Пошук

24.03.2021 15:14   Grodnensis.by

Паведамленне
адносна цэлебрацый набажэнстваў Вялікага тыдня
ў сувязі з пандэміяй каранавірусу

№ 46/21

У сувязі з пандэміяй каранавірусу, якая працягваецца ў свеце, Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў 17 лютага выдала Ноту, якая пакідае ў сіле распараджэнні і рэкамендацыі, змешчаныя ў Дэкрэце гэтай Кангрэгацыі ад 25 сакавіка 2020 г., што датычацца цэлебрацый Пальмовай нядзелі і Пасхальнага трыдууму.

У кантэксце актуальнай эпідэміялагічнай сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь, з клопатам пра духоўнае і фізічнае здароўе вернікаў, беручы пад увагу вышэйзгаданыя дакументы Святога Пасаду, як і ўлічваючы адсутнасць заканадаўчых абмежаванняў адносна супольнага прабывання асоб і іх перамяшчэння, пастанаўляю захоўваць таксама ў гэтым годзе мінулагоднія распараджэнні і рэкамендацыі, якія датычацца цэлебрацый Пальмовай нядзелі і Пасхальнага трыдууму.

У сувязі з гэтым:

  1. Набажэнства Пальмовай нядзелі, якое нагадвае пра ўрачысты ўезд Езуса ў Ерузалем, належыць цэлебраваць паводле другой або трэцяй формы Рымскага Імшалу, выключаючы ўрачысты працэсійны ўваход.
  2. Імша Хрызма ў Вялікі чацвер 1 красавіка 2021 г. у 10.00 будзе цэлебравацца, як звычайна, у гродзенскай катэдры з удзелам ксяндзоў дэканаў і святароў, якія пажадаюць у ёй удзельнічаць. Сустрэча святароў у Курыі пасля заканчэння Імшы не плануецца.
  3. Імшу Вячэры Пана належыць цэлебраваць паводле звычайнага парадку, выключаючы абрад абмыцця ног.
  4. Літургію Мукі Пана ў Вялікую пятніцу належыць цэлебраваць паводле звычайнага парадку з наступнымі зменамі:
  • у агульнай малітве пасля дзявятага (перадапошняга) закліку трэба дадаць інтэнцыю аб спыненні эпідэміі (тэкст у дадатку ТУТ>>>);
  • акт адарацыі Крыжа праз пацалунак здзяйсняе толькі цэлебрант. Іншыя ўдзельнікі набажэнства адаруюць Крыж супольна праз укленчванне або нізкі паклон. Таксама пасля заканчэння набажэнства Крыж не адаруюць індывідуальна праз пацалунак. Крыж належыць устанавіць у адпаведна падрыхтаваным месцы для супольнай адарацыі.
  1. Благаслаўленне страваў на велікодны стол належыць здзяйсняць паводле звычайнага парадку. Ваду для благаслаўлення вярнікі могуць прынесці з сабой ва ўласных начыннях. Нельга захоўваць у касцёле ў адным начынні ваду для раздавання вернікам.
  2. Пасхальную вігілію належыць цэлебраваць паводле звычайнага парадку. У залежнасці ад канкрэтнай сітуацыі, паводле разважлівага меркавання пробашча, можна выключыць абрад благаслаўлення агню і працэсію з пасхалам. У такім выпадку належыць распачаць літургію з запальвання пасхала каля алтара і спеву Абвяшчэння Пасхі Exsultet (у карацейшай версіі). Літургію хросту належыць абмежаваць абрадам аднаўлення абяцанняў хросту.
  3. Рэзурэкцыйная працэсія можа адбыцца паводле мясцовага звычаю (пасля Імшы Пасхальнай вігіліі, дзе існуе такая практыка, або перад ранішняй Імшой у нядзелю Уваскрасення Пана). Паводле разважлівага меркавання пробашча, рэзурэкцыйную працэсію можна не праводзіць. Дзе існуе такі звычай, перад Імшой у велікодную раніцу можа адбыцца начная эўхарыстычная адарацыя.
  4. Падчас цэлебрацыі ўсіх набажэнстваў належыць захоўваць умеркаванасць і разважлівасць, пазбягаючы празмернага падаўжэння часу правядзення літургіі.

Шаноўным святарам, кансэкраваным асобам і вернікам жадаю Божага благаслаўлення і вытрымкі ў гэты час асаблівага выпрабавання, каб мы ўсе, нягледзячы на эпідэмію каранавірусу, маглі добра падрыхтавацца і годна адзначыць як Пальмовую нядзелю, так і Пасхальны трыдуум.

З пастырскім благаслаўленнем

Aляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі

Гродна, 22 сакавіка 2021

Абноўлена 03.05.2021 17:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.