Біскуп Казімір Велікаселец
УВАСКРАСЕННЕ ХРЫСТА — НАДЗЕЯ НА ВЕЧНАЕ ЖЫЦЦЁ
Пастырскае пасланне на Вялікдзень 2021 года
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!
1. Чарговы раз мы адзначаем галоўнае хрысціянскае свята — Вялікдзень. Урачыстасць Пасхі канцэнтруе нашую ўвагу на асноўнай таямніцы хрысціянскай веры. Пра яе вырашальнае значэнне напісана ў Пасланні да Карынцянаў: «Калі Хрыстус не ўваскрос, то марнае і прапаведаванне нашае, і вера ваша марная <…> і вы далей у грахах вашых» (1 Кар 15, 14. 17). Уваскрасенне Езуса пераконвае нас, што ў змаганні са злом і смерцю апошняе слова заўсёды застаецца за Богам.
Азіраючыся на гісторыю збаўлення чалавецтва, мы можам зразумець, што ўсё Святое Пісанне канцэнтруецца вакол асобы Езуса Хрыста, які памёр і ўваскрос, бо ў падзеях Пасхі Хрыстовай спаўняюцца ўсе абяцанні Бога. Мы верым, што Хрыстус сваёй крывёю вызваліў увесь свет ад ярма граху і смерці і, уваскросшы, даў нам надзею на ўдзел у вечным жыцці ў супольнасці святых.
Пасха для вернікаў — гэта гарантыя ўваскрасення да новага жыцця ў міры, справядлівасці і бясконцай славе.
Слова «Пасха» азначае пераход. Бог вывеў ізраільскі народ з егіпецкай няволі, і гэты пераход з палону на волю яўрэі сталі святкаваць кожны год. Па дарозе ў абяцаную зямлю Бог даў свайму народу Закон — запаведзі, пералік якіх пачынаецца словамі: «Я — Пан Бог твой, які вывеў цябе з зямлі егіпецкай, з дому няволі» (Зых 20, 2). Захаванне запаведзяў выводзіць нас з палону граху да свабоды Божых дзяцей.
Уваскрасенне Езуса адкрывае нам, што цялесная смерць — гэта яшчэ не канец. Таму адзінае, што нас павінна хваляваць, гэта каб мы не апынуліся ў стане духоўнай смерці. Смерць у такім сэнсе азначае жыццё, аддаленае ад Бога. Духоўная смерць пачынаецца з цяжкога граху — свядомага, дабравольнага і прамога парушэння Божых запаведзяў. Цялесная смерць — гэта толькі брама, за якой ідзе працяг таго, што мы абралі на зямлі. Уваскрэснуць з мёртвых азначае выбіраць Божы спосаб жыцця, які пачынаецца праз жыццё ў Божай ласцы.
Радасная навіна аб уваскрасенні Езуса заключаецца ў тым, што мы ўжо тут, на зямлі, удзельнічаем у вечным жыцці.
Дзякуючы ўваскрасенню Хрыста ў кожным верніку ёсць зерне ўваскрасення. Падобна да таго, як падчас Эўхарыстыі мы цэлебруем не новую ахвяру крыжа, а складаем тую самую адзіную ахвяру, прынесеную Хрыстом, таксама і ўваскрасенне ўжо дзейнічае ў нас, калі мы прымаем Хрыста і падтрымліваем жывыя адносіны з Ім.
2. Ужо больш за год людзі свету перажываюць роспач і няўпэўненасць у сваёй будучыні. Пандэмія каранавірусу яшчэ раз паказала, якое крохкае існаванне чалавека нават у эпоху сучасных тэхналогій. Нябачны воку вірус уціхамірвае людскую пыху.
Гэты вірус прынёс бяду ў нашыя дамы і на нашыя вуліцы. Нам можа здавацца, што Бог маўчыць пакуль церпяць невінаватыя.
Хрыстус вучыць нас з годнасцю пераносіць цярпенне, і Ён неабыякавы да нашых жыццёвых клопатаў.
Пустая магіла, у якую паклалі цела Езуса, сімвалізуе мост, які пабудаваў Хрыстус, — мост паміж смерцю і жыццём, паміж роспаччу і надзеяй. Ідучы шляхам Месіі, мы таксама можам будаваць масты еднасці нават там, дзе гэта здаецца немагчымым. Мы спадзяемся на тое, што пасля смерці нас не чакае небыццё. Уваскрасенне — гэта мост, які вядзе па-за межы смерці. Ад нас залежыць, ці захочам мы, каб кожны жыццёвы выбар набліжаў нас да жыцця з Богам, бо цялесная смерць можа адкрыць нам Божае Валадарства ў поўнай меры.
3. Там, дзе ёсць падзелы, мы можам быць творцамі гармоніі, прабачэння і паяднання. Праз гэта мы будзем сведчыць пра надзею ўваскрасення і любоў Хрыста да кожнага чалавека не толькі на словах, але і праз учынкі. Сіла ўваскрасення, атрыманая падчас хросту, дзейнічае ў нас, калі ў нас ёсць гатоўнасць любіць, ісці за нашым Панам, калі мы маем настойлівасць у ахвярнасці дзеля іншых, вернасць памкненням сэрца, якія дапамагаюць нам пераадольваць эгаізм.
Чалавек носіць у сабе вобраз нябачнага Бога, а таму праяўленне любові да бліжняга паказвае, наколькі мы любім нашага адзінага Айца ў Небе. Памятайма, што праз сваё ўваскрасенне Хрыстус запрашае нас стаць больш чалавечнымі. Езус перасцерагае нас ад такой формы веры, калі чалавек толькі кліча «Пане, Пане», але насамрэч не выконвае волю Бога, бо ігнаруе патрэбы сваіх братоў і сясцёр.
Любоў да Бога і да бліжніх патрабуе канкрэтнага выражэння ў словах і справах.
Асабліва прашу бескарысліва дапамагаць тым у нашай светлай Бацькаўшчыне, хто цяпер прыгнечаны жыццёвымі абставінамі і не можа або саромеецца папрасіць аб дапамозе. Што б ні адбывалася вакол нас — не бойцеся рабіць дабро.
13 красавіка 1991 года святы Ян Павел II аднавіў структуры Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Гэта стала магчымым дзякуючы адвазе тых вернікаў і пастыраў нашай зямлі, якія ў часы пераследу не гублялі надзеі ў Богу, якія захавалі і перадалі веру ў Бога наступным пакаленням; якія не толькі з пакорай чакалі ўваскрасення Касцёла, давяраючы словам Хрыста, што брамы пякельныя не перамогуць Яго (пар. Мц 16, 18), але і дзейнічалі: вучылі дзяцей маліцца, патаемна рыхтаваліся да сакрамэнтаў споведзі і Камуніі, да сужэнства, да святарства, клапаціліся аб вяртанні касцёлаў. Ёсць і ў наш час тыя, хто дзеля дабра іншых рызыкуе сваім грамадскім становішчам і нават жыццём.
4. Дарагія браты і сёстры!
Я хачу падзяліць з вамі радасць уваскрасення Пана, але разумею, што сёлета не ў кожнай сям’і велікодная радасць будзе поўнай. Горача прашу Бога, каб Ён у сваёй міласэрнасці дапамог усім нам — пастырам і вернікам — супрацьстаяць выклікам нашага часу. Кожная цемра змяняецца святлом. Разам з вамі малюся аб гэтым святле.
Беларуская паэтка Ларыса Геніюш у адным са сваіх вершаў напісала:
«Хрыстос уваскрос з крыві і болю, каб светач праўды не пагас». Няхай не пагасне праўда ў нашым грамадстве, няхай яно ідзе за Хрыстом, бо Ён — «дарога і праўда, і жыццё» (пар. Ян 14, 6).
Дарагія браты і сёстры, жадаю вам радасці і надзеі, якую нясе Уваскрослы Хрыстус. Будзем разам спяваць радаснае Алеллюя, праслаўляючы Бога за тое, што мы ўжо нясем у сабе частку неба.
Віншую католікаў і тых хрысціянаў, якія сёння адзначаюць гэтае свята!
Віншую нашых праваслаўных братоў, якія цяпер, падчас Вялікага посту, рыхтуюцца да святкавання пасхальнай таямніцы. Дарагія праваслаўныя і ўсе людзі добрай волі, аб’яднаўшы нашыя намаганні, мы можам быць знакам адзінства і надзеі для свету.
На радаснае і плённае перажыванне Вялікадня ад усяго сэрца вас благаслаўляю.
Мінск, 28 сакавіка 2021 г., Пальмовая нядзеля
Біскуп Казімір Велікаселец
Апостальскі Адміністратар sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
P.S. Святарам належыць прачытаць гэтае Пасланне вернікам на Вялікдзень 4 красавіка 2021 г.