Пошук

16.04.2021 16:14   Grodnensis.by

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!
Дарагія вернікі дыяцэзіі!

У мінулы аўторак, 13 красавіка, мы адзначалі 30-годдзе заснавання Гродзенскай дыяцэзіі. З гэтай нагоды хачу скіраваць да вас, дарагія браты і сёстры, маё пастырскае слова, з надзеяй, што яно абудзіць у вашых сэрцах глыбокае і шчырае жаданне праслаўляць Пана Бога і дзякаваць Яму за наш Касцёл на Гродзеншчыне, а таксама за ўсё духоўнае дабро, якое на працягу апошніх трох дзесяцігоддзяў стала нашым удзелам.

Гродзенская дыяцэзія была паклікана да існавання 13 красавіка 1991 года рашэннем Святога Айца Яна Паўла ІІ. Гэтая правідэнцыйная падзея ў жыцці Каталіцкага Касцёла на нашых землях стала магчымай дзякуючы грамадска-палітычным пераменам у былым Савецкім Саюзе, якія адбываліся на пераломе 80-х і 90-х гадоў мінулага стагоддзя і ўвайшлі ў гісторыю пад назвай «перабудова». Выкарыстоўваючы гэтыя пазітыўныя змены Святы Айцец стварыў на Беларусі асноўныя касцёльныя структуры — дыяцэзіі, якія даручыў пастырскаму клопату новапрызначаных біскупаў.

Так у гісторыі Каталіцкага Касцёла на нашых тэрыторыях распачаўся новы этап, які можна назваць часам адраджэння і дынамічнага развіцця рэлігійнага жыцця.

Вернікі сярэдняга і старэйшага ўзросту памятаюць як выглядала жыццё Касцёла на Гродзеншчыне ў пасляваенныя гады, перш чым была заснавана Гродзенская дыяцэзія. Большасць святыняў была забрана ў Касцёла і прызначана для свецкага выкарыстання, а некаторыя былі проста зруйнаваны. У многіх парафіях не было душпастыраў, а нешматлікія святары, якія выконвалі душпастырскае служэнне, былі пераважна пажылога ўзросту, хворыя, змучаныя працай звыш сілаў. Касцёлу забаранялася весці катэхетычную і выхаваўчую дзейнасць, каб такім чынам зрабіць немагчымым перадаванне веры дзецям і моладзі.

Tрэба аднак сказаць, што, нягледзячы на такія вельмі неспрыяльныя знешнія ўмовы, жывая вера і адчуванне прыналежнасці да Касцёла выжылі ў сэрцах вернікаў.

Ва ўмовах перашкодаў і абмежаванняў у вядзенні Касцёлам душпастырскай дзейнасці вера перадавалася найперш у хрысціянскіх сем’ях.

Наступныя пакаленні вернікаў ад уласных бацькоў, дзядуляў і бабуляў вучыліся маліцца, пазнавалі праўды веры з катэхізіса, чулі пра бачанне чалавека і свету, заснаванае на Божым слове.

Гэтая традыцыйная вера, вынесеная з роднага дому і глыбока ўкаранёная ў сэрцах, стала трывалым фундаментам, на якім ад хвіліны заснавання Гродзенскай дыяцэзіі распачалося адбудоўванне рэлігійнага і касцёльнага жыцця. Сёння, з перспектывы мінулых трох дзесяцігоддзяў, варта паглядзець на пройдзены намі шлях, каб убачыць, як шмат удалося здзейсніць за гэты час з Божай дапамогай.

Дзякуючы дзейнасці Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, заснаванай на некалькі месяцаў раней за дыяцэзію, была вырашана найбольш драматычная праблема — востры недахоп душпастыраў. Большасць святароў, якія спаўняюць сёння з запалам і руплівасцю душпастырскае служэнне ў нашых парафіях, з’яўляюцца выпускнікамі гродзенскай семінарыі; і штогод шэрагі духавенства нашага мясцовага Касцёла павялічваюцца на некалькі святароў.

Словы глыбокай удзячнасці хачу скіраваць таксама да святароў з манаскіх супольнасцяў, якія зрабілі вялікі ўклад у справу адраджэння веры на нашых землях і чыя прысутнасць і руплівае душпастырскае служэнне духоўна ўзбагачаюць Касцёл на Гродзеншчыне.

Немагчыма не ўзгадаць з удзячнасцю і тых святароў і кансэкраваных асобаў, якія ў першыя гады існавання Гродзенскай дыяцэзіі прыбылі да нас з душпастырскай дапамогай з-за мяжы.

Дзякуючы ім працэс адраджэння рэлігійнага жыцця адзначаўся вялікім дынамізмам, нягледзячы на першапачатковы недахоп мясцовых святароў.

У 90-я гады мінулага стагоддзя была вернута большасць забраных у вернікаў святыняў. Большасць сакральных будынкаў патрабавала дарагога рамонту. Дзякуючы актыўнаму ўдзелу душпастыраў і вернікаў, з дапамогай шматлікіх ахвярадаўцаў і дабрадзеяў у адносна кароткі час гэтыя святыні былі адрамантаваны і забяспечаны неабходным абсталяваннем.

У многіх мясцовасцях Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама ў новых раёнах Гродна і іншых вялікіх гарадоў былі заснаваны парафіі, пабудаваны і працягваюць будавацца касцёлы і капліцы.

Найбольш жа цешыць факт, што адраджаецца і развіваецца «жывы» Касцёл: для дзяцей і моладзі арганізавана сістэматычная катэхізацыя; праводзіцца духоўная фармацыя дарослых; дзейнічаюць шматлікія душпастырствы, кансультацыі і курсы сямейнага жыцця, малітоўныя групы, валанцёры, апостальскія таварыствы свецкіх асобаў; рэгулярна адбываюцца пілігрымкі, рэкалекцыі, дні дзяцей і моладзі, парафіяды.

Акрамя гэтага, у межах дыяцэзіяльных структур функцыянуюць Тэалагічны каледж святога Казіміра, у якім вернікі могуць паглыбіць рэлігійныя веды; дыяцэзіяльны «Карытас», які рэалізуе мноства дабрачынных праектаў; каталіцкія СМІ, якія інфармуюць пра жыццё паўсюднага і мясцовага Касцёла; касцёльны суд, які разглядае справы сужэнстваў і вызначае сапраўднасць гэтага сакрамэнту.

Дарагія браты і сёстры!

Я ўзгадаў тут толькі некаторыя з вялікіх зменаў, якія адбыліся ў жыцці Касцёла на Гродзеншчыне за апошнія 30 гадоў.

Тое, што сёння здаецца нам звычайным і відавочным, яшчэ не так даўно пераўзыходзіла самыя смелыя мары.

Як жа тут не прывесці радкі псальма: «Калі Пан перамяніў лёс Сіёна, мы былі, быццам у сне. Вусны нашыя тады былі поўныя смеху, а язык спяваў з радасці» (Пс 126, 1)? Як жа не ўсклікаць разам з псальмістам: «Праз Пана гэта сталася і дзіўнае ў вачах нашых» (Пс 118, 23)?

Сёння як пастыр Гродзенскай дыяцэзіі я хачу падзякаваць усім, хто ўтварае супольнасць нашага мясцовага Касцёла: духавенству, кансэкраваным асобам і свецкім вернікам. Дзякую за супольна пройдзены шлях і за тое, чым кожны з вас прычыніўся да развіцця Касцёла на Гродзеншчыне: за вашы малітвы і працу, за цярпенні і ахвяры, за сведчанне веры і вернасць Пану Богу, за руплівую рэалізацыю ўласнага паклікання. Няхай Добры Бог усіх за ўсё шчодра ўзнагародзіць.

Горача заахвочваю вас, дарагія браты і сёстры, асабіста дзякаваць Пану Богу за 30 гадоў існавання Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама за незлічоныя дары і ласкі, якімі за гэты час Ён у сваім Провідзе пажадаў нас адарыць.

Будзем ганарыцца нашым маладым Касцёлам на Гродзеншчыне і зробім усё, што ў нашых сілах, каб ён яшчэ больш развіваўся, сталеў духоўна і прыпадабняўся да свайго Пана і Абранніка, Езуса Хрыста.

Усіх вас, дарагія вернікі дыяцэзіі, на штодзённае ўзрастанне ў святасці ад усяго сэрца благаслаўляю.

Aляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі

Тэкст для друку тут >>>

Абноўлена 03.05.2021 17:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця