Пошук

01.02.2021 13:27   Тэкст: Раман Ярмош / Grodnensis.by / Фота: Баляслаў Гавецкі / Grodnensis.by

31 студзеня ў Іўеўскім цэнтры культуры і вольнага часу адбыўся XVIII фестываль калядных песень Gloria in Excelsis Deo.

Як паведамляе Grodnensis.by, сёлета з-за пандэміі каранавірусу не было вялікай колькасці ўдзельнікаў і гледачоў. У фестывалі ўдзельнічалі ансамблі і салісты з Іўя, Трабаў і Лаздун. Прысутнічалі консул Рэспублікі Польшча ў Гродне Анджэй Рачкоўскі і намеснік старшыні Іўеўскага райвыканкама Лідзія Носуль.

Прысутных прывітаў арганізатар фестывалю ксёндз Ян Гавецкі.

«Мы з вамі знаходзімся ў тым месцы, дзе ужо сямнаццаць разоў мы збіраліся ў вялікай колькасці, і я рады і ўдзячны раённым уладам, дому культуры, а найперш Пану Богу за магчымасць сабрацца і спяваць на хвалу нованароджанаму Езусу», — сказаў святар.

Затым да прысутных звярнуліся Анджэй Рачкоўскі і Лідзія Носуль, якая выказала надзею, што ў наступны раз фестываль зноў збярэ вялікую колькасць удзельнікаў.

Распачаўся фестываль нумарам танцавальнага калектыву «Хорошенькие», затым выступіў ансамбль «Надзея» — лаўрэат гран-пры фестывалю 2020 года.

Самым кранальным было выступленне Анастасіі Гуранковай. Дзяўчынка не бачыць, але грае на музыкальных інструментах і ўжо не першы год становіцца ўдзельніцай не толькі фестывалю, але і дэканальнай пілігрымкі ў Тракелі.

Наймалодшым удзельнікам стаў саліст Мацвей Гушча. Па традыцыі выступіў і ксёндз Ян, які пад акампанемент арганіста іўеўскай парафіі Антона Шукава выканаў песню «Не мелі месца».

На заканчэнне кожны ўдзельнік атрымаў падарункі.

Пры развітанні ксёндз Ян падкрэсліў, што за гэтыя гады фестываль стаў школай для многіх людзей і паказаў свету таленты не аднаго пакалення дзяцей і моладзі.

Фестываль завяршыўся песняй у выкананні ўсіх удзельнікаў і пад моцныя апладысменты гледачоў.

Тэлеверсію фестывалю ў хуткім часе можна будзе пабачыць на тэлеканале «Ивье ТВ».

Абноўлена 01.02.2021 14:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця