Пошук


У пятніцу 9 кастрычніка ў Стоўбцах на вежы новазбудаванага касцёла святога Казіміра быў усталяваны шпіль, які благаславіў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Першы мураваны касцёл быў пабудаваны ў Стоўбцах у сярэдзіне XVII стагоддзя пры кляштары дамініканаў, прыёрам якога быў айцец Фабіян Мілашэвіч — святар, вядомы вялікай пабожнасцю і святасцю жыцця. Айцец Фабіян займаўся будаўніцтвам святыні, але адышоў у вечнасць да яго завяршэння і быў пахаваны ў адной з капліц касцёла, асвячанага ў 1675 годзе ў гонар святога Казіміра.

Складаны лёс выпаў на долю стаўбцоўскай святыні. У 1832 г. кляштар дамініканаў зачынілі, а касцёл святога Казіміра стаў парафіяльным і дзейнічаў да 1868 г, калі таксама быў зачынены і перабудаваны ў праваслаўную царкву. У 1921 г. адбудаваная святыня зноў стала каталіцкім касцёлам. У 1930 г. на адной з веж касцёла, якіх было дзве, зрабiлi надбудову з высокiм шпiлем.

Штонядзелю раніцай з касцёльнай вежы разносілася мелодыя пабожнага спеву, якую на кларнеце выконваў жаўнер вайсковага аркестру, заклікаючы жыхароў да малітвы.

Святыня перажыла вайну, але не перажыла панаванне атэістычнага савецкага рэжыму. Перароблены спачатку ў склад, касцёл быў знішчаны ў 1958 годзе (па іншых звестках — у сярэдзіне 1960 гадоў). Да гэтага часу месца зруйнаванай святыні пустуе. Побач з ім пабудаваная школа, дзе ў лютым мінулага года адбылася жахлівая трагедыя, што скалынула ўсю Беларусь.

Больш за тры дзесяцігоддзі ў райцэнтры не было каталіцкай святыні, і мясцовыя вернікі ездзілі на Імшу ў Новы Свержань. Але з падзеннем Савецкага Саюза рэлігійнае жыццё ў Стоўбцах пачало адраджацца: з’явілася прыгожая капліца, распачалося будаўніцтва касцёла. З прызначэннем пробашчам парафіі ксяндза Ігара Лашука яно як быццам атрымала «другое дыханне».

Важным этапам пабудовы новай святыні стала ўсталяванне на 22-метровай касцёльнай вежы 23-метровага шпіля, падобнага да таго, які ўвянчаў вежу стаўбцоўскага касцёла 90 гадоў таму.

З гэтай нагоды парафію наведаў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, які ўзначаліў у капліцы цэлебрацыю святой Імшы. На Эўхарыстыю сабраліся мясцовыя вернікі, святары з суседніх парафій, а таксама канонікі Мінска-Магілёўскага катэдральнага капітулу, у склад якога Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч уключыў таксама стаўбцоўскага пробашча ксяндза Ігара Лашука за яго вялікую святарскую руплівасць.

Біскуп Юрый Касабуцкі перадаў стаўбцоўскім вернікам і іх душпастыру сардэчнае прывітанне ад арцыбіскупа Кандрусевіча, які, знаходзячыся ў выгнанні, духоўна застаецца са сваёю пастваю ў Беларусі. На заканчэнне святой Імшы з рук іерарха новапрызначаны ксёндз канонік Ігар Лашук прыняў адмысловае адзенне, якое з’яўляецца знешнім знакам яго касцёльнай годнасці.

Малітва працягнулася на будаўнічай пляцоўцы перад новым касцёлам, дзе біскуп Юрый Касабуцкі благаславіў увянчаны крыжам шпіль святыні. Пасля акраплення асвячонаю вадою гэтая 12-тонная канструкцыя з дапамогаю магутнага крана была ўзнятая на больш як 20-метровую вышыню і ўсталываная на вежы.

Такім чынам, новазбудаваны касцёл святога Казіміра зноў стаў самым высокім будынкам у горадзе, як і папярэдняя святыня, знішчаная злачыннай уладай.

Як адзначыў у прамоўленым падчас святой Імшы Божым слове біскуп Юрый Касабуцкі, стромкая вежа з крыжам, якую відаць здалёк, цяпер зноў будзе сведчыць у Стоўбцах пра бязмежную Божую любоў, вяршыняй якой стала збаўчая смерць Хрыста на крыжы. Нездарма благаслаўленне і ўсталяванне шпіля адбылося ў пятніцу — дзень, калі Сын Божы праліў сваю Кроў дзеля адкуплення ўсяго свету з няволі злога духа.

   

Абноўлена 10.10.2020 17:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.