14 красавіка на 80-м пленарным пасяджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі былі вызначаны асноўныя асаблівасці сёлетняга Будслаўскага фэсту.
Урачыстасці ў гонар Апякункі Беларусі Маці Божай Будслаўскай у Нацыянальным санктуарыі пройдуць у пятніцу 2 ліпеня і ў суботу 3 ліпеня.
У Пастырскі год, які ў Касцёле на Беларусі асаблівым чынам прысвечаны 30-годдзю ўстанаўлення Мінска-Магілёўскай Мітраполіі і адраджэнню касцёльных структур у нашай краіне, дэвіз Будслаўскага фэсту ўзяты з Ларэтанскай літаніі да Найсвяцейшай Панны Марыі: «Маці Касцёла, маліся за нас».
Ён сугучны дэвізу Пастырскага года: «Касцёл — сакрамэнт паўсюднага збаўлення. „Брамы пякельныя не перамогуць яго” (Мц 16, 18)».
Урачыстасці ў Будславе сёлета пройдуць у традыцыйным фармаце, але з захаваннем належных санітарных прадпісанняў і без арганізаваных пілігрымак. Тым не менш, усе ахвотныя могуць ладзіць пілігрымкі ў індывідуальным парадку. Так было ўжо ў мінулым годзе, калі ўпершыню ў новай гісторыі Будслаўскага фэсту з-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі у Нацыянальны санктуарый не ішлі вялікія арганізаваныя групы пілігрымаў.
Пра тое, якім чынам лепш пілігрымаваць да Маці Божай у час пандэміі, Catholic.by запытаўся ў дасведчанага пілігрыма і арганізатара многіх пілігрымак у Будслаў — пробашча будслаўскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ксяндза Дзмітрыя Дубовіка.
«Вядома, праблема не ў тым, каб ісці ў Будслаў у пешай пілігрымцы ці ехаць на ровары. У цяперашняй сітуацыі галоўнай цяжкасцю з’яўляецца арганізацыя супольнага харчавання і начлегаў падчас пілігрымак з вялікай колькасцю ўдзельнікаў.
Каб выключыць ці, прынамсі, звесці да мінімуму рызыку заражэння, пілігрымы могуць ісці ў Будслаў па адным, сем’ямі ці невялікімі групамі. Харчавацца ім давядзецца індывідуальна, а начаваць — у намётах, як падчас турыстычнай вандроўкі. Тое самае датычыцца пілігрымак на роварах.
Напэўна, у гэтым пілігрымкавым сезоне трэндам зноў стануць індывідуальныя пілігрымкі паасобку ці ў складзе малых груп, а таксама аднадзённыя пілігрымкі, накшталт той, якую штогод арганізуюць сямейныя рухі з вёскі Пузыры. Акрамя таго, заўсёды актуальнай застаецца магчымасць трапіць на фэст у Нацыянальны санктуарый на транспарце», — падаў ксёндз Дзмітрый Дубовік ідэі, якімі могуць скарыстацца тыя, хто пажадае сёлета трапіць на фэст у Будслаў.
Святар дадаў, што дакладная праграма сёлетніх урачыстасцяў у гонар Маці Божай Будслаўскай у Нацыянальным санктуарыі будзе ў бліжэйшы час распрацавана і апублікавана на партале Catholic.by.