Пошук

20.03.2021 16:04   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

19 сакавіка, ва ўрачыстасць святога Юзафа, у парафіі святога Мікалая, біскупа, у Свіры (Мядзельскі дэканат) распачался перэгрынацыя копіі абраза Святой Сям’і з санктуарыя святога Юзафа ў польскім Калішы.

Такім чынам у гэтай парафіяльнай супольнасці вырашылі перажыць Год сям’і, прысвечаны разважанню над Апостальскай адгартацыяй Папы Францішка Amoris lætitia, выдадзенай пяць гадоў таму. Па ініцыятыве Святога Айца ён праходзіць у Касцёле з 19 сакавіка па 22 чэрвеня 2022 года.

Падчас урачыстай святой Імшы ў свірскім касцёле святога Мікалая, біскупа, абраз Святой Сям’і благаславіў Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец.

Даючы старт парафіяльнай перэгрынацыі абраза на пачатак Года сям’і, іерарх заклікаў мясцовых вернікаў імкнуцца наследаваць святога Юзафа ў сваім штодзённым сямейным жыцці, каб па яго прыкладу стаць перад Богам з чыстым сумленнем.

Біскуп Казімір падкрэсліў, што гэта з’яўляецца галоўным жыццёвым заданнем кожнага веруючага чалавека.

«Няхай святы Юзаф у гэтым абразе Святой Сям’і прыйдзе ў вашыя дамы і благаславіць вашыя сем’і, як благаславіў сваёй пакорнай прысутнасцю дом у Назарэце, дзе пад яго бацькоўскай апекай разам з Найсвяцейшай Паннай Марыяй узрастаў Сын Божы Езус Хрыстус, Збаўца свету», — пажадаў Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ўсім тутэйшым вернікам, перадаючы абраз жыхарам вёскі Болькава, з якой распачалася парафіяльная перэгрынацыя абраза Святой Сям’і.

Ва ўрачыстай Эўхарыстыі па запрашэння пробашча парафіі ў Свіры ксяндза каноніка Багуслава Маджэеўскага ўзялі ўдзел семінарысты падрыхтоўчага курсу на чале з іх куратарам ксяндзом Паўлам Эйсмантам. Будучыя святары высока ацанілі пастырскую крэатыўнасць свірскага пробашча адзначыўшы, што гэта карысны вопыт на пачатку іх уласнай святарскай фармацыі.

Пасля Імшы ў святыні адбылося адкрыццё выставы ў аўтарскім фармаце «Крыжовы шлях», на якой экспануюцца працы фатографаў Віктара Ведзеня і Дзмітрыя Кульпановіча.

Фотапараект «Крыжовы шлях» у мінулым годзе ўпершыню быў прадстаўлены ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы ў Мінску, дзе традыцыйна падчас Вялікага тыдня адбываліся інсцэніраваныя набажэнствы Крыжовага шляху.

«Правядзеннне аўтарскай фотавыставы ў Свіры — гэта для мяне перадусім магчымасць падзяліцца з вернікамі маёй роднай парафіі перажываннямі Крыжовага шляху, і такім чынам далучыцца да духоўнай падрыхтоўкі да свята», — падзяліўся Віктар Ведзень з біскупам Казімірам Велікасельцам, які стаў адным з першых наведвальнікаў яго выставы ў роднай парафіяльнай святыні фотамастака.

Наведаць выставу можна да 4 красавіка ў касцёле святога Мікалая, біскупа, у Свіры.

Абноўлена 06.12.2021 21:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.