У панядзелак 4 сакавіка вернікі парафіі святога Казіміра ў Маладзечне (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія), у якой нясуць служэнне меншыя браты капуцыны, адзначылі адпустовую ўрачыстасць.
З гэтай нагоды парафіяльную супольнасць у сваім родным горадзе наведаў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.
У парафіі, да якой належалі яго бацькі, у дзень імянінаў свайго таты, які адышоў у вечнасць у 2022 годзе, іерарх узначаліў цэлебрацыю ўрачыстай Эўхарыстыі.
Як паведамляецца на сайце маладзечанскай парафіі святога Казіміра Рio.by, нягледзячы на працоўны дзень, увечары касцёл быў поўны людзей. Аддаць пашану святому Казіміру прыбылі ксёндз пралат, грэміяльны канонік Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, пробашч парафіі святога Юзафа ў Маладзечне і дэкан Маладзечанскі, а таксама святары з розных парафій дэканату і не толькі.
Парафіяне выказалі падзяку іерарху за прынятае запрашэнне і прывіталі земляка як «свайго маладзечанскага» біскупа, якому заўсёды радыя.
У прамоўленай гаміліі біскуп Касабуцкі адзначыў, што ўспамін кожнага святога — гэта не проста ўзгадванне біяграфічных звестак пра яго.
«Успамін святога мае падвойнае значэнне: па-першае, гэта наша малітва з просьбай аб яго заступніцтве, па-другое, гэта яго прыклад наследавання Хрыста», — падкрэсліў іерарх. Гаворачы пра прыклад святога Казіміра, біскуп звярнуў асаблівую ўвагу на клопат пра бедных, што няспынна праяўляў гэты малады каралевіч, які вельмі рана адышоў у вечнасць. Акрамя таго, іерарх адзначыў моцную веру і пабожнасць Казіміра, а таксама радасць, якую ён перажываў ад кожнай сустрэчы з Богам.
«Казімір уставаў вельмі рана, і першае, што яму хацелася зрабіць, гэта сустрэцца з Богам. Ніхто нават не ведаў, а якой гадзіне раніцай каралевіч уставаў, бо ён вельмі ціха выходзіў, не жадаючы нікому ствараць клопату», — нагадаў красамоўны факт з біяграфіі святога біскуп Касабуцкі. Ён дадаў, што варта наследвання і тое, як святы Казіміра перажываў сваю хваробу: «Калі ўжо не мог сам прыходзіць да касцёла, прасіў капелана, каб штодня ўдзяляў яму святую Камунію. Ён прагнуў сустракацца з Богам».
«Глыбокая вера, пабожнасць, любоў да Бога, чуласць, адкрытасць на іншага чалавека і любоў да яго — гэта той шлях, якім усе мы, і свецкія вернікі, і духавенства, запрошаны ісці за Хрыстом па прыкладу святога каралевіча. <…> Асаблівым прыкладам яго жыццё з’яўляецца для братоў і сясцёр францішканскага ордэна свецкіх, бо святы Казімір быў тэрцыярыем», — зазначыў іерарх.
Заахвоціўшы сабраных на Эўхарыстыі вернікаў паклапаціцца пра тое, каб жыццёвы шлях кожнага быў скіраваны да Божага Валадарства, пастыр дадаў: «Мы самі па сабе слабыя людзі, але з дапамогай Божай і святых можам многае.
Мы ўсе, і свецкія, і святары, сабраліся на ўрачыстасць святога Казіміра, апекуна парафіі, з надзеяй, што ён „замовіць слоўца“ за нас, выпрасіць у Пана Бога для кожнага з нас патрэбныя ласкі», — сказаў на заканчэнне гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі.
Напрыканцы Імшы іерарх выказаў віншаванні з імянінамі ўсім, хто носіць імя Казімір або Казіміра, перадаўшы ім свае найлепшыя пажаданні.