Пошук

15.05.2021 08:43   Тэкст: Вераніка Раманенкава / Catholic.by

13 мая, ва ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана, у парафіі святога Францішка ў Мінску адбылася малітва за славутага спевака, легендарнага песняра Леаніда Барткевіча у 30-ы дзень пасля смерці.

Цэлебрацыю Імшы ўзначаліў брат Анатоль Ярошка OFMCap, дырэктар рэлігійнай місіі «Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Слова да вернікаў прамовіў брат Алег Шэнда OFMCap, кусташ Беларускай Кустодыі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў.

У сваёй прамове брат Алег падзяліўся ўспамінамі пра момант арганізацыі парафіі: пошуку парафіянаў, збірання подпісаў, фармавання супольнасці. Тады малады святар брат Алег хадзіў па вуліцах будучай парафіі і знаёміўся з людзьмі.

Пастукаў у адну з калітак — адчыніў Леанід Барткевіч. Размова была сціплая, двух простых людзей: «Я ваш святар», — паведаміў брат Алег. «А я католік», — прагучала ў адказ.

У выніку кароткай размовы стала зразумела, што Леанід Барткевіч веруючы чалавек, які ведае каштоўнасць адносін з Богам. Леанід хутка далучыўся да парафіяльнага актыву, удзельнічаў у перамовах і адміністрацыйных працэдурах. Леанід Барткевіч атрымаў адукацыю ў галіне архітэктурнага майстэрства, таму і на справу з арганізацыяй парафіі глядзеў з перспектывай будаўніцтва святыні. Яго цікавіла, як будзе выглядваць Касцёл, чым будзе аздоблены.

Важным успамінам парафіяніна Леаніда было тое, што лёс знакамітага спевага складваўся яскрава, і на некаторы час яму давялося пераехаць жыць у Злучаныя Штаты Амерыкі. Але пасля вяртання на Радзіму Леанід Леанідавіч прышоў да касцёла ў мястэчку Краснае на Маладзечаншчыне, каб пацалаваць зямлю, дзе калісьці маленькім хлопчыкам знаёміўся з духоўнымі каштоўнасцямі. Менавіта туды клікала сэрца, там быў спакой і ўпэўненасць. Не ў зорках сцэнічных сафітаў, не ў гучных воклічах фанатаў, не ў славе і сусветнай вядомасці, не ў багацці і раскошы; супакой душы, цеплыня ў сэрцы, усведамленне рэчаіснасці — яны побач з Богам.

Брат Алег заахвоціў прысутных памятаць пра тое, што чалавечае жыццё немагчымае без Бога.

«Для нас сёння павінны стаць важнымі словы Хрыста, якія Ён прамовіў, пераходзячы ў Валадарства Нябеснае: „Я застаюся з вамі ажно да сканчэння веку“.

Не багацце і асалоду нам пакінуў Хрыстос у спадчыну, а простыя чалавечыя ўзаемаадносіны. Важнейшымі для асобы, для хрысціяніна павінны стаць адносіны з Богам, адносіны паміж людзьмі і адносіны чалавека з самім сабой», — падкрэсліў брат Алег Шэнда.

Абноўлена 15.05.2021 08:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.