Пошук

03.06.2018 00:41   Тэкст: Соф’я Любанец / Фота: с. Яніна Жукоўская MChR / Catholic.by

2 чэрвеня ў Нясвіжы пры вялікім сцячэнні мясцовых вернікаў і гасцей адбылася ўрачыстасць з нагоды 425-годдзя пабудовы ў гэтай старажытнай рэзідэнцыі князёў Радзівілаў касцёла Божага Цела. Яе ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Вернікі нясвіжскай парафіі на чале з пробашчам кс. канонікам Пятром Шарко вітаюць арцыпастыра

Ва ўрачыстасці бралі ўдзел таксама святары, звязаныя з нясвіжскай святыняй і парафіяй. Пачэснымі гасцямі святочнай Імшы сталі першы дарадца амбасады Рэспублікі Польшча ў Мінску Марцін Вайцяхоўскі і князі Мікалай і Мацей Радзівілы.

Іх продак — Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка — стаў фундатарам пабудовы нясвіжскага касцёла, даверыўшы гэтую адказную справу італьянскаму архітэктару езуіту Яну Марыі Бернардоні.

Касцёл Божага Цела ў Нясвіжы стаў паменшанай копіяй рымскага храма Іль-Джэзу — галоўнай святыні ордэна Езуітаў, — але перадусім важна тое што ён стаў непахіснаю цвярдыняю веры і месцам сустрэчы чалавека з Богам, — адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

І сапраўды, на працягу сваёй 425-гадовай гісторыі гэтая святыня ніколі не зачынялася, перажыўшы і савецкія часы атэізацыі, і Другую сусветную вайну, калі ў купал базылікі трапіў снарад. Святыня тады была ўратавана дзякуючы намаганням ксяндза Гжэгажа Каласоўскага, якому пазней было прысвоена званне Ганаровага жыхара Нясвіжа.

Усё гэта ўзгадвалася на ўрачыстасці, якую адразу пасля св. Імшы працягнула эўхарыстычная працэсія па вуліцах Нясвіжа. Яе ўдзельнікі каля кожнага з чатырох спецыяльна падрыхтаваных алтароў малілі Бога аб літасці да нашага горада і ўсіх яго жыхароў.

Працэсія завяршылася агульнай малітвай у святыні, ад якой і пачалася. А тыя, хто зрабіў асаблівы ўнёсак у справу адраджэння касцёла і плябаніі  — прадстаўнікі мясцовай улады, рэстаўратары і проста парафіяне — атрымалі Ганаровыя граматы і Падзячныя лісты ад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

   

 

Абноўлена 04.06.2018 15:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.