Пошук

30.04.2021 12:54   Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота Віталія Палінеўскага

Чаму католікі і праваслаўныя святкуюць галоўную хрысціянскую ўрачыстасць у розны час, прычым настолькі, што сёлета гэтая розніца склала амаль цэлы месяц? Разбіраемся з дапамогай астраноміі.

Паводле старадаўняй хрысціянскай традыцыі, урачыстасць Уваскрасення Хрыста, якая называецца таксама Пасхай, або Вялікаднем, заўсёды святкуецца ў нядзелю. Гэта так званае «рухомае» свята, бо яно не замацавана назаўсёды на пэўную дату. У Евангеллі канкрэтна не сказана, калі ўваскрос Хрыстус: тое, што Яго цела знікла з магілы, заўважылі на світанні першага дня пасля суботы, або на трэці дзень пасля Яго смерці і пахавання.

Днём смерці Хрыста даследчыкі святых тэкстаў лічаць пятніцу 7 красавіка 30 года, аднак гэта магло адбыцца, хоць і з меншай ступенню верагоднасці, 27 красавіка 31 года або 3 красавіка 33 года.

Такім чынам, найбольш верагодная дата Уваскрасення Хрыста — гэта 9 красавіка 30 года.

Паколькі Пэсах (юдэйская Пасха) святкуецца праз 14 дзён пасля пачатку новага года (а пачынаецца юдэйскі год заўсёды ў маладзік), хрысціянскае свята Уваскрасення Хрыста павінна было б святкавацца ў першую нядзелю пасля Пэсаху, як гэта апісана ў Евангеллі. Але паколькі праз 14 дзён пасля маладзіка бывае поўня, на Першым Нікейскім Саборы ў 325 г. было вырашана, што Вялікдзень будзе святкавацца ў нядзелю, якая наступае адразу ж пасля першай веснавой поўні, або поўні пасля веснавога раўнадзенства.

Каб знайсці адказ на пытанне, адкуль у католікаў і праваслаўных бяруцца розныя даты святкавання, трэба мець на ўвазе, што пад поўняю і раўнадзенствам разумеюцца не рэальныя астранамічныя з’явы, а даты, атрыманыя шляхам разлікаў, што называюцца пасхаліямі.

Такім чынам, Пасхальнай поўняй лічыцца «дзень чатырнаццаты Месяца» (узрост Месяца — 14 дзён) з раскладу фаз Месяца, вылічанага на падставе так званага Метонава цыкла. Гэты цыкл быў рапрацаваны яшчэ ў V ст. да Нараджэння Хрыста афінскім астраномам Метонам для ўзгаднення працягласці месяцавага месяца і сонечнага года ў месяцава-сонечным календары. Пад веснавым раўнадзенствам маецца на ўвазе каляндарнае веснавое раўнадзенства, якое ў Паўночным паўшар’і прыпадае 21 сакавіка

У цяперашні час у хрысціянстве выкарыстоўваюцца дзве розныя пасхаліі.

Пачынаючы з 1583 года, Каталіцкі Касцёл выкарыстоўвае Грыгарыянскую пасхалію, якая для разліку даты Пасхі прымае за дзень раўнадзенства 21 сакавіка па Грыгарыянскім календары.

У той жа час большасць Праваслаўных Цэркваў трымаецца Александрыйскай пасхаліі, дзе той самы дзень 21 сакавіка бярэцца паводле Юліянскага календару. Акрамя таго, у Александрыйскай пасхаліі разліковая пасхальная поўня ў ХХ–ХХІ стагоддзях прыпадае на 4–5 дзён пазней за рэальную астранамічную поўню, што адбываецца за накопленай недакладнасці Метонава цыкла.

Такім чынам, з-за каляндарных адрозненняў, якія існуюць паміж католікамі і праваслаўнымі, дзень святкавання Пасхі ў адных і ў другіх не заўсёды супадае.

У католікаў Вялікдзень можа святкавацца найраней 22 сакавіка, а найпазней — 25 красавіка. Калі ж першая веснавая поўня прыпадае ў нядзелю, тады святкаванне пераносіцца на наступную нядзелю. Вось чаму хрысціянская Пасха ніколі не супадае з юдэйскім Пэсахам, які заўсёды святкуецца ў поўню.

Тым не менш, хрысціянская Пасха мае непасрэдную духоўную сувязь са старазапаветным святам Пэсаху, што адзначалася на ўспамін зыходу ізраэльскага народа з егіпецкай няволі.

Абноўлена 30.04.2021 14:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця