Пошук


У нядзелю 18 красавіка ў мінскай катэдры Найсвяцейшага Імя Марыі адбылася ўрачыстая Эўхарыстыя, цэлебрацыю якой у інтэнцыі падзякі за 30-годдзе адраджэння структур Касцёла ў Беларусі ўзначаліў прадастаўнік Папы Францішка ў нашай краіне арцыбіскуп Антэ Ёзіч.

Разам з ім святую Імшу цэлебравалі Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі sede vacante біскуп Казімір Велікаселец ОР, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.

На пачатку цэлебрацыі прадстаўнік Папы звярнуўся да ўдзельнікаў Эўхарыстыі з прывітальным словам:

«Я вельмі рады, што магу ўпершыню ўзначаліць цэлебрацыю святой Імшы на беларускай мове і маліцца за вас і за вашыя сем’і», — сказаў Апостальскі нунцый. Гаворачы пра 30-годдзе адраджэння касцёльных структур у нашай краіне, ён адзначыў, што Касцёл у Беларусі, нібы евангельская закваска, паступова перамяняе і аднаўляе ў Хрысце ўсё беларускае грамадства.

«З нагоды гадавіны аднаўлення касцёльных структур жадаю Касцёлу Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Мітраполіі далейшага развіцця і паспяховага ажыццяўлення місіі абвяшчэння Евангелля ўсяму стварэнню ва ўзлюбленай Беларусі. Няхай гэты адданы і верны Божы народ узрастае пад Матчыным заступніцтвам Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай і будзе захаваны ад усялякага зла пад магутнаю абаронаю святога Арханёла Міхала, нябеснага Апекуна Мінска-Магілёўскай касцёльнай правінцыі», — выказаў пажаданне арцыбіскуп Антэ Ёзіч.

Узгадаўшы словы класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча «На Беларусі Бог жыве», прадстаўнік Папы ўпэўнена сцвердзіў: «І будзе жыць!»

Гамілію падчас Эўхарыстыі, якую ў прамой трансляцыі на партале Catholic.by глядзела мноства вернікаў у Беларусі і за мяжой, прамовіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч — першы каталіцкі біскуп у гісторыі Касцёла незалежнай Беларусі і сведка гэтых 30 гадоў.

Іерарх, узгадваючы досвед жорсткіх ганенняў, які давялося перажыць Касцёлу ў Беларусі, назваў Савецкі Саюз «бяскрайняй краінай, усеянай працоўнымі і канцэнтрацыйнымі лагерамі, якія сталі для шматлікіх вернікаў розных веравызнанняў, біскупаў і святароў Галгофай ХХ стагоддзя».

Ваяўнічы атэізм у 20-я гады мінулага стагоддзя пазбавіў Касцёл у Беларусі біскупаў і духоўнай семінарыі, шмат касцёлаў і кляштараў было канфіскавана, а некаторыя былі зруйнаваны «нечалавечым атэістычным рэжымам».

«Руіны касцёлаў на нашай зямлі — гэта маўклівыя сведкі знішчэння духоўнасці і хрысціянскай культуры. Яны яскрава сведчаць аб тым, на што здольны чалавек без Бога»,— адзначыў арцыбіскуп.

«Здавалася, няма такой сілы, якая магла б знішчыць камуністычна-атэістычны рэжым, — працягваў няпростыя ўспаміны іерарх, — і многія апусцілі рукі і пагадзіліся з сітуацыяй. Аднак Ян Павел ІІ <…> верыў у фацімскае прароцтва 1917 года, што Беззаганнае Сэрца Марыі затрыумфуе, і на нашых землях адродзіцца вера. 25 сакавіка 1984 года, згодна з жаданнем Марыі, ён ахвяраваў свет яе Беззаганнаму Сэрцу. Неўзабаве пасля гэтага ў Савецкім Саюзе распачалася перабудова і галоснасць».

Вясна Касцёла распачалася і ў нашай краіне. «Не паўсюль улады выказвалі сваю прыхільнасць да Касцёла і веры, але працэс пайшоў, і нішто не магло яго стрымаць».

У 1989 годзе быў прызначаны першы пасля дзесяцігоддзяў пераследу каталіцкі біскуп, якім, як прызнаўся арцыбіскуп Кандрусевіч, «па незразумелым Божым Провідзе» давялося стаць яму.

«Распачаўся працэс рэанімацыі Касцёла»: парафіям вярталіся святыні, прыязджалі з душпастырскай дапамогай святары і кансэкраваныя асобы з-за мяжы — Польшчы, Літвы, Украіны.

1 кастрычніка 1990 года ў Савецкім Саюзе быў прыняты новы закон аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях, які даў больш свабоды і прызнаў юрыдычны статус зарэгістраваных рэлігійных арганізацый.

«13 красавіка 1991 года Папа Ян Павел ІІ прыняў гістарычнае рашэнне: была заснавана Мінска-Магілёўская мітраполія.Яна складалася з аднайменнай архідыяцэзіі і двух суфраганных дыяцэзій — Гродзенскай і Пінскай. У 1999 годзе з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі была вылучана Віцебская дыяцэзія», — адзначыў іерарх, дадаўшы, што рашэнне святога Яна Паўла ІІ было «натхнёным Божым Провідам і своечасовым, прадыктаваным клопатам пра наш Касцёл, які цярпеў і не здаўся».

Арцыбіскуп Тадэвуш з удзячнасцю ўзгадаў святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў з-за мяжы, якія тады прыбылі з душпастырскай і спонсарскай дапамогай.

Іерарх коратка спыніўся на дасягненнях Касцёла ў Беларусі за апошнія тры дзесяцігоддзі: значна павялічылася колькасць парафій і святароў, дзейнічае Духоўная семінарыя ў Гродне, развіваецца душпастырства — агульнае і спецыялізаваныя, дзейнічаюць каталіцкія СМІ, выдвецтвы рыхтуюць і выдаюць малітоўную і рэлігійную літаратуру, дабрачынная арганізацыя «Карытас» дапамагае патрабуючым.

Кажучы пра ролю Касцёла ў грамадскім жыцці краіны, іерарх падкрэсліў, што «выклікі нашага часу не дазваляюць затрымлівацца на дасягнутым: неабходна далей развівацца, каб своечасова адказваць на іх».

На заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў прыстуных усцяж давяраць Касцёл у Беларусі заступніцтву Божай Маці і святога Юзафа.

«Касцёл у Беларусі! Ты адкрывеш новую старонку сваёй гісторыі і ўступаеш у новы этап свайго жыцця. Няхай твая дзейнасць будзе напоўнена клопатам пра духоўнае дасканаленне чалавека. Няхай будзе надзея, нават насуперак надзеі. Выкарыстоўваючы сацыяльнае вучэнне дапамагай у вырашэнні актуальных праблем нашага грамадства.

Будзь арыенцірам у будаванні шчаслівай будучыні нашай Бацькаўшчыны», — заключыў арцыпастыр.

На заканчэнне святой Імшы Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец падзякаваў прадстаўніку Папы, біскупам, святарам і ўсім вернікам за супольную малітву і пажадаў усім жыць так, каб стаць перад Богам з чыстым сумленнем.

Моцным духоўным акордам на завяршэнне святой Імшы стаў гімн-малітва за Бацькаўшчыну і Касцёл на Беларусі «Магутны Божа», які ліўся з вуснаў і сэрцаў усіх удзельнікаў урачыстага набажэнства на чале з Апостальскім нунцыем Антэ Ёзічам.

 

Абноўлена 19.04.2021 13:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця