Пошук

25.08.2021 11:10   Тэкст і фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

21 жніўня пры парафіі святога Казіміра ва Уселюбе, што на Навагрудчыне, прайшоў першы хрысціянскі фестываль Novafest, мэтай якога было праслаўленне Бога «ў Духу і праўдзе» (Ян 4, 23).

Мінулыя выходныя ў жыцці Каталіцкага Касцёла на Беларусі былі насычаныя падзеямі. На поўначы і на поўдні краіны — у Браславе і Лагішыне — адначасова праходзілі ўрачыстасці ў гонар Маці Божай, якую вернікі ўшаноўваюць як Валадарку Азёраў і Каралеву Палесся. Паміж двума гэтымі аддаленымі пунктамі нашай Бацькаўшчыны, дзесьці пасярэдзіне, знаходзіцца Уселюб з яго старадаўнім касцёлам — адным з найстарэйшых у Беларусі.

У гэтым гістарычыным мястэчку ў суботу адбыўся першы хрысціянскі фэстываль-рэкалекцыі праслаўлення Бога Novafest, які сабраў вернікаў розных узростаў з усіх беларускіх дыяцэзій.

Фестываль адкрыўся прывітальным словам пробашча тутэйшай парафіі святога Казіміра ксяндза Віталія Цыбульскага. Пад спеў праслаўлення «Дай нам мір, дай нам супакой», спецыяльна перакладзены з габрэйскай на беларускую мову, святар звярнуўся з малітвай да Пана Бога, каб Ён даў мір на зямлі, каб увайшоў у сэрца кожнага чалавека і напоўніў яго любоўю і міласэрнасцю.

«Я веру ў тое, што сёння тут сабраліся тыя, хто хоча праславіць Бога, аддаць Яму ўсе сферы свайго жыцця, выбраць Бога Панам свайго жыцця», — адзначыў уселюбскі пробашч.

Разам з ім удзельнікі прасілі ў Бога ласкі з духоўнай карысцю пражыць гэты дзень.

Важным момантаў праграмы сталі сведчанні людзей аб іх навяртанні да Бога праз пакаянне і пераасэнсаванне асабістага жыцця. Нечаканыя, а часам і неверагодныя гісторыі маленькіх і вялікіх цудаў перамянення, мабыць, для кагосьці сталі штуршком для таго, каб зрабіць першы крок на дарозе духоўнага ўрастання.

Сваімі сведчаннямі падзяліліся таксама прадстаўнікі рухаў і супольнасцяў, якія дзейнічаюць у Касцёле на Беларусі.

Малітоўны рух «Легіён Марыі» сёлета адзначае 100-гадовы юбілей з моманту заснавання. Адзін з актыўных яго ўдзельнікаў Уладзімір Вайцяховіч распавёў пра служэнне, якое легіянеры нясуць у Касцёле.

Прадстаўнікі руху «Маці ў малітве», які аб’ядноўвае жанчын у духоўным клопаце пра сваіх дзяцей, падзяліліся тым, як гэта дапамагае ім рэалізоўваць сваё пакліканне і заданне мацярынства.

«Маці адчуваюць сябе больш упэўнена, калі давяраюць сваіх дзяцей і іх будучыню Богу і апецы Панны Марыі», — дзеліцца адна з удзельніц руху і выканаўца спеваў Вольга Хілько.

Супрацоўнікі дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы», які займаецца абаронай жыцця і сям’і, распавялі пра каштоўнасці чалавечага жыцця і абарону традыцыйных сямейных каштоўнасцяў.

Сваімі ўражаннямі падзялілася валанцёр фестывалю Ірэна з Душпастырства студэнтаў і старэйшай моладзі OPEN з Гродна. Дзяўчына яшчэ ў верасні мінулага года вырашыла, што павінна быць ва Уселюбе, каб сваімі ўменнямі быць карыснай у служэнні Богу і бліжняму. З таго часу Бог па-свойму паступова рыхтаваў яе да гэтага.

«У гэтым месцы асаблівай прысутнасці Панны Марыі, Маці Божай Новага Жыцця, вельмі адчувалася, што тут мяне чакаюць, што ў мяне ёсць магчымасць зрабіць нешта патрэбнае і каштоўнае.

Хоць была сканцэнтраваная на сваіх абавязках розумам, сэрцам я перажывала духоўную глыбіню яднання з фестывалем праслаўлення Бога, старалася выканаць даручанае заданне.

Адчувала ўнутраны спакой ад таго, што Пан Бог побач, і я ў Яго прысутнасці, што Яго рука вядзе мяне туды, дзе трэба быць, на што звярнуць увагу, чым дапамагаць, каб усё адбылося, як было запланавана. Служэнне ў якасці валанцёра навучылі мяне яшчэ больш пакоры, не ацэньваць і не шукаць хвалы ў чалавека.

Я на ўсё стараюся глядзець позіркам Пана Бога. Прызнаю, што гэта нялёгкая праца кожнага дня. Але калі даць Духу Святому кіраваць сабой, пры выбары адчуваеш спакой, няма трывогі, бунту: ёсць толькі радасць і жаданне гэта рабіць; разумееш, што ты на сваім месцы», — падзялілася Ірэна.

 

На заканчэнне фестывалю адразу ж пасля благаслаўлення прысутных Найсвяцейшым Сакрамэнтам паліў дождж, а заходзячае сонца асвятліла вежу касцёла ружовым колерам, і над ёй на хвіліну з’явілася вясёлка. Гэтая з’ява для многіх стала асаблівым знакам благаслаўлення Нябёсаў.

Абноўлена 25.08.2021 11:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа