Ксёндз Аляксандр Шэмет, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адамавічах (Сапоцкінскі дэканат), звярнуўся да мастачкі Юліі Кульбы, вядомай у тату-індустрыі як Pipetka, з прапановай аднавіць стацыі Крыжовага шляху і выяву Хрыста Добрага Пастыра ў парафіяльным касцёле.
Юлія Кульба жыве ў Адамавічах, мае дзве мастацкія адукацыі. Яна ніколі не працавала з творамі рэлійнай тэматыкі, але згадзілася ўзяцца за новую для сябе працу.
«Для мяне гэта першы такі досвед, цікавы. Праца на карысць касцёла, але і людзей, якія сюды прыходзяць», — адзначыла мастачка ў размове з Нrodna.life.
У рэстаўрацыйных працах Юліі Кульбе дапамагала яе сястра, таксама мастачка па адукацыі. У ходзе аднаўлення 14 барэльефаў — стацый Крыжовага шляху Хрыста — трэба было адрамантаваць сколы і аднавіць адбітыя элементы.
Праца з выявай Хрыста Доборага Пастыра з унутранага боку над уваходам у касцёл заключалася ў наступным:
«Пано выглядала практычна завершаным, я выдаляла толькі тынкоўку, якая аблупілася, падфарбавала там, дзе было патрэбна.
Крыху прапісала пыскі авечкам: яны былі толькі пазначаны. Але пасля прапанавала ксяндзу моцна пано не чапаць, каб засталося ўсё максімальна як пры аўтары», — расказала Юлія Кульба.
Мастачкі працавалі ў касцёле тыдзень, выключна пры дзённым святле.
Касцёл у Адамавічах быў пабудаваны ў 1854 годзе. Стацыі Крыжовага шляху, змешчаныя ў святыні, да гэтага рэстаўраваліся 60 гадоў таму былым вязнем савецкага лагера, які, будучы ў ссылцы, пазнаёміўся з ксяндзом Казімірам Арлоўскім, тагачасным пробашчам парафіі ў Адамавічах. Аднак па стане здароўя рэстаўратар не змог скончыць працу.
Ксёндз Казімір Арлоўскі (1914–1987 гг.) атрымаў святарскае пасвячэнне у 1939 годзе. Быў капеланам Арміі краёвай, якая змагалася з нямецкімі акупантамі, а пазней і з савецкай уладай. 5 ліпеня 1950 года быў арыштаваны за антысавецкую прапаганду. Падазраваўся ва ўкрыцці партызан. Святара асудзілі на расстрэл, але ў выніку смяротную кару замянілі на 25 гадоў у лагерах Комі.
Ксёндз Арлоўскі адбыў там сем гадоў, пасля чаго вярнуўся ў Адамавічы, дзе распачаў аднаўленне касцёла.