Увечары 17 ліпеня ў межах урачыстасцяў Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі прайшло набажэнства Крыжовага шляху, у якім узялі ўдзел сотні вернікаў.
Гэтае пакутнае набажэнства на самай вялікай Кальварыі ў нашай краіне, маршрут якой складае каля трох з паловай кіламетраў, за апошнія гады стала неадменнай часткай Гудагайскага фэсту.
Сёлета на чале Крыжовага шляху прайшоў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. За пастырам па моцна перасечанай мясцовасці ішлі вернікі рознага ўзросту: старэйшыя асобы, людзі сярэдняга ўзросту, моладзь і дзеці, некаторыя — цэлымі сем’ямі.
Тых, каму на шляху даводзілася найцяжэй, падтрымлівалі іншыя, а хтосьці нават ішоў усю дарогу басанож па калючым іржышчы, мулкіх камянях і жорсткай гліцы…
Перажываць набажэнства дапамагалі шчымлівыя разважанні: гісторыі розных людзей, якія сустрэліся са Збаўцам на Яго апошнім зямным шляху. Кожны ўдзельнік Крыжовага шляху таксама меў магчымасць сустрэць Хрыста ў глыбокай асабістай малітве і нават адчуць Яго міласэрны дотык у сакрамэнце пакаяння і паяднання дзякуючы паслузе святароў, якія замыкалі шэсце.
Набажэнства завяршылася каля апошняй стацыі на парафіяльных могілках традыцыйнай малітвай за памерлых «Анёл Панскі» і благаслаўленнем, якое ўдзяліў усім прысутным біскуп Алег Буткевіч.
Прапануем адчуць незвычайную атмсферу Крыжовага шляху на Гудагайскай кальварыі ў фотарэпартажы спецыяльнага карэспандэнта Catholic.by Ірэны Ахрамовіч.