Пошук

08.03.2021 11:10   Фота: Віктар Обух / Catholic.by

У нядзелю 7 сакавіка арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў адпустовую ўрачыстасць у парафіі святога Казіміра ў Стоўбцах.

Па запрашэнні тутэйшага пробашча ксяндза каноніка Ігара Лашука заслужаны іерарх цэлебраваў святую Імшу для парафіяльнай супольнасці ў новазбудаваным касцёле.

Зусім нядаўна, у сонечны кастрычніцкі дзень, калі арцырпастыр знаходзіўся ў выгнанні, біскуп Юрый Касабуцкі благаславіў шпіль святыні і паведаміў удзельнікам гэтай знамянальнай падзеі пра тое, што арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч менаваў ксяндза Ігара Лашука канонікам Мінска-Магілёўскага катэдральнага капітулу.

Цяпер жа, з нагоды парафіяльнай урачыстасці, арцыпастыр сам змог павіншаваць вернікаў і маліцца разам з імі ў яшчэ неатынкаваным усярэдзіне касцёле.

Звяртаючыся да прысутных на цэлебрацыі святароў, кансэкраваных асоб, парафіянаў і гасцей, арцыбіскуп Кандрусевіч прапанаваў ім паразважаць над тым, чым з’яўляецца сапраўдная мудрасць жыцця, што так яскрава праявілася ў кароткім, але святым зямным шляху каралевіча Казіміра.

У прамоўленай гаміліі іерарх працытаваў вядомага тэолага ХХ стагоддзя дамініканіна Мары-Дамініка Шэню, які лічыў, што самым важным у жыцці чалавека з’яўляецца мудрасць. На думку тэолага, яна праяўляецца ва ўменні належным чынам арганізаваць жыццё самога чалавека і грамадства, а таксама ў здольнасці прымаць адпаведныя рашэнні і аб’ектыўна ацэньваць сітуацыю. Мудрасць вядзе чалавека да любові да Бога і людзей. Яна з’яўляецца Божым дарам і яе можа прыняць толькі чалавек чыстага сэрца.

«Такім чалавекам быў святы Казімір, каралевіч. Яму можна адрасаваць словы кнігі мудрасці Эклезіяста, што „калі яшчэ быў маладым, то шукаў мудрасці; прасіў яе ля брамы святыні“», — сцвердзіў іерарх.

Ён нагадаў, што гэты высакародны малады чалавек адзначаўся справядлівасцю, клопатам пра бедных і пабожнасцю, асаблівай пашанай да Эўхарыстыі і любоўю да Панны Марыі.

«Ён штодзённа браў удзел у святой Імшы. Яго часта можна было бачыць уначы на каленях перад зачыненымі дзвярыма віленскай катэдры. У яго труне знайшлі гімн на лацінскай мове ў гонар Божай Маці Omni die dic Mariæ, што азначае «Кожны дзень праслаўляй Марыю». Ён цвердзіў, што недастаткова толькі не чыніць зла: неабходна ўдасканальвацца ў цнотах», — дадаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Пры гэтым ён адзначыў, што святы Казімір, будучы чалавекам мудрым, ведаў што важнейшаю за мудрасць з’яўляецца любоў, што становіцца крытэрыем святасці і сведчыцьь пра прысутнасць Бога, які ёсць любоў.

«Успамін святога Казіміра прыпадае на Вялікі пост, калі мы ўслухоўваемся ў словы Езуса: навяртайцеся і верце ў Евангелле. Яны адкрываюць перад намі новую перспектыву вечнага жыцця.

<…> Такім шляхам ішоў святы Казімір. Мы таксама павінны ім ісці, каб дасягнуць духоўнай дасканаласці і святасці», — падкрэсліў іерарх.

Ён заахвоціў удзельнікаў Эўхарыстыі праз прызму Божага закону паглядзець, якімі мы на самай справе з’яўляемся: сапраўднымі хрысціянамі ці штучнымі.

«Мы жывем у такі час, калі натуральныя рэчы, вырабы і нават ежа замяняюцца штучнымі, бо яны таннейшыя. Але ніколі таннейшымі не могуць быць маральныя каштоўнасці. Яны не могуць дэвальвавацца.

Евангелле дадзена нам не для таго, каб мы яго змянялі, але каб яно змяняла нас згодна з патрабаваннямі маральнага закону», — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.

На заканчэнне заслужаны іерарх сцвердзіў:

«Жыццё чалавека з’яўляецца няспыннай барацьбой, у якой дабром мы павінны перамагаць зло.

У кожную эпоху гісторыі чалавецтва патрэбныя не столькі рэфарматары і рэвалюцыянеры, колькі людзі мудрыя і святыя.

Няхай добры Бог адорыць нас ласкай быць падобнымі ў гэтым да нашага нябеснага апекуна святога Казіміра, каб будаваць цывілізацыю жыцця і любові, а ў вечнасці разам з ім падзяліць радасць неба», — завяршыў сваю гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Абноўлена 08.03.2021 11:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця