Пошук

27.01.2026 06:42   Паводле кнігі Яраслава Чаплі «Апосталамі не нараджаюцца» / Catholic.by
Фота ілюстрацыйнае

27 студзеня адзначаецца ўспамін благаслаўлёнага біскупа Юрыя Матулевіча.

«Пане, дазволь мне, нібы свечцы, згарэць дашчэнту на Тваім Алтары». Гэтае вялікае жаданне благаслаўлёнага Юрыя Матулевіча здзейснілася. Святар, прафесар Духоўнай акадэміі ў Санкт-Пецярбургу, законнік і рэфарматар ордэну ксяндзоў марыянаў, Віленскі біскуп, апостальскі візітатар у Літве... Кім бы ні служыў, чым бы ні займаўся  заўсёды быў сапраўдным святлом.

Юрый нарадзіўся 13 красавіка 1871 года ў літоўскай шматдзетнай сям'і каля Марыямпаля ў Літве. У 1891 годзе, калі паступіў у семінарыю ў г. Кельцэ (Польшча), змяніў прозвішча Матулайціс на Матулевіч.

У 1909 годзе прафесар і прарэктар Духоўнай Акадэміі ў Санкт-Пецярбургу Юрый Матулевіч пачаў працу над аднаўленнем Кангрэгацыяў імя Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (айцоў марыянаў). Яе вынікам стала зацвярджэнне Папам Піем Х у 1911 годзе новай канстытуцыі марыянскай супольнасці. У 1912 годзе Юрый Матулевіч быў абраны яе кіраўніком. На той момант у складзе кангрэгацыі засталіся ўсяго тры асобы. А калі ў 1918 годзе Ю. Матулевіч быў прызначаны біскупам Віленскім, пачаў актыўна падтрымліваць марыянаў на тэрыторыі сваёй дыяцэзіі, хаця рабіць гэта ва ўмовах міжваеннай Польшчы яму было вельмі няпроста.

На фоне складаных палітычных і грамадскіх рэалій віленскі біскуп, літовец па нацыянальнасці, бараніў жаданне беларусаў-грамадзян Польшчы жыць са сваёй мовай ў адпаведнасці з нацыянальнымі традыцыямі. У 1919 годзе, выступаючы перад студэнтамі Віленскай Духоўнай семінарыі, ён казаў:

«Май сэрца святара i апостала <...> служы з вялікай стараннасцю людзям, дастасоўвайся да іх, а не змушай, каб яны вучыліся чужой мовы, бо табе так хочацца. Езус паслаў нас навучаць праўдаў веры, абвяшчаць Евангелле, а не навучаць моваў. Езус загадаў нам клапаціцца пра  збаўленне людзей, а не каб мы, выкарыстоўваючы  слепату i цемнату народу, праводзілі (сярод яго) сваю нацыянальную палітыку». У 1923 годзе віленскі біскуп накіраваў у Апостальскую Сталіцу ліст з просьбай дазволіць заснаванне ў Друі кляштара, якім апекаваліся б айцы-марыяне. Дазвол быў дадзены, і ў красавіку 1926 года Ю. Матулевіч выдаў дэкрэт аб заснаванні такога кляштару.

Адметна, што ў лісце ў Апостальскую сталіцу Матулевіч прасіў дазволіць арганізацыю ў Друі марыянскага кляштара канкрэтна «pro alborussis»  для беларусаў. Тым больш што марыянская супольнасць проста прыцягвала да сябе маладых святароў-беларусаў па паходжанні, якія былі апантаныя ідэяй як увогуле адраджэння самасвядомасці ў беларускага насельніцтва, так і ўвядзення ў касцёльную практыку беларускай мовы.

Памёр Ю. Матулевіч пасля няўдалай хірургічнай аперацыі 27 студзеня 1927 года. Біскуп Юрый быў беатыфікаваны Папам Янам Паўлам II ў 1987 годзе падчас святкавання 600-годдзя Хросту Літвы. Рэліквіі благаслаўлёнага Юрыя знаходзяцца ў касцёле ў Марыямпалі.

А Кангрэгацыя Марыянаў, адноўленая ім, да пачатку другога тысячагоддзя пашырыла сваю дзейнасць на 19 краін і зараз налічвае больш за 500 святароў і братоў у 80 супольнасцях. На Беларусі айцы марыяне служаць у Росіцы, Мінску, Жодзіне, Барысаве і Оршы.

Абноўлена 27.01.2026 11:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.