Пошук

14.07.2021 16:11   Тэкст: Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

У касцёле святога Францішка Асізскага ў Новай Баравой, што пад Мінскам, 12 ліпеня завяршыў сваю працу Трэці чарговы Капітул Кустодыі Беларусі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў.

Цэнтральнай падзеяй апошняга дня агульнага сходу беларускіх капуцынаў стала святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Заслужаны іерарх шчыра павіншаваў новаабранае кіраўніцтва Кустодыі і папрасіў беларускіх капуцынаў не спыняцца ў абвяшчэнні закліку святога Францішка Асізскага «Супакой і Дабро». Арцыбіскуп выказаў надзею на тое, што гэтыя словы будуць гучаць у нашых сэрцах, у нашых касцёлах і ў нашым грамадстве.

Арцыпастыр адзначаў, што Кустодыя Беларусі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў за апошнія десяцігоддзі не толькі адрадзілася пасля трох пакаленняў ганенняў, але і ўмацавалася:

«Яна стала найбольшай манаскай супольнасцю ў нашай краіне. Яе члены паспяхова служаць як у сваёй братняй супольнасці, так і ў розных парафіях і дыяцэзіяльных структурах, такіх як Касцёльны суд і Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі», — адзначыў іерарх, заклікаўшы новага кусташа брата Андрэя Букштана OFMCap не баяцца цяжкасцяў і спрыяць далейшыму ўмацаванню і развіццю Кустодыі.

«Сёння беларускія капуцыны распачынаюць пісаць новую старонку сваёй гісторыі ў нашай Бацькаўшчыне. Будучы меншымі братамі, сваёй францішканскай харызмай, у якой цнота пакоры займае асаблівае месца, так фармуйце ганарлівага чалавека ХХІ стагоддзя, каб ён перад абліччам Нябеснага Айца быў „меншым“ і „простым дзіцем“, якому Бог адкрывае таямніцы свайго Валадарства. Няхай дзякуючы вашаму служэнню гэтая таямніца стане набыткам нашага народа», — сказаў на заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Падчас заключных пасяджэнняў капітула браты падзяліліся радасцямі і цяжкасцямі штодзённага жыцця супольнасцяў.

Былі таксама сфармуляваны асноўныя напрамкі дзейнасці Кустодыі на бліжэйшае трохгоддзе. Капуцыны выразілі радасць і ўдзячнасць Богу за магчымасць супольнай цэлебрацыі братэрства ў гэтыя дні.

 

Абноўлена 14.07.2021 16:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.