У нядзелю 1 жніўня вернікі парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Браславе падзякавалі Богу і ксяндзу Адаму Квяткоўскаму, сальватарыяніну, за яго шматгадовае служэнне ў Беларусі.
Як адзначаецца на сайце санктуарыя Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе Waladarka.by, амаль 15 гадоў жыцця святар прысвяціў абвяшчэнню Божага слова ў нашай краіне, а цяпер вяртаецца на радзіму, у Польшчу.
Ксёндз Адам Квяткоўскі SDS нарадзіўся ў дзень Божага Нараджэння, 25 снежня 1967 года, у польскім горадзе Глушыца, што непадалёк ад мяжы з Чэхіяй. Пасля заканчэння базавай школы Адам Квяткоўскі вучыўся ў тэхнікуме на энергетыка, а ў 1987 годзе паступіў у навіцыят законніцкай супольнасці ксяндзоў сальватарыянаў. Праз год, пасля прынясення манскіх абяцанняў, распачаў вучобу ў Вышэйшай духоўнай семінарыі сальватарыянаў у Багне. 28 мая 1994 года прыняў святарскае пасвячэнне.
Служэнне ў Беларусі ксёндз Адам распачаў 16 жніўня 2006 года, прыехаўшы працаваць у Браслаў.
З 2013 па 2016 год святар быў пробашчам у віцебскай парафіі Святога Духа. З 2016 года па 2021 зноў нёс служэнне ў браслаўскім санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў. Тут ксёндз Адам асабліва шмат часу прысвячаў малітве з парафіяльнымі супольнасцямі, душпастырству хворых і самотных людзей.
«Жыццё адкрывае мне сутнасць маёй святарствай паслугі: на пачатку святарства займаўся з дзецьмі, з міністрантамі, пазней Бог паказаў неабходнасць дапамогі хворым і церпячым.
Лічу, што святар павінен быць блізкім другому чалавеку, быць даступным на просьбы іншых людзей аб сакрамэнтальнай паслузе. Святар павінен маліцца разам з людзьмі», — разважаў ксёндз Адам Квяткоўскі напярэдадні 25-годдзя святарства.
За ўсе добрыя справы і духоўнае кіраўніцтва дзякавалі ксяндзу Адаму многія вернікі, прадстаўнікі парафіяльных груп і духоўныя асобы.
«Хачу падзякаваць табе за ўсё. Таму што, як чулі ў словах удзячнасці ад парафіянаў, твая паслуга тут прынесла добрыя плады, — звярнуўся да ксяндза Адама яго сабрат, пробашч браслаўскай парафіі ксёндз Станіслаў Мжыглуд SDS. —
Пан Бог блаславіў твой шлях служэння ў гэтай краіне, у гэтай парафіі, таму хочам дзякаваць Богу за тое, што праз твае рукі Ён зрабіў для сваіх дзяцей у гэтай парафіі».
Наступным месцам служэння ксяндза Адама Квяткоўскага стане Душпастырскі цэнтр Маці Божай Вастрабрамскай у Кракаўскай архідыяцэзіі ў Польшчы.
Беларускія вернікі ўдзячныя ксяндзу Адаму за прыклад шчырай веры і адкрытага сэрца. Яны жадаюць святару Божага бласлаўлення ў далейшай пастырскай паслузе.