29 красавіка прыпадае свята святой Кацярыны Сіенскай, панны і доктара Касцёла. Пра святую піша CREDO са спасылкай на тэкст Эльжбеты Вятэр, Aletheia.
Яна славілася многімі цудамі. Аднак цуд, якім я хачу падзяліцца, хоць і здаецца незаўважным, несумненна, сведчыць пра веліч святой Кацярыны Сіенскай.
Давайце адправімся ў Сіену XIV стагоддзя. Нядаўна туды прыбыў дамініканскі законнік, брат Раймунд Капуанскі, і Кацярына Бенінкаса (імя і прозвішча святой) папрасіла яго стаць яе пастаянным спаведнікам. З дзяцінства яна была вядомая сваёй пабожнасцю. Не тое каб яна нават не смактала грудзі маці па пятніцах, але ў маладым узросце яна дала абяцанне чыстасці, што спачатку выклікала гнеў маці, а пазней пераслед з боку астатніх членаў яе сям'і. Кацярына мучыла сябе, пасцілася і ператварыла свой пакой у келлю пустэльніка. Яна штодня хадзіла на Імшу і жадала прымаць Цела Пана як мага часцей.
Але ў той час гэта не практыкавалася. Яе пабожнасць спачатку прыцягнула ўвагу свецкіх, а пазней і духавенства — у тым ліку тых, хто насіў чорна-белыя шаты. Больш за тое, дамініканская святыня была найбліжэйшай да яе як геаграфічна, так і духоўна.
Навярнуць спаведніка
Раймунд згаджаецца духоўна наставіць яе, але ў яго ёсць сумненні:
«У той час я сустракаў жанчын з хісткай псіхікай, якія лёгка падпадалі пад уплыў ворага […]. Мне прыходзілі ў галаву розныя думкі, якія трымалі мяне ў няўпэўненасці адносна Кацярыны».
Стаміўшыся ад гэтага, ён папрасіў дапамогі ў Духа Святога. І Дух Святы падказаў яму ідэю папрасіць пенітэнтку памаліцца за яго — аб пакаянні і навяртанні.
Сучаснік Раймунда, айцец Марэк Пенькоўскі ОР, кажа, што навяртанне святароў падобна да выпроствання свінога хваста: ён усё роўна вернецца да сваёй ранейшай формы. Гэта паказвае маштаб складанасці задання, якое спаведнік паставіў перад Кацярынай. Акрамя таго, д'ябал — хоць і можа падманваць рознымі хітрасцямі — не можа даць нікому пакаяння, спалучанага з досведам Божай міласэрнасці. Такі досвед вельмі нявыгадны для яго, бо адкрывае сэрца для Бога і закрывае яго для спакусы. Як бачыце, дамініканін мудра абдумаў гэта, а дакладней, вельмі добра прыслухаўся да натхнення, якое прыйшло ў адказ на яго малітву.
Дык вось, Раймунд пайшоў у дом Бенінкасы і папрасіў Кацярыну маліцца аб прабачэнні яго грахоў, і каб ён атрымаў пацвярджэнне гэтага — яснае, як «була Рымскай курыі». Хітрасць просьбы заключалася ў тым, што ён не ўказаў выразна, што мае на ўвазе пад пакаяннем (хаця яно неабходнае для прабачэння грахоў) — хітры прыём з рэпертуару ордэна юрыстаў і тэолагаў.
Хвароба, якая вядзе да жыцця
На наступны дзень у яго здарыўся прыступ хранічнай хваробы, ад якой ён цярпеў. Кацярына, хоць і сама адчувала сябе дрэнна, наведала яго і пачала гаварыць пра дабрыню Бога і нашу няўдзячнасць да Яго. І тады яе слухач раптам перажыў візію:
«Я ўбачыў сябе, як стаю без усялякай вопраткі перад справядлівым Суддзёй, ведаючы, што заслугоўваю смерці […]. Але ў той жа час я ўбачыў дабрыню Суддзі, які не толькі вызваляе мяне ад смерці, але і пакрывае маю галізну сваім адзеннем, размяшчае мяне ў сваім доме і служыць мне».
Гэта бачанне прымусіла Раймунда так моцна расплакацца, што яго сэрца ледзь не разарвалася.
Кацярына змоўкла і дазволіла яму выплакацца. Неўзабаве яна пайшла, сказаўшы спаведніку, што ён усвядоміў сабе Божыя дары. На гэты раз ён таксама адчуў упэўненасць у крыніцы натхнення і дзеянняў сваёй пэнітэнткі.
Раймунд быў духоўным апекуном Кацярыны Сіенскай да яе смерці 29 красавіка 1370 года. Яны супрацоўнічалі ў рэформе Касцёла і ордэна, і брат з Капуі прытрымліваўся натаўленняў містычкі. Ён памёр з рэпутацыяй святога і нават быў беатыфікаваны. Раймунд Капуанскі пакінуў пасля сябе шматлікія творы, у тым ліку біяграфію жанчыны, якая выпрасіла яму навяртанне.







