Пошук

17.08.2021 10:37   Тэкст: Віктар Ведзень / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

Напярэдадні ўрачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі 13–14 жніўня ў Баранавічах прайшлі рэкалекцыі для ўдзельнікаў «Легіёна Марыі», прымеркаваныя да 100-годдзя з моманту заснавання гэтага малітоўнага руху ў Каталіцкім Касцёле.

Створаны на пачатку ХХ стагоддзя ў Ірландыі свецкім вернікам Фрэнкам Дафам як своеасаблівая форма апостальства і евангелізацыі сярод людзей, «Легіён Марыі» ўжо трэцяе дзесяцігоддзе дзейнічае таксама ў Беларусі.

Першая супольнасць руху ў нашай краіне была створана ў 1994 годзе пры касцёле Маці Божай Фацімскай у Баранавічах.

Традыцыйна напярэдадні ўрачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі беларускія «легіянеры» збіраюцца ў Доме Святой Тройцы ў Баранавічах, каб разам духоўна ўзбагаціцца, падзяліцца досведам, падзякаваць Маці Божай за дзейнасць руху і супольна падрыхтавацца да свята. Сёлета сустрэча праходзіла ў скарочаным фармаце: рэкалекцыі працягваліся два дні, а таксама ў сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй ў сходзе бралі ўдзел толькі «легіянеры» з Пінскай і Гродзенскай дыяцэзій, што ўтвараюць адну акругу — так званы «каміцыюм». Усяго рэкалекцыі сабралі каля 60-і ўдзельнікаў з Баранавічаў, Ліды, Іўя, Ляхавічаў, Дзятлава, з мястэчка Русіно, вёсак Палонка і Паланэчка.

Сустрэча другога каміцыюма, які аб’ядноўвае «легіянераў» Мінска-Магілёўскай і Віцебскай дыяцэзіі, адбудзецца ў першыя выходныя верасня.

Рэкалекцыі ў Баранавічах распачаліся ў капліцы Святой Тройцы набажэнствам Крыжовага шляху, разважанні да якога падрыхтавалі ўдзельнікі з Ліды. Пасля гэтага адбылася тэматычная каферэнцыя, прысвечаная цноце пакоры, на якой шмат увагі было прысвечана таксама асабістай малітве і медытацыі.

Рэкалекцыі для «легіянераў» з дзвюх дыяцэзій праводзіў ксёндз Дзмітрый Кернога, які паходзіць з парафіі Перамянення Пана ў Новай Мышы, што каля Баранавічаў, і цяпер несе службу адразу ў трох парафіях на Палессі.

«Першы раз у жыцці я правожу такія спецыяльныя рэкалекцыі, таму для мяне гэта новы досвед.

Кожныя духоўныя практыкаванні служаць пераасэнсаванню каштоўнасцяў жыцця, каб на першае месца паставіць тое, што для чалавека галоўнае і сапраўднае, а гэта значыць Пана Бога і Яго справы», — сказаў святар.

Падчас сустрэчы сваімі ўражаннямі з Сatholic.by падзяліліся адны са найстарэйшых удзельнікаў малітоўнага руху «Легіён Марыі».

Марыя Парховіч з вёскі Палонка адзначыла: «Такія рэкалекцыі дапамагаюць аднавіцца духоўна. Разумею, наколькі Бог хоча, каб мы Яму дапамагалі, а праз Маці Божую да гэтага служэння дарога для нас самая кароткая. Панна Марыя робіць так, каб мы дзяліліся тым скарбам, які маем самі.

Ружанец, які мы заўсёды трымаем у руках, з’яўляецца нашай „зброяй“ супраць зла. Мы вучым гэтай малітве дзяцей, моладзь і дарослых, самі няспынна молімся, даем свае сведчанне».

Марыя Курловіч, якая ўдзельнічае ў дзейнасці руху ад самага пачатку яго стварэння ў яе роднай баранавіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай, вельмі чакала сёлетняй сустрэчы з аднадумцамі; з тымі, хто імкнецца спрыяць духоўнаму адражэнню кожнага чалавека ў нашай краіне. Бог ёй дапамог прывесці да Касцёла дзяцей і ўнукаў, а таксама іншых людзей, сустрэтых на жыццёвым шляху.

«Цяпер у нас ёсць восем актыўных легіянераў і дзесяць дапаможных. Нават у апошні год, калі пачалася эпідэміі каранавірусу, наш прэзідыюм (маленькая група руху, якая налічвае ад 4 да 20 асоб) не спыняў працы. Таксама стараліся дапамагчы патрабуючым, дапамагалі падрыхтаваць людзей да шлюбу ці запрасіць ксяндза да хворых», — распавяла Марыя Курловіч.

Кульмінацыяй першага дня сустрэчы стаў Фацімскі Ружанец і святая Імша ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Фацімскай.

Сімвалічна, што сустрэча прыпала на 13-ы дзень месяца — асаблівы ўспамін Фацімскіх аб’яўленняў Маці Божай.

Падчас рэкалекцый у касцёле знаходзіліся копіі цудадзейных абразоў Багародзіцы з васьмі найбольш вядомых Марыйных санктуарыяў Беларусі, якія ў сярэдзіне чэрвеня на аўтамабілях пілігрымавалі ўздоўж межаў нашай краіны.

Для ўдзельнікаў рэкалекцый, як яны самі заўважалі, магчымасць малітвы перад абразамі Нябеснай Заступніцы «Легіёна Марыі» дазволіла глыбей адчуць Яе прысутнасць.

Копіі цудадзейных абразоў працягваюць сваю перэгрынацыю па касцёлах нашай краіны. Наступная святыня, у якой вернікі змогуць перад імі памаліцца, стане санктуарый Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе, дзе 20–21 жніўня пройдуць традыцыйныя ўрачыстасці ў гонар Багародзіцы.

Абноўлена 17.08.2021 10:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.