульнай радзiме, гiсторыю Касцёла ў нашай малой радзiме, у Лебедзеве»; усiм тым, хто з пакалення ў пакалення перадаваў веру ў Хрыста, «хто на працягу пяцi стагоддзяў прыходзiў сюды, у цэнтр мястэчка Лебедзева, каб тут праслаўляць Бога, каб тут чэрпаць з крынiцы Божай мiласэрнасцi i прыводзiць сюды сваiх дзяцей i ўнукаў»; святарам, якія прычынiлiся да адраджэння парафii пасля гадоў атэiстычнага рэжыму, а таксама сённяшнім парафiянам, якія старанна рыхтавалi святыню да ўрачыстасцi.

Абноўлена 21.09.2021 11:03
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця