Пошук

21.07.2021 14:46   Catholic.by
Альжбета з Радзівілаў Тамашэўская. Фота: nv-online.info

20 ліпеня на 104-м годзе жыцця адышла ў вечнасць Альжбета з Радзівілаў Тамашэўская — апошняя асоба славутага княскага роду, якая жыла ў нясвіжскім палацы Радзівілаў.

Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Facebook прадстаўнік роду Мацей Радзівіл.

«Пайшла з жыцця незвычайная асоба. Сведка некалькіх эпох. Апошняя асоба, для якой замак Радзівілаў у Нясвіжы быў проста домам. Няхай адпачывае ў супакоі», — напісаў Мацей Радзівіл.

Пробашч парафіі Божага Цела ў Нясвіжы ксёндз Пётр Шарко паведаміў Catholic.by, што сама спачылая выказвала пры жыцці волю, каб яе парэшткі былі пахаваныя ў фамільнай крыпце Радзівілаў у нясвіжскім касцёле Божага Цела, якая існуе ўжо 400 гадоў, і дзе пахаваны яе бацька.

«Я сёння размаўляў па тэлефоне з пляменнікам памерлай  Альжбеты Мацеем Радзівілам, і ён сказаў, што сёння ўвечары збярэцца сямейная рада для абмеркавання часу і месца пахавання спачылай. Гэта перадусім сямейная справа прадстаўнікоў роду: у Альжбеты, акрамя іншых родзічаў, застаўся сын», — дадаў святар, які не выключае магчымасці пахавання дачкі апошняга ўладальніка Нясвіжа ў крыпце касцёла.

  • Святая Імша за спачылую Альжбету з Радзівілаў Тамашэўскую адбудзецца ў касцёле Божага Цела ў Нясвіжы ў аўторак, 27 ліпеня, а 18-й гадзіне.
Альжбета Радзівіл у нясвіжскім касцёле Божага Цела. Фота: belarus.by

Альжбета Радзівіл нарадзілася 17 лістапада 1917 года ў сям’і апошняга ўладальніка Нясвіжа князя Альбрэхта Радзівіла і англічанкі Дораці Паркер Дыкан. Пасля разводу бацькоў яна жыла з маці ў Лондане, але час ад часу прыязджала ў Нясвіж, у апошні раз — у 1935 годзе.

У 1993 годзе яна зноў наведала Беларусь, а ў 2009 разам з іншымі прадстаўнікамі роду радзівілаў здзейсніла неафіцыйны візіт у краіну.

Як зазначае Тelegraf.by, сама Альжбета Радзівіл казала, што, калі б яе сям’ю не выгналі з Беларусі ў 1939 годзе бальшавікі, яна цяпер бы размаўляла на беларускай мове, як рабіў гэта яе тата з жыхарамі Нясвіжа.

Нашчадка славутага роду дала некалькі каштоўных парад падчас рэстаўрацыі Нясвіжскага замку пасля пажару на пачатку 2000-х.

Радзівілы — магнацкі род Вялікага Княства Літоўскага, прадстаўнікі якога ў XV–XVIII стагоддзях займалі вышэйшыя пасады ў дзяржаве і Касцёле. Ужо да сярэдзіны XVI стагоддзя Радзівілам у Беларусі належалі Давыд-Гарадок, Клецк, Койданава, Копысь, Мір, Нясвіж, Чарнаўчыцы, Шчучын і мноства іншых населеных пунктаў.

Абноўлена 21.07.2021 23:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа