Пошук

21.07.2021 21:33   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

21 ліпеня, у дзясятую гадавіна смерці кардынала Казіміра Свёнтка, у Мінску адбылася святая Імша аб вечным жыцці для спачылага іерарха, а таксама вечарына арганнай музыкі ў яго памяць.

Заслугі нязломнага Сведкі веры, які пранёс яе праз цяжкі перыяд савецкіх ганенняў і дзесяцігоддзе ў нялюдскіх умовах сталінскага ГУЛАГу, былі прызнаныя Касцёлам, адзначаны шматлікімі замежнымі ўзнагародамі і жывуць у памяці ўдзячных вернікаў Касцёла ў Беларусі.

У дзень адыходу ў вечнасць першага і адзінага ў сучаснай гісторыі нашай краіны кардынала ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

30 гадоў таму гэты заслужаны іерарх удзяліў Казіміру Свёнтку біскупскае пасвячэнне, у 2007 годзе прыйшоў яму на змену на пасадзе арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, а ў 2011, незадоўга да смерці кардынала, прыняў ад яго эстафету Апостальскага адміністратара Пінскай дыяцэзіі.

Разам з арцыпастырам Эўхарыстыю за супакой душы былога арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага і Апостальскага адміністратара Пінскай дыяцэзіі цэлебравалі пробашч парафіі святога Юзафа ў Маладзечне ксёндз прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, пробашч мінскай катэдральна парафіі ксёндз канонік Антоній Клімантовіч і куратар першага курса духоўных семінарый у Гродне і Пінску ксёндз Павел Эйсмант. Да сабраных у касцёле вернікаў духоўна далучыліся яшчэ некалькі соцень, якія ўдзельнічалі ў цэлебрацыі з дапамогай прамой трансляцыі на партале Catholic.by.

У прамоўленым на Імшы Божым слове заслужаны іерарх вызначыў галоўную рысу Сведкі веры і жывога мучаніка кардынала Казіміра Свёнтка — «не баяцца зла, бо з намі Бог».

«Кардынал Свёнтэк ужо пры жыцці стаў легендай. Нягледзячы на ганенні на Касцёл і трагічныя падзеі свайго жыцыця, ён ніколі не траціў надзеі, нават насуперак надзеі», — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Ён нагадаў, што Казімір Свёнтэк, які нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Эстоніі, усё сваё жыццё звязаў з беларускай зямлёй і прысвяціў яго абвяшчэнню Евангелля, адраджэнню Касцёла і яго ўмацаванню.

«Гэта быў складаны час. Яму давялося ажно двойчы прайсці праз камеру смерці і адбыць доўгія дзесяць гадоў сталінскіх лагераў.

Калі яго вызвалялі, то на пытанне начальніка лагера, як магло стацца, што, двойчы асуджаны на смерць і прайшоўшы праз пекла ГУЛАГу, ён застаўся жывым, ксёндз Казімір Свёнтэк адказаў: „Так хацеў Бог“», — адзначыў арцыбіскуп.

На яго думку, у гэтых словах крыецца таямніца кардынала Свёнтка, а менавіта яго абсалютны давер Богу.

«Не было лёгка падчас зняволення, не было лёгка і на свабодзе ў часы ваяўнічага атэізму. Трэба было бараніць веру, катэхізаваць дзяцей і моладзь, аднаўляць касцёлы, клапаціцца пра новыя пакліканні… Усё гэта трэба было рабіць у часы духоўнага Чарнобылю. Але ксёндз Казімір Свёнтэк, як і іншыя нешматлікія ў той час святары, трываў з надзеяй на лепшыя часы свабоды веравызнання. І гэтая надзея яго не падманула», — сцвердзіў арцыпастыр.

Ён дадаў, што напрыканцы 80-х і на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя прыйшоў час адраджэння, у якім Казімір Свёнтэк адыграў далёка не апошнюю ролю. Заслужаны іерарх адзначыў, што сярод прыярытэтаў служэння яго папярэдніка на пасадзе арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага і Апостальскага адміністратара Пінскай дыяцэзіі былі адбудова катэдры ў Мінску, духоўнай семінарыі ў Пінску, будаўніцтва новых касцёлаў, арганізацыя сучаснага душпастырства, развіццё касцёльных СМІ і многае іншае.

«Як жывы мучанік і сапраўдны Сведка веры, кардынал Казімір Свёнтэк заслужана карыстаўся павагай не толькі ў Беларусі, але таксама далёка за яе межамі. Сведчанне яго незвычайнага жыцця было новым абвяшчэннем Евангелля ў секулярным свеце. Будучы высокім іерархам Касцёла, Казімір Свёнтэк у жыцці заставаўся вельмі простым і надзвычай сціплым чалавекам. Ён любіў здаровы гумар, свяціўся радасцю святарства і адзначаўся адкрытасцю падчас сустрэч з людзьмі, незалежна ад іх статусу», — такім запомніўся спачылы кардынал арцыбіскупу Кандрусевічу і ўсім тым, каму пашчасціла ведаць яго асабіста.

Асобна арцыпастыр падкрэсліў клопат першага і адзінага ў сучаснай гісторыі Беларусі кардынала пра духоўнае здароў’е нацыі. «Ён сам нястомна чуваў і іншых таксама заклікаў да чування, бо лепш за іншых ведаў, што наша айчына не на зямлі, а ў нябёсах», — адзначыў арцыбіскуп. На заканчэнне гаміліі ён сказаў:

«Дзесяць гадоў таму не стала кардынала Свёнтка, але прыклад яго жыцця, сведчання і вучэння не можа застацца толькі ў „рэлікварыі“ ўспамінаў. Яго гісторыя павінна надалей вучыць нас любіць Бога і бліжняга, быць моцнымі верай і хрысціянскім сведчаннем, мець надзею ў кожнай сітуацыі <…>

У наш складаны час неабходна жыць гэтымі вышэйшымі ідэаламі, каб шляхам любові да бліжняга, узаемапавагі, прабачэння і міласэрнасці вырашаць складаныя праблемы сучаснасці, будаваць масты, а не сцены, шукаць шляхоў прымірэння. Гэтаму прысвяціў сваё жыццё святой памяці кардынал Казімір Свёнтак. Гэта яго запавет нам, ягоным нашчадкам», — сцвердзіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Пасля Імшы ў архікатэдры адбылася вечарына арганнай музыкі памяці спачылага кардынала Казіміра Свёнтка. Менавіта яго намаганнямі была адноўлена галоўная святыня беларускай сталіцы, і ў ёй з’явіўся выдатны арган, на якім у гэты вечар гучалі творы Ёгана Себасцьяна Баха, Мікаэла Тарывердзіева і Луі В’ерна ў выкананні лаўрэата міжнародных конкурсаў Кацярыны Нікалаевай.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа