
16 мая ў Смаргоні адбыліся ўрачыстыя святкаванні 150-годдзя Асацыяцыі салезіянаў-супрацоўнікаў (ASSCC) — супольнасці свецкіх вернікаў, якія жывуць духам святога Яна Боско і нясуць салезіянскую харызму ў сем’і, моладзевае асяроддзе, працу і штодзённае жыццё.
Юбілей сабраў салезіянаў-супрацоўнікаў, салезіянскую моладзь, святароў, сясцёр, аніматараў і шматлікіх гасцей з розных мясцін Беларусі.
Свята стала не толькі нагодай узгадаць гісторыю Асацыяцыі, але і момантам падзякі Богу за людзей, якія ўжо паўтара стагоддзя нясуць святло Евангелля ў свеце праз служэнне моладзі і Касцёлу.
Урачыстасці распачаліся яшчэ ў пятніцу, 15 мая. У араторыі панавала сямейная і радасная атмасфера: гучалі размовы, успаміны, адбывалася прэзентацыя фотаздымкаў з гісторыі салезіянскай прысутнасці і жыцця супольнасцяў. Увечары ўдзельнікі сабраліся на ўрачыстыя Нешпары на пачатак святкавання юбілею, якія ўзначаліў дырэктар рэлігійнай місіі «Таварыства святога Францішка Сальскага» ксёндз канонік доктар Віктар Гайдукевіч SDB.
Падчас малітвы прагучалі словы падзякі за 150 гадоў гісторыі Асацыяцыі, за пакліканне свецкіх людзей жыць салезіянскай харызмай у сучасным свеце і быць прысутнасцю Касцёла там, дзе асабліва патрэбныя надзея, падтрымка і сведчанне веры.
У суботу цэнтральнай падзеяй першай паловы дня стаў гістарычны сімпозіум «ASSCC — учора, сёння, заўтра». Падчас дакладаў удзельнікі маглі глыбей пазнаёміцца з гісторыяй узнікнення Асацыяцыі, развіццём салезіянскай сям’і ў Беларусі і сучаснай місіяй салезіянаў- супрацоўнікаў. Асобнае месца ў праграме занялі сведчанні пра дзейнасць супольнасцяў, разважанні пра ролю свецкіх вернікаў у Касцёле, а таксама словы пра адказнасць за перадачу харызмы новым пакаленням.

Пасля абеду на тэрыторыі каля касцёла прайшла вялікая забаўляльная праграма. Для ўдзельнікаў былі арганізаваныя гульні, музычная праграма, фотазоны, кніга пажаданняў і супольнае святкаванне ў духу радасці, такім блізкім святому Яну Боско.
Асаблівую атмасферу стварала прысутнасць дзяцей, моладзі і сем’яў — менавіта тых, дзеля каго салезіянская харызма жыве і напаўняе сэрцы радасцю, у тым ліку і праз служэнне салезіянаў-супрацоўнікаў.
Кульмінацыяй юбілею стала святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У сваёй гаміліі іерарх падкрэсліў асаблівую місію салезіянаў-супрацоўнікаў у сучасным свеце.
Разважаючы над евангельскімі словамі «Вы — соль зямлі… Вы — святло свету» (пар. Мц 5, 13–14), біскуп адзначыў, што гэтыя словы асаблівым чынам датычаць свецкіх людзей, якія жывуць хрысціянствам у штодзённасці:
«Свецкі вернік — святло там, дзе святар ніколі не будзе ў сваім штодзённым дзеянні: у офісе, у сям’і, у школе, у інтэрнэце, у грамадстве».
Іерарх нагадаў, што пакліканне салезіянаў-супрацоўнікаў — быць прысутнасцю Хрыста ў свеце, захоўваючы вернасць духу ксяндза Боско:
«Вы — не “дапаможнікі” салезіянаў. Вы — салезіяне ў свеце. Вы — сэрца ксяндза Боско там, дзе ён сам не можа быць фізічна».
Біскуп Аляксандр таксама падкрэсліў, што святасць свецкага чалавека здзяйсняецца праз вернасць у простых штодзённых рэчах — у сям’і, працы, служэнні і любові да моладзі.
Асабліва кранальным момантам гаміліі стаў заклік не баяцца свайго паклікання і дазволіць Богу дзейнічаць праз чалавека:
«Сёння Бог пытаецца: “Ці дазволіш ты Мне гарэць у табе?” І калі ты скажаш Яму “так” — нават маленькае, нават слабое, нават нясмелае — Бог памножыць яго».
Падчас літургіі ўдзельнікі аднавілі свае абяцанні жыць згодна з правіламі апостальскага жыцця і несці салезіянскую харызму для ўсіх людзей, асабліва для моладзі.
Важным момантам стала ўручэнне некаторым супрацоўнікам падзячных грамат з рук біскупа за вялікі асабісты ўклад у станаўленне і развіццё Асацыяцыі салезіянаў супрацоўнікаў у Беларусі.
Пасля завяршэння святой Імшы ўсіх юбіляраў ад імя сабратоў-салезіянаў павіншаваў ксёндз канонік доктар Віктар Гайдукевіч SDB. Ён падкрэсліў, што гэты юбілей стаў асаблівай нагодай падзякаваць Богу за прысутнасць кожнага салезіяніна-супрацоўніка, а таксама выказаць удзячнасць за служэнне, якое яны ўжо шмат гадоў нясуць на беларускай зямлі. Святар адзначыў, што вельмі радуецца святу, якое атрымалася сапраўды сямейным, жывым і напоўненым духам ксяндза Боско.
Ксёндз Віктар звярнуў увагу на тое, што салезіяне-супрацоўнікі, як самі часта кажуць, не выбіраюць адзін аднаго, але іх аб’ядноўвае дух ксяндза Боско і сэрца, якое гарыць салезіянскай харызмай.
Менавіта таму, паводле яго слоў, яны нагадваюць добра зладжаную футбольную каманду, у якой кожны ведае сваю ролю, сваю місію і агульную мэту.
У якасці сімвалічнага падарунка святар уручыў Асацыяцыі скарбонку ў выглядзе футбольнага мяча — выказваючы зычэнні, каб яе ўдзельнікі і надалей збіралі сілы, натхненне і магчымасці для новых выклікаў, служэння і будучых юбілеяў.
Напрыканцы віншаванняў ксёндз Віктар пажадаў усім салезіянам-супрацоўнікам Божага благаслаўлення, вернасці свайму пакліканню і пастаяннай апекі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў.
Свае віншаванні скіравалі таксама сёстры салезіянкі, прадстаўнікі Асацыяцыі Марыі Успамогі (ADMA) і аніматары.
Напрыканцы слова ўзяў каардынатар правінцыі салезіянаў-супрацоўнікаў Віталій Арцёменка ASSCC. Ён падзякаваў у першую чаргу біскупу Аляксандру, які добра ведае салезіянскую сям’ю і значна прычыніўся да фарміравання супольнасці салезіянаў-супрацоўнікаў у Беларусі, а таксама да выхавання ў іх сапраўднага салезіянскага духу.
Падзякаваў Віталій Арцёменка і ксяндзу Віктару разам з усімі святарамі салезіянамі — за падтрымку, падрыхтоўку юбілею, мудрае кіраўніцтва і душпастырскую апеку над урачыстасцю.
Не абмінуў каардынатар словамі ўдзячнасці і сясцёр салезіянак, якія таксама прыклалі шмат сіл і намаганняў, каб святкаванне прайшло на высокім узроўні.
Прысутнасць ADMA падчас усяго юбілею, паводле слоў Віталія Арцёменкі, стала прыгожым і выразным сведчаннем еднасці салезіянскай сям’і, узаемнай павагі і любові адзін да аднаго ў духу святога Яна Боско.
Асаблівыя словы падзякі былі скіраваныя да аніматараў і моладзі, бо менавіта яны з’яўляюцца першымі адрасатамі служэння салезіянаў-супрацоўнікаў — тымі, дзеля каго 150 гадоў таму і была заснавана Асацыяцыя.
Напрыканцы Віталій Арцёменка падкрэсліў, што быць салезіянінам-супрацоўнікам — гэта не пра пасады, а пра служэнне. Пра служэнне, якое нараджаецца з любові да Бога і любові да моладзі.
Падсумоўваючы ўрачыстасць, біскуп Аляксандр у сваю чаргу адзначыў, што без салезіянаў-супрацоўнікаў харызма святога Яна Боско на нашай зямлі не была б поўнай. Іерарх нагадаў, што першапачаткова святы Ян Боско не планаваў засноўваць трэцюю галіну ў выглядзе супольнасці свецкіх вернікаў. Аднак, рэалізуючы сваё пакліканне дзеля збаўлення моладзі, ён ясна ўбачыў, што без свецкіх людзей немагчыма ў поўні ажыццяўляць салезіянскую місію і несці яе ў штодзённае жыццё свету.
Біскуп пажадаў салезіянам-супрацоўнікам і надалей узрастаць у веры, развівацца ў духу харызмы ксяндза Боско і быць жывым сведчаннем Евангелля для моладзі і сучаснага грамадства. Напрыканцы ён таксама заклікаў усіх да малітвы аб новых і святых пакліканнях, асабліва да святарскага і манаскага жыцця.
Святкаванне завяршылася супольнай малітвай і братняй сустрэчай.
Юбілей стаў не толькі ўспамінам пра мінулае, але і моцным сведчаннем таго, што харызма святога Яна Боско працягвае жыць у сэрцах людзей і сёння.
Як прагучала падчас святкавання, 150 гадоў — гэта не завяршэнне гісторыі, а пачатак новага этапу місіі: «Успамінаць — значыць вярнуцца да каранёў і мары ксяндза Боско. Аднаўляць — значыць пераасэнсаваць сваё пакліканне ў сучасным свеце. Перадаваць далей — значыць смела несці харызму моладзі заўтрашняга дня».



































