Пошук

14.04.2021 12:47   Catholic.by
Фрагмент рэлікварыя благаслаўлёнага Юрыя Матулевіча / relikwiarze.artstudio.krakow.pl

Благаслаўлёны Юрый Матулевіч, біскуп Віленскі, генеральны настаяцель кангрэгацыі ксяндзоў марыянаў, заснавальнік легендарнага кляштару ў Друі — пастыр, які асаблівым чынам клапаціўся пра духоўнае дабро вернікаў розных нацыянальнасцяў, у тым ліку беларусаў. 13 красавіка споўнілася 150 гадоў з дня яго нараджэння.

Нарадзіўся Юрый Матулевіч (Юргіс Матцляйціс) 13 красавіка 1871 года ў Лугіне непадалёк ад Марыямпаля. Рана застаўся сіратою, і будучага біскупа гадаваў старэйшы брат Ян.

У 1891–1893 гадах вучыўся ў каталіцкай духоўнай семінарыі ў Кельцах. Як адзін з найбольш здольных вучняў быў скіраваны ў мітрапалітальную духоўную акадэмію ў Пецярбургу. У 1898 годзе прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне. Багаслоўскую адукацыю працягваў у нямецкім Фрайбургу, дзе абараніў доктарскую дысертацыю.

З 1907 года выкладаў у Пецярбуржскай духоўнай акадэміі сацыялогію, потым — дагматычную тэалогію.

У гэтай навучальнай установе у ксяндза Юрыя Матулевіча ўсталяваліся добрыя адносіны з беларускімі студэнтамі — будучымі душпастырамі і прыхільнікамі выкарыстання роднай мовы ў святынях.

У 1909 годзе ўступіў у кангрэгацыю ксяндзоў марыянаў, у якой на той момант заставаўся толькі адзін састарэлы святар. З 1911 года стаў генеральным настаяцелем гэтай законніцкай супольнасці, распрацаваў праект рэформы кангрэгацыі, які быў зацверджаны Святым Пасадам і заснаваў на тэрыторыі Беларусі, у Друі, марыянскі кляштар.

Благаслаўлёны біскуп Юрый Матулевіч / tanienoclegi.lt

У 1918 годзе стаў біскупам і, клапоцячыся пра духоўнае дабро вернікаў шматнацыянальнай Віленскай дыяцэзіі, у 1923 стварыў для працы сярод беларусаў супольнасць сясцёр эўхарыстак.

Верны евангельскаму вучэнню Езуса Хрыста, біскуп Юрый Матулевіч быў сапраўдным пастырам адзінства і з аднолькавай павагай ставіўся да ўсіх дзяцей Божых, што не падабалася многім тагачасным ідэолагам.

З аднаго боку, польскія нацыяналісты абвінавачвалі яго ў «прапіхванні» інтарэсаў літоўцаў, а літоўскія нацыяналісты, у сваю чаргу, прыпісвалі яму «польскі шавінізм». Ад адных і другіх гучала крытыка ў адрас біскупа за яго нібыта «масквафільства» і «жыдоўства», што было справакавана яго пастырскім клопатам пра беларусаў і поўнымі павагі адносінамі да шматлікіх габрэяў, якія жылі на нашых землях.

Але біскуп, пагарджаючы палітычнай кан’юнктурай, проста імкнуўся верна служыць Хрысту і Яго святому Касцёлу, абвяшчаючы Евангелле на мове кожнага народа ва ўмовах шматнацыянальнай Віленшчыны.

Біскуп Матулевіч лічыў, што ў Віленскай дыяцэзіі менавіта беларусы складаюць большасць і неаднойчы абараняў ксяндза Адама Станкевіча ад уладаў і цкавання шавіністычных колаў. Як руплівы і надзвычай празорлівы пастыр, ён спрыяў беларускаму друку і бачыў вялікую душпастырскую карысць у выкарыстанні беларускай мовы ў Касцёле.

Ксёндз Адам Станкевіч пісаў пра біскупа Юрыя Матулевіча:

«Беларускае адраджэнне агулам, а тым больш рух хрысціянскі, у душы яго знаходзіў шчырую сімпатыю і спагаду. Будучы, аднак, застрашаны польскімі нацыяналістамі, у адносінах да беларускай справы быў даволі асцярожны, але заўсёды шчыры і глыбока справядлівы».

«Адам Станкевіч. З Богам да Беларусі».

У 1925 годзе біскуп Юрый Матулевіч адышоў ад кіравання дыяцэзіяй і скіраваўся ў Рым, каб займацца справамі кангрэгацыі марыянаў. Адданы пастыр адышоў да Бога ў Каўнасе 27 студзеня 1927 года.

28 чэрвеня 1987 года Папа Ян Павел II беатыфікаваў біскупа Юрыя Матулевіча.

Зерне, кінутае на духоўную раллю Касцёла благаслаўлёным пастырам, не загінула і прынесла шчодры плён.

Цяжка назваць чыстай выпадковасцю той факт, што менавіта ў дзень нараджэння біскупа Юрыя Матулевіча 30 гадоў таму святы Ян Павел ІІ адрадзіў структуры Каталіцкага Касцёла ў незалежнай Беларусі.

Абноўлена 14.04.2021 12:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа