У нядзелю 5 верасня пры парафіі касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску прайшоў Першы фестываль хрысціянскай культуры.
Імпрэза распачалася святой імшой, цэлебрацыю якой узначаліў Апостальскі адміністратар sede vacante Мінска- Малілеўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец.
Разам з іерархам Эўхарыстыю канцэлебравалі куратар першага курса вышэйшых духоўных семінарый у Гродне і Пінску ксёндз Павел Эйсмант і пробашч Залатагорскай парафіі ксёндз канонік Юрый Санько.
Праграма першага фестывалю была насычанай і разнастайнай.
На прыкасцёльнай тэрыторыі, дзе праходзіла імпрэза, можна было пачаставацца і набыць беларускія гарбузы, мёд і печыва. Місія «Чыстае сэрца» падрыхтавала бяспройгрышную латарэю, а супрацоўнікі выдавецтва Pro Christo прапанавалі рэлігійную літаратуру і каталіцкую прэсу.
Маленькіх дзетак чакаў сюрпрыз у выглядзе вялікай панды, якая гуляла з хлопчыкамі і дзяўчынкамі ў даганялкі. Моладзь касцёла падрыхтавала для дзяцей цікавы квэст, за які ўсе удзельнікі атрымалі прызы.
Тым часам у межах фестывалю адбылася канферэнцыя, на якой з дакладамі выступілі арцбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк і іншыя.
Арцыбіскуп Кандрусевіч у сваім дакладзе прадставіў кароткі нарыс хрысціянскага бачання Еўропы ў вучэнні святога Яна Паўла ІІ. Перадусім высокі дакладчык выказаў шчырую падзяку арганізатару прысвечанага хрысціянскай культуры форуму — парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Мінску.
«Традыцыйна касцёл на Залатой Горцы з’яўляецца месцам правядзення розных звязаных з хрысціянскай культурай мерапрыемстваў і праграм. Гэта Біблійная школа, музычны фестываль «Залатагорская ліра», канцэрты духоўнай музыкі, «Калядныя вечары», выставы на рэлігійную тэматыку і шмат іншага», — адзначыў арцыпастыр. Ён дадаў, што такія мерапрыемствы вельмі актуальныя ў наш час наступу секулярызацыі і маральнага рэлятывізму.
«Сапраўдныя культурныя падзеі з’яўляюцца адказам на маральныя выклікі сучаснасці.
Корань слова „культура“ — „культ“. Таму культура павінна адзначацца духоўнасцю, служыць евангелізацыі і ўмацаванню веры. Гэтага, на вялікі жаль, мы не бачым у сучаснай поп-культуры, якая замест таго, каб несці высокія маральныя каштоўнасці, прасоўвае амаральныя антыкаштоўнасці», — сцвердзіў заслужаны іерарх.
Раскрыўшы тэму дакладу і пазнаёміўшы прысутных з тым, як святы Ян Павел ІІ бачыў сучаснасць і будучыню нашага кантынента, пабудаванага на хрысціянскай традыцыі, арцыпастыр падкрэсліў, што Касцёл заклікае да дыялогу з еўрапейскай культурай з мэтай перамяніць яе праз вяртанне да евангельскіх каранёў.
«Менавіта таму Ян Павел ІІ кажа пра неабходнасць „новай евангелізацыі культуры“. <…> Каб будаваць новую Еўропу духа, неабходна вярнуцца да яе пачаткаў, вярнуцца аd fontes — да вытокаў.
Беларусь, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы і з’яўляецца месцам сустрэчы заходняга і ўсходняга хрысціянства, а таксама заходняй і ўсходняй культур, можа і павінна адыграць у гэтым працэсе важную ролю», — упэўнены арцыбіскуп Кандрусевіч.
Іншыя дакладчыкі пазнаёмілі прысутных з культурнай спадчынай нашых славутых землякоў, вядомых дзеячаў культуры: Адама Міцкевіча, Станіслава Манюшкі, Магдалены Радзівіл і Фердынанда Рушчыца.
Надвор’е спрыяла новым знаёмствам і добраму настрою. Пасля дакладаў гасцей фестывалю чакаў смачны абед.
Потым у касцёле ў выкананні парафіяльнага хора «Залатая горка» пад кіраўніцтвам Святланы Шэйпы прагучалі творы Станіслава Манюшкі.
Харысты атрымалі падзяку ад біскупа Казіміра Велікасельца з нагоды 30-годдзя існавання калектыву, які стаў пазнавальнай візітнай карткай Залатагорскай парафіі.
Акрамя таго, да фестывалю была падрыхтавана выстава «Жыццё святога Яна Паўла II», якую яшчэ пэўны час можна будзе паглядзець у касцёле на Залатой Горцы.