Пошук

02.06.2021 22:34   Паводле: с. Дар’я Галубкова OV / Catholicnews.by

29 мая ў Віцебскай катэдры прайшоў фінал ІІІ Дыяцэзіяльнага конкурсу на веданне Святога Пісання, у якім упершыню ўзялі ўдзел дзеці не толькі з парафій Віцебскай дыяцэзіі, але і Мінска Магілёўскай архідыяцэзіі.

Як паведамляе Catholicnews.by, усяго ў конкурсе ўдзельнічалі 47 дзяцей (26 з малодшай катэгорыі да 11 гадоў і 21 са старэйшай: 12–14 гадоў уключна) з 13-і парафій Віцебскай дыяцэзіі і з 5-і парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, дзякуючы чаму конкурс з дыяцэзіяльнага фактычна стаў міждыяцэзіяльным.

Удзельнікі рыхтаваліся да фіналу некалькі месяцаў: вывучалі кнігі Тобія і Евангелле паводле Мацвея, а таксама прайшлі два папярэднія этапы конкурсу.

У падрыхтоўцы дзецям актыўна дапамагалі бацькі і катэхеты. Яны таксама прыехалі падтрымаць іх у Віцебск. Дзяцей, бацькоў, катэхетаў і святароў на самым пачатку прывітаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які цэлебраваў святою Імшу ў інтэнцыі ўсіх удзельнікаў.

У прамоўленай гаміліі іерарх узгадаў словы святога Гераніма: «Хто не ведае Святога Пісання, той не ведае Хрыста». Ён адзначыў, што кожны, хто ўзяў удзел у гэтым конкурсе, ужо перамог, бо глыбей адкрыў для сябе Божае Слова і таму бліжэй пазнаў Хрыста. Біскуп заклікаў заўсёды з павагай ставіцца да тых людзей, якія вядуць нас да Бога і дапамагаюць у пазнаванні Божага Слова, а таксама рупіцца, каб Божая мудрасць няспынна была прысутна ў нашым жыцці. Бо той, хто ведае Хрыста, хто жыве Божым словам, ніколі не будзе асаромлены.

Пасля такіх натхнёных словаў і біскупскага благаслаўлення распачаўся сам конкурс камандным заданнем «Біблейскі алфавіт», дзякуючы якому дзеці змаглі пазнаёміцца і «разагрэцца» перад асноўнымі пытаннямі. Таксама і дарослыя атрымалі невялічкі тэст, у якім паказалі добрыя вынікі.

Пасля асноўных конкурсных заданняў у малодшай і старэйшай катэгорыях вылучылася па 7 чалавек з найбольшай колькасцю балаў. Яны змагаліся за прызавыя месцы, адказваючы на дадатковыя пытанні.

Многія ўдзельнікі паказалі выдатнае веданне выбраных кніг Святога Пісання, і нават скардзіліся, што пытанні былі надта лёгкімі.

Тым не менш, у кожным конкурсе ёсць свае пераможцы, і імі ў малодшай катэгорыі сталі Лідзія Мікуць, Ангеліна Маслякова і Аўрэлія Каралькова. У старэйшай катэгорыі перамаглі Паліна Бабаева, Яраслаў Цвірко і Кацярына Патапейка.

Не толькі пераможцы, але ўсе ўдзельнікі і іх катэхеты атрымалі дыпломы і падарункі, за якія арганізатары конкурсу ўдзячныя Caritas Лінц (Аўстрыя). Для ўсіх сабраных быў прыгатаваны смачны абед, пасля якога валанцёры правялі вясёлыя гульні і танцы.

Арганізатарам конкурсу, які сёлета прайшоў у Віцебскай дыяцэзіі ўжо ў трэці раз, з’яўляецца дыяцэзіяльнае дабрачыннае таварыства Caritas.

Абноўлена 02.06.2021 23:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.