19 лютага ў гродзенскай катэдры святога Францішка Ксавэрыя Ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы за спачылага айца Казіміра Жыліса SI.
Разам з арцыбісупам літургію канцэлебравалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і шматлікія святары.
У гаміліі іерарх узгадаў пастырскі шлях айца Казіміра: «Як езуіт усё сваё жыццё і служэнне ў роднай Літве, Украіне і Беларусі, якая стала для яго другой Айчынай, ён прысвяціў для большай славы Бога — Ad maiorem Dei gloriam».
«Айцец Казімір адчыняў і рамантаваў касцёлы і капліцы. Дзе толькі мог, евангелізаваў. Клапаціўся пра пакліканні да святарскага і манаскага жыцця. Яго выхаванцам з’яўляецца біскуп Юзаф Станеўскі, — працягваў мітрапаліт. — Ён не паддаваўся сучасным тэндэнцыям маральнага рэлятывізму і цвёрда стаяў на варце нязменнага Божага закону».
Арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў, што спачылы пастыр «мужна змагаўся за захаванне цывілізацыі жыцця і любові, а таксама быў найбольш вядомым і папулярным спаведніком у Гродне».
«Усім вядомы яго змаганні і дасягненні ў барацьбе з нашай нацыянальнай бядой — алкагалізмам, а таксама наркаманіяй. Ён першым у нашай краіне працягнуў руку духоўнай дапамогі вязням і быў для іх неабвержным аўтарытэтам»,— дадаў арцыпастыр.
Спачылы езуіт пакінуў пасля сябе велізарны відэаархіў адраджэння Касцёла ў Беларусі, арганізаваў анлайн-трансяцыі набажэнстваў.
«У савецкія часы ганенняў на веру ён быў знакам супраціву, і яго ўсімі сіламі атэістычная ўлада хацела выслаць з Беларусі.Але парадокс у тым, што тыя ж самыя асобы пасля сацыяльна-палітычных перамен 90-х гадоў мінулага стагоддзя з вялікай пашанай выказваліся пра яго — чалавека і святара, які абвяўшчаў маральныя каштоўнасці і выступаў за здаровы лад жыцця. Як ваяр за маральныя каштоўнасці, ён застаўся знакам супраціву і ў нашыя часы лібералізму і адыходу ад Бога», — сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Будучы рашучым і нават суровым у справах маральнасці і этыкі, як падкрэсліў мітрапаліт, у той жа час а. Казімір заставаўся вельмі сяброўскім, з пачуццём здаровага гумару.
«Пра яго можна сказаць, што па нараджэнні ён быў літоўцам, але паводле паклікання — хрысціянінам», — падсумаваў іерарх.
«Чалавеку дадзена адзін раз памерці, а потым — суд, — працытаваў арцыбіскуп Святое Пісанне. — Айцец Казімір Жыліс быў вельмі моцным і здаровым чалавекам. На праваслаўнае хрышчэнне акунаўся ў ледзяную ваду на Юбілейным возеры каля Гродна, чым здзіўляў многіх. Але хвароба можа зваліць нават самых моцных. Так сталася з і айцом Казімірам.
Некалькі гадоў ён мужна змагаўся з ракам крыві. Гэтую цяжкую хваробу ўскладніў каранавірус, што прывяло да лятальнага канца.Бог паклікаў да сябе легендарнага святара, які праз сваё служэнне стаў голасам сумлення і светачам у амаральнай цемры сучаснасці не толькі ў горадзе над Нёманам, але і ва ўсёй Беларусі».
Айцец Казімір Жыліс, як дадаў мітрапаліт, «жыў не для сябе, а для Касцёла, вернікаў і грамадства»: «Ён не імкнуўся да матэрыяльных каштоўнасцяў і зямной славы. Пра яго можна сказаць словамі Святога Пісання: голым нарадзіўся і голым пакінуў гэты свет. Але яго рукі поўныя Божай ласкі і добрых учынкаў.
Прыклад яго жыцця — гэта яго запавет усім нам: усё чыніць на хвалу Божую, ніколі не здраджваць Яму, несці і бараніць евангельскія каштоўнасці, у спрыяльных і неспрыяльных абставінах жыцця заставацца сведкамі хрысціянства». «Удзячныя за яго ахвярнае служэнне, нашымі малітвамі і святымі Камуніямі напішам на яго магіле словы, якія пісалі першыя хрысыціяне: жыві ў Хрысце! — сардэчна заклікаў прысутных іерарх. — А ты, Божа, будзь міласэрны да свайго вернага слугі айца Казіміра Жыліса і прымі яго ў радасць вечнага шчасця ў небе».
Арцыбіскуп Кандрусевіч таксама звярнуўся да прысутных літоўцаў на літоўскай мове, пастырам якіх быў айцец Жыліс. У іх асобах беларускі мітрапаліт падзякаваў Літве за вялікі дар Беларусі айца Казіміра і заклікаў наследаваць свайго вялікага земляка і жыць паводле Божага закону і хрысціянскіх традыцый.