12 ліпеня ў касцёле святога Францішка Асізскага ў Новай Баравой, што пад Мінскам, святой Імшой распачаўся Трэці чарговы капітул Кустодыі Беларусі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў.
Капітул — агульны сход братоў мясцовай супольнасці ордэна для вырашэння надзённых задач жыцця і дзейнасці.
Госцем Капітула стаў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч, які ўзначаліў цэлебрацыю Эўхарыстыі.
Сабраных на Капітул братоў прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне заахвоціў заставацца вернымі сваёй харызме, каб з прастатою святога Францішка Асізскага яны былі блізкімі да людзей, асабліва да тых, якія пакутуюць.
Браты ў гэты дзень падзялілі з нунцыем радасць з нагоды 29-й гадавіны яго прэзбітэрскага пасвячэння.
У капітуле ўдзельнічаюць усе браты пасля вечных шлюбаў, якім спадарожнічаюць таксама некалькі братоў з пачатковай фармацыі. Падчас чарговага капітула браты падвядуць вынікі жыцця і дзейнасці за апошнія тры гады. Адбудуцца выбары новага кусташа і двух раднікаў на чарговае трохгоддзе. Капітул таксама вызначыць пэўныя кірункі ў духоўным і пастырскім жыцці супольнасці на бліжэйшы час.
Сёння ў Беларусі капуцыны сабраныя ў шасці супольнасцях, а таксама некаторыя браты з Кустодыі Беларусі жывуць і служаць за мяжой (Грузія і Літва).
У гэты асаблівы для супольнасці капуцынаў у Беларусі час працы Капітула браты просяць аб малітоўнай падтрымцы.