27 студзеня ў Гродне прайшло памятнае мерапрыемства з нагоды Міжнароднага дня памяці ахвяраў Халакосту, у якім узяў удзел таксама прадстаўнік Каталіцкага Касцёла.
Памяць усіх шматлікх ахвяраў Халакосту — масавага знішчэння габрэяў нацыстамі і іх паслугачамі — ушаноўваецца ў дзень, калі ў 1945 годзе Чырвоная армія вызваліла адзін з самых страшных канцлагераў Другой сусветнай вайны: Аўшвіц-Біркенаў у польскім Асвенцыме. Сайт Grodnensis.by нагадвае, ўто ў гэтым нацысцкім лагеры смерці было знішчана таксама нямала габрэяў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў, вывезеных з нашых земляў, у тым ліку з Гродна.
У горадзе над Нёманам памятную дату разам з прадстаўнікамі габрэйскай супольнасці адзначылі таксама салідарныя гараджане, прадстаўнікі духавенства i дыпламатычнага корпусу.
Памятнае мерапрыемства прайшло пры ўваходзе ў былое гета. Ад Каталіцкага Касцёла удзел у ім узяў віцэ-канцлер Гродзенскай курыі ксёндз канонік Антоній Грэмза.
Пасля супольнай малітвы перад брамай гета ўдзельнікі мелі магчымасць наведаць выставу, якая адкрылася ў музеі сінагогі. Экспанаты для яе былі прадстаўлены Культурным цэнтрам пры пасольстве Ізраіля ў Беларусі.
Падчас Другой сусветнай вайны з 29 тыс. гродзенскіх габрэяў у жывых засталося ўсяго каля 200 чалавек. Большая частка з іх загінула ў канцлагеры Аўшвіц-Біркенаў. Пасля вайны ў Гродна вярнуліся толькі некалькі дзясяткаў тутэйшых габрэяў.