Пошук

10.06.2021 17:38   Надзея Радзевіч / Catholic.by

Незвычайная фотавыстава, прысвечаная малітоўнікам, праходзіць у чэрвені ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа, што знаходзіцца на Кальварыйскіх могілках. На ёй прадстаўлены здымкі фатографаў рознага ўзросту і з розных парафій Беларусі.

Свой малітоўнік мае, бадай што, кожны вернік. Ад частага карыстання старонкі ў ім становяцця патрапаныя, з’яўляюцца падкрэсленыя словы; часцяком гаспадар укладае ў малітоўнік абразікі, запісаныя ад рукі малітвы. Такія кніжачкі набываюць асабліваю каштоўнасть, становяцца сведкамі развіцця адносін паміж чалавекам і Панам, часта пераходзяць ад бацькоў дзецям, ад бабуль і дзядуляў — унукам.

Некаторыя малітоўнікі — сапраўдныя сямейныя рэліквіі, з якімі звязаныя цэлыя гісторыі.

Вось што распавядаюць удзельнікі выставы.

 

Лізавета Зялёнка, 9 гадоў (парафія Святога Яна Евангелiста i Святога Максiмiльяна Кольбэ, г. Мінск):

— Малiтоўнiкi на здымку належаць маёй бабулi, якая расказала мне наступную гiсторыю. Малiтоўнiкi ей дасталiся ад яе бабулi Ганны Мiшкевiч, 1919 года нараджэння, i дзядулi Франка Мiшкевiча, 1916 года нараджэння, якiя жылi ў вёсцы Хатава Мiнскай вобласцi.

Некаторым малiтоўнiкам больш за сто гадоў!

Дзядуля Франак Мiшкевiч спяваў у касцёльным хоры і кожную нядзелю хадзiў у касцёл, якi знаходзiўся за 17 кiламетраў — у вёсцы Дзераўная. У той час улады забаранялi хадзiць да касцёла. Бабуля апавядала, што яе аднакласнiкi смяялiся з яе за тое, што яна разам з дзедам Франкам хадзiла на Імшу.

Дзед вучыў унукаў пацерам i, як кажа мая бабуля, «давёў» iх да першай споведзi. Ён быў добрым хрысцiянiнам, вучыў, як трэба працаваць, шанаваць i любiць іншых. Франак Мiшкевiч вельмi шанаваў малiтоўнiкi, бо сярод iх есць тыя, што дасталiся яму ад яго бацькоў.

А пра Ганну Мiшкевiч мне расказала мая матуля. У дзяцінстве, калi яна прыязджала на канiкулы, то называла яе «бабуня» i запамятала яе з ружанцам у руках i малiтоўнiкам.

А яшчэ бабуля сказала, што потым гэтыя малiтоўнiкi перадасць мне. Атрымлiваецца, што я буду чацвёртым пакаленнем, якое будзе карыстацца iмi.

 

Злата Коўш, 9 гадоў (парафія Узвышэння Святога Крыжа, г. Мінск):

— У нашай сям’і вельмі адказна ставяцца да захавання традыцый і памяці продкаў.

Маміна бабуля нарадзілася ў вёсцы Маляўкі. Цяпер гэта вуліца ў Мінску.

Людзі ў Маляўках жылі вельмі дружна, дапамагалі адзін аднаму, разам ездзілі ў касцёл у нядзелю і па святах.

Нягледзячы на тое, што ад былой вёскі цяпер засталіся толькі два дамы — астатнія былі знесены, — вернікам удалося захаваць прыдарожны крыж, які спрадвеку стаяў у Маляўках. Крыж і цяпер можна ўбачыць на той вуліцы!

Мама хоча напісаць гісторыю гэтай вёскі і збірае апавяданні людзей, якія памятаюць, як жылі ў Маляўках раней, на якой мове гаварылі, якіх звычаяў трымаліся.

Аднойчы пасля такой размовы наша сваячка цёця Рыта падарыла маме старую кнігу, якая называецца «Аб перайманні Хрыста». У ёй аўтар распавядае, як дасягнуць шчасця дзякуючы ласцы і дапамозе Пана. Кніга належала некалькім пакаленням продкаў цёці Рыты, якія таксама жылі ў Маляўках.

Мяркую, што і мае продкі ў свой час чыталі падобную кнігу. Бо ў Маляўках прынята было дзяліцца з суседзямі ўсім. А тым больш кнігай пра тое, як пазнаваць Пана.

Гэтая кніга аб’ядноўвае нас з нашымі продкамі!

 

Міраслаў Якубоўскі, 9 гадоў (парафія Узвышэння Святога Крыжа, г. Мінск):

— Я — міністрант і дапамагаю ксяндзу Андрэю Сіповічу, пробашчу нашай парафіі, цэлебраваць святую Імшу.

Я добра вывучыў парадак святой Імшы і часта праводжу падобную цырымонію дома. Я надзяваю белую касцёльную вопратку, запальваю свечку, стаўлю на стол крыж. Запрашаю маіх маму і тату, братоў. Мы разам молімся.

Я вяду цырымонію па кнізе «Святая Імша».

Гэтую кнігу мне падаравала пані Сафія, якая нясе служэнне ў нашым касцёле: я часцяком зазіраю да яе ў акенца парафіяльнага кіёска і разглядаю рэчы, якія там прадаюцца.

Мабыць, пані Сафія ўхваляе маё зацікаўленне і вырашыла такім чынам падтрымаць мяне.

Цяпер «Святая Імша» стала галоўнай кнігай у нашым доме.

 

Свае малітоўнікі на выставу прадставіла і спадарыня Браніслава з вёскі Дзераўная Стаўбцоўскага раёна (парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі). Вось што яна распавядае:

— У часы майго дзяцінства, у 50-я гады мінулага стагоддзя, малітоўнікаў засталося вельмі мала: гэта было вынікам барацьбы з рэлігіяй, якую вялі ў Савецкім Саюзе.

Але людзі старэйшага пакалення добра ведалі малітвы напамяць, у некаторых яны былі запісаныя ад рукі ў сшытках. Малітвы перадаваліся з вуснаў у вусны, ад бацькоў — дзецям. Так і захоўваліся.

На пачатку 90-х гадоў нарэшце з’явілася магчымасць свабодна купіць малітоўнікі альбо прывезці з-за мяжы. Мы адразу ж набылі. І на польскай, і, як толькі з’явіліся, на беларускай мове.

 

На жаль, не заўсёды тое, што было дорага папярэднім пакаленням, запатрабавана іх нашчадкамі. Вось якую гісторыю распавядае ўдзельнік выставы ксёндз Андрэй Фёдараў, пробашч парафіі Маці Божай Міласэрнасці ў горадзе Беразіно:

— У мяне сабралася невялікая бібліятэка з малітоўнікаў і рэлігійных кніг, якія людзі прыносяць у касцёл пасля смерці бабуль-дзядуляў.

Дзецям і ўнукам яны аказваюцца непатрэбныя. Некаторыя малітоўнікі мне проста падкінулі на ганак касцёла.

Добра, што людзі наогул не выкінулі іх ў сметніцу, а прынеслі ксяндзу.

Дык чым жа такія каштоўныя для нас сямейныя малітоўнікі? Што могуць нам распаваесці іх пажоўклыя старонкі? Для чаго іх берагчы і перадаваць дзецям і ўнукам?

Пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ксёндз Андрэй Сіповіч мяркуе, што гэта выстава можа стаць добрай нагодай, каб зазірнуць у гісторыю веры нашых сям’яў, у гісторыю веры нашых продкаў:

— У сваім служэнні я аднойчы пазнаёміўся з сям’ёй, у якой ужо 170 гадоў захоўваецца і перадаецца ад бацькоў дзецям абраз Сэрца Езуса. Гэта сарпраўды цудоўнае сведчанне веры!

І важна, калі мы цяпер глядзім на малітоўнікі ці абразы, каб мы вучыліся захоўваць гэтыя рэчы і дзякаваць Богу за дар веры, які нашыя продкі пакінулі і перадалі нам.

Куратар выставы: Надзея Коўш

Выстава праходзіць да 14 чэрвеня ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа па адрасе: г. Мінск, Кальварыйскі праезд, 1 (на тэрыторыі Кальварыйскіх могілак).

Абноўлена 11.06.2021 10:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.