Пошук

22.06.2021 09:29   Тэкст: Марына Раманчук, Мікола Гракаў / Фота: Марына Раманчук / Catholic.by

У суботу 19 чэрвеня ў касцёле святога Міхала Арханёла ў Навагрудку адбылося асвяэчнне адноўленага алтара Святога Крыжа, які разам з іншымі элементамі святыні быў знішчаны бальшавікамі пасля Другой сусветнай вайны.

Цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы з гэтай нагоды ў адноўленай навагрудскай святыні ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У прамоўленым Божым слове арцыпастыр засяродзіўся на значэнні крыжовай ахвяры Хрыста, якой асаблівым чынам быў прысвечаны барочны алтар XVII стагоддзя ў касцёле святога Міхала. Параўнаўшы пасвячэнне алтара, які акрапляецца вадой, намашчаецца алеем а потым становіцца месцам здзяйснення Эўхарыстыі, з сакрамэнтамі хрысціянскай ініцыяцыі чалавека, іерарх падкрэсліў сувязь чалавека з Богам праз бачныя знакі. Ён адзначыў, што падчас святой Імшы алтар становіцца сімвалам Хрыста, які стаў адначасова святаром, алтаром і ахвярай адкуплення чалавека.

«Алтар — гэта знак Хрыста. Гэта Ягоны Крыж, на якім Ён ахвяруе сябе за нашыя грахі. Гэта Яго пустая магіла і Яго ўваскрасенне. Тут цэлебруецца Эўхарыстыя — дасканалая ахвяра, падчас якой мы абвяшчаем смерць Езуса, вызнаём Яго ўваскрасенне і чакаем Яго прыйсця ў хвале. Алтар аб’ядноўвае нас. Мы падыходзім да яго, каб прыняць святую Камунію і атрымаць благаслаўленне», — сказаў арцыпастыр, дадаўшы, што свету вельмі патрэбныя такія месцы.

Назваўшы бальшавіцкую рэвалюцыю 1917 года «патопам» ганенняў на Касцёл, іерарх нагадаў, што ў выніку гэтай грамадскай катастрофы шмат каталіцкіх і праваслаўных святароў апынулася ў лагерах.

«Але і там яны патаемна цэлебравалі Эўхарыстыю. У зняволенні алтаром часта былі нары. Але нават такі алтар быў ім патрэбны, каб вытрываць, не страціць надзеі і будаваць новае жыццё, — сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч. — Сёння наша краіна перажывае патоп пандэміі каранавірусу, маральнага і грамадска-палітычнага крызісаў. Для іх пераадолення неабходна чэрпаць сілы з духоўнай крыніцы — Эўхарыстыі, якая здзяйсняецца на алтары.

Таму нам неабходна як мага часцей набліжацца да алтара, на якім нараджаецца і адорвае нас сваёй ласкай Хрыстус, каб мы былі здольнымі несці крыж нашага жыцця і з надзеяй ішлі ў будучыню з мэтай не патануць у грахоўных патопах сучаснасці», — заахвоціў арцыпастыр.

Пасля святой Імшы перад касцёлам адбылося адкрыццё выставы пад назвай «Храмы Радзімы» мастака Анатоля Наліваева, якога мастацтвазнаўцы часам называюць «Напалеонам Ордай ХХ стагоддзя».

Экспазіцыя складаецца з 78-і мастацкіх твораў, на якіх выяўлены як захаваныя, так і страчаныя касцёлы з усёй Беларусі і нашага Віленскага краю.

Удзельнікаў мерапрыемства прывітаў пробашч парафіі святога Міхала Арханёла ксёндз Юрый Жэгарын, які адзначыў, што Каталіцкі Касцёл заўсёды падтрымліваў культуру і мастацтва. З кароткімі прамовамі да прысутных звярнуліся арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, прадстаўнік сям’і Наліваевых і мастацтвазнаўца з Мінска Ларыса Міхневіч. Чырвоную стужку перарэзалі арцыбіскуп Кандрусевіч і сябра мастака Юрый Пташынскі.

Выставу маюць магчымасць наведаць усе ахвотныя.

Абноўлена 22.06.2021 09:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця