Прызначэнне Папам Францішкам новага арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, якім 14 верасня стаў Юзаф Станеўскі, шырока асвятляецца і каментуецца ў СМІ, дзе новапрызначанага арцыбіскупа часта называюць «кіраўніком усіх католікаў Беларусі». Наколькі правільна так казаць, тлумачыць канцлер Курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі, спецыяліст па кананічным праве Каталіцкага Касцёла.
— Некаторыя СМІ пішуць, што ў католікаў Беларусі — новы кіраўнік. Што насамрэч змянілася з прызначэннем Юзафа Станеўскага арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім?
— Перадусім трэба дакладна разумець, што мы маем на ўвазе, ужываючы тэрмін «новы кіраўнік», таму што па сутнасці кожны біскуп у сваёй дыяцэзіі з’яўляецца кіраўніком свайго мясцовага Касцёла (дыяцэзіі). Новапрызначаны арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Юзаф Станеўскі з моманту свайго кананічнага ўступлення на пасаду (інгрэсу) ўзначаліць Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію і стане на чале Мінска-Магілёўскай Мітраполіі, у якую ўваходзяць чатыры беларускія дыяцэзіі. Але разам з тым ён не будзе кіраўніком усіх гэтых дыяцэзій, бо ў кожнай з іх ёсць свой уласны кіраўнік — дыяцэзіяльны біскуп, прызначаны Папам.
Паўнамоцтвы Мітрапаліта ў адносінах да іншых дыяцэзій, акрамя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, мінімальныя, таму больш правільна казаць, што Мітрапаліт узначальвае Мінска-Магілёўскую Мітраполію, але пры гэтым не кіруе ўсімі католікамі Беларусі. Ён сам не прызначае новых біскупаў і не звальняе іх з пасады. У Каталіцкім Касцёле гэта выключная прэрагатыва біскупа Рыма — Папы.
Такім чынам, мы бачым, што ўжыванне тэрміну «кіраўнік Касцёла ў Беларусі», або «галава беларускіх католікаў» у прынцыпе не з’яўляецца карэктным.
— Ці новапрызначаны арцыбіскуп ужо прыступіў да выканання сваіх абавязкаў?
— З выхадам на пенсію папярэдняга арцыбіскупа Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча Мінска-Магілёўская архідыяцэзія стала вакантнай кафедрай — на лаціне sedes vacans. Для кіравання ёй на час да кананічнага ўступлення на пасаду новага арцыбіскупа Мітрапаліта быў прызначаны Апостальскі адміністратар, якім стаў біскуп Казімір Велікаселец.
Такім чынам, да моманту афіцыйнага прыняцця пасады новапрызначаным арцыбіскупам Юзафам Станеўскім пастырам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі застаецца біскуп Казімір.
Менавіта яго імя да інгрэсу будзе ўзгадвацца ў Эўхарыстычных малітвах ва ўсіх Імшах, якія цэлебруюцца на тэрыторыі архідыяцэзіі. Дата кананічнага ўступлення на пасаду новага арцыбіскупа пакуль не вызначана.
— Ці новы арцыбіскуп аўтаматычна ў сілу сваёй пасады стане таксама Старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі?
— Згодна са Статутам беларускага каталіцкага епіскапату Старшынёй ККББ можа быць кожны дыяцэзіяльны біскуп, якога галасаваннем выбіраюць біскупы на пасяджэнні. Пасада Старшыні епіскапату, як і ў іншых канферэнцыях біскупаў, не звязана аўтаматычна з нейкай біскупскай кафедрай. На 80-м пленарным пасяджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, якое праходзіла ў Мінску 14 красавіка, Старшынёй ККББ быў абраны біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Менавіта ён будзе працягваць заставацца на гэтай пасадзе на акрэслены тэрмін, пасля якога можа быць пераабраны.
Але і кіраўнік епіскапату таксама не з’яўляецца кіраўніком усіх католікаў Беларусі.
Таму, яшчэ раз паўтаруся, што выраз «кіраўнік Касцёла ў Беларусі» — некарэктны ў прынцыпе.