У чацвер 4 сакавіка Апостальскі адміністратар sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец наведаў парафію святога Казіміра ва Уселюбе (Навагрудскі дэканат), дзе ў дзень сваіх імянінаў узначаліў фэст у гонар святога апекуна адной з самых старадаўніх каталіцкіх супольнасцяў у Беларусі.
Па запрашэнні пробашча ўселюбскай парафіі ксяндза Віталя Цыбульскага іерарх узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў мясцовым гатычным касцёле. У прамоўленай падчас Эўхарыстыі гаміліі пастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі падкрэсліў значэнне прыкладу асобы святога Казіміра для сучаснага чалавека. Іерарх звярнуў увагу на тое, што гэты святы, нягледзячы на магчымасць жыць па-каралеўску, перш за ўсё імкнуўся да Бога, шукаў сустрэчы з Ім праз малітву, шмат дапамагаў бедным і хворым людзям.
«Малітва і добрыя ўчынкі — вось такім павінна быць нашае жыццё!» — заклікаў біскуп Велікаселец.
Святога Казіміра ўшаноўваць па усёй тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага, таму абразы з яго выявай можна сустрэць у многіх беларускіх касцёлах.
Святы Казімір з’яўляецца апекуном Гродзенскай дыяцэзіі, да якой адносіцца парафія ва Уселюбе, што непадалёк ад першай сталіцы ВКЛ старажытнага Навагрудка.
Нарадзіўся святы Казімір (1458–1484) у шматдзетнай сям’і, у якой было 13 дзяцей. Яго бацькам быў кароль Польшчы і вялікі князь літоўскі Казімір IV Ягелончык.
У маладым узросце каралевіч прынёс Богу абяцанне чыстасці і выстаяў у сваёй пастанове да канца жыцця, якое абарвалося даволі рана. Пост, Эўхарыстыя, чытанне Святога Пісання, споведзь, сціпласць, самаахвяраванасць, міласэрнасць, міратворчасць, прага нябесных, а не зямных багаццяў, пашана да бацькоў, распаўсюджванне веры праз будаўніцтва касцёлаў і кляштараў на тэрыторыі ВКЛ — усё гэта было падмуркам яго кароткага, але дастойнага жыцця.
Святы Казімір адрозніваўся любоўю і пашанай да Бога і Найсвяцейшай Панны Марыі. Малітва і адарацыя былі штодзённым прагненнем маладога каралевіча. У яго, як адзначыў біскуп Велікаселец, быў дар малітвы: размова з Богам прыносіла яму надзвычайную радасць.
Менавіта так і распачалася сустрэча біскупа і вернікаў ва ўселюбскай парафіі Святога Казіміра — з ціхай адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і ружанцовай малітвы.
Найстарэйшы беларускі іерарх заўважыў, як на прыкладзе жыцця святога Казіміра можна ўбачыць, што каралеўскія дзеці выхоўваліся ў глыбокай веры і пашане да Бога. Для іх выхавання бацькі запрашалі святароў, ладзілі сямейныя пілігрымкі да святыняў, даючы дзецям прыклад веры.
Узгадваючы часы атэізму на нашай зямлі, біскуп адзначыў, як важна даць сваім дзецям моцны падмурак жыцця — веру, каб часы бязбожнага панавання зла больш ніколі не вярнуліся.
Па словах іерарха, учынены грэх адбірае ў чалавека сілу розуму, таму ён павінен клапаціцца аб чысціні душы, бо ад гэтага залежыць уся яго дзейнасць.
У сувязі з гэтым біскуп Казімір прыгадаў жыццёвы шлях некалі перакананай атэісткі Эдыты Штайн (святой Тэрэзы Бэнэдыкты ад Крыжа), якая, будучы вельмі адукаванай і разумнай асобай, аднойчы задалася пытаннем пра сэнс жыцця і знайшла яго ў Богу. Яна прааналізавала ўсе хрысціянскія рэлігіі і вырашыла прыйсці ў заснаваны Хрыстом Каталіцкі Касцёл, які нёс і нясе праўду пра Бога. Эдыта Штайн прыняла рашэнне ісці за Богам да канца, ажно да крыжа. 9 жніўня 1942 года яна прыняла мучаніцкую смерць у канцлагеры Асвенцыма, аддаючы жыццё як ахвяру за свой народ, каб людзі любілі адзін аднаго, а не забівалі. Сёння гэтая святая манашка габрэйскага паходжання — апякунка Еўропы.
«Будзем мець надзею на Бога, каб у нас была любоў, узаемаразуменне, мудрасць. — заклікаў прысутных пастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. — А ўсё гэта мы атрымліваем асабліва тады, калі прыходзім на святую Імшу».
Іерарх заахвоціў вернікаў няспынна набліжацца да Бога праз малітву, чытанне Божага слова, пакаянне, пост і Эўхарыстыю, заклікаў будаваць жыццё на прыкладзе святога Казіміра і яго пабожнай сям’і.
Памаліцца разам з біскупам і павіншаваць яго з імянінамі прыбылі госці з розных куткоў Беларусі: прадстаўнікі «Легіёна Марыі» з Мінска і Іўя, святары і вернікі з Навагрудка, Дзятлава, Раготны, Казлоўшчыны, Наваельні, кансэкраваныя асобы з Іўя.
Усе прысутныя атрымалі падарунак ад біскупа — Ларэтанскую літанію да Маці Божай.
Нагадаем, што цяпер адзначаецца Ларэтанскі юбілей, які Святы Айцец працягнуў да 10 снежня.