29 чэрвеня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў парафію Божага Цела ў Нясвіжы, дзе з нагоды ўрачыстасці святых апосталаў Пятра і Паўла ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы.
На пачатку Эўхарыстыі заслужаны іерарх павіншаваў пробашча тутэйшай парафіі Божага Цела і дэкана Нясвіжскага ксяндза каноніка Пятра Шарко з імянінамі. Арцыпастыр падзякаваў святару за руплівае душпастырскае служэнне ў колішняй рэзідэнцыі славутага магнацкага роду Радзівілаў, за аднаўленне гістарычнага касцёла Божага Цела і аднаўленне душ людзей, каб былі моцнымі ў веры і па прыкладу святых Пятра і Паўла яе мужна вызнавалі, абаранялі і сваім хрысціянскім сведчаннем абвяшчалі. Арцыбіскуп пажадаў імянінніку Божай моцы і поспехаў у далейшым служэнні.
У прамоўленым Божым слове іерарх нагадаў гісторыю святых апосталаў Пятра і Паўла, адзначыўшы, што кожны з іх адыграў важную ролю ў станаўленні і развіцці хрысціянства.
«Пётр быў першым Папам і сваім вучэннем і прыкладам падтрымліваў адзіны Касцёл, які пачаў вельмі хутка распаўсюджвацца і ўзрастаць пасля Пяцідзесятніцы. На пачатку гэта быў Касцёл, які складаўся з габрэяў.
Святы Павел змяніў яго нацыянальны склад. Ён добра разумеў, што Хрыстус — Збаўца ўсіх людзей, а не нейкага аднаго народа, і таму пачаў прапаведаваць Яго язычнікам. Паўлава абвяшчэнне Евангелля было вельмі паспяховым, і шмат людзей рознага паходжання дзякуючы яму прынялі хрысціянства», — падкрэсліў арцыбіскуп.
Ён дадаў, што, нягледзячы на адрозненні апосталаў паміж сабою і іх чалавечую недасканаласць, Бог іх абодвух паклікаў да аднаго задання — будавання Касцёла.
«Іх прыклад нагадвае нам, што нашы таленты і нават слабасці таксама могуць стаць Божым сродкам дапамогі іншым, калі мы дазволім Богу іх выкарыстаць. Мы не абавязкова павінны быць ідэальнымі, каб Бог дзейнічаў праз нас. Бог можа выкарыстаць нашыя недасканаласці таксама, як гэта адбылося з Пятром і Паўлам», — заўважыў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Узгадаўшы пра часы ганенняў на веру, арцыпастыр назваў людзей, якія яе захавалі і перадалі наступным пакаленням, «Пятрамі свайго часу». Ён прапанаваў прысутным паразважаць над пытаннямі: «А як мы з вамі? Ці мы ў часы свабоды веравызнання жывём верай? Ці сведчым пра яе ў нашым штодзённым жыцці? Ці абараняем? Ці абвяшчаем словам, малітвай і прыкладам хрысціянскага жыцця?
<…>
На гэтыя і падобныя пытанні мы павінны даць адказ. Ад яго будзе залежаць наша сучаснасць і будучыня», — сказаў на заканчэнне гаміліі арцыпастыр.
Пасля Імшы вернікі нясвіжскай парафіі павіншавалі свайго пробашча і падзякавалі яму за руплівае служэнне.