Пошук

07.01.2021 07:01   Catholic.by
Фота: Віктар Талочка / Sputnik.by

Напярэдадні ўрачыстасці Нараджэння Хрыстова, якое вернікі Беларускай Праваслаўнай Царквы адзначаюць 7 студзеня, Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч скіраваў віншаванне на імя Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна.

Прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне ў асобе Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі сардэчна віншуе ўсіх праваслаўных братоў і сясцёр з Нараджэннем Хрыстовым і Новым, 2021 годам.

У прыватнасці, Нунцый Ёзіч піша:

«У гэтыя святочныя дні нашыя пачуцці і думкі скіроўваюцца да Бэтлеемскіх ясляў, у якіх свету з’явіўся Збаўца, Дзіцятка Езус. Хоць мы святкуем гэтую збаўчую падзею ў розны час, аднак нас аб’ядноўваюць агульная радасць у Пану і спадзяванне на Яго», — падкрэсліў прадстаўнік Святога Пасаду.

Ён пажадаў Мітрапаліту Веніяміну, а ў яго асобе — усім вернікам Беларускай Праваслаўнай Царквы перадусім міру, абвешчанага пры Нараджэнні Хрыста анёламі.

«Праз заступніцтва Найчысцейшай Багародзіцы і святога Юзафа, якому ў Рыма-Каталіцкім Касцёле Яго Святасць Папа Францішак прысвяціў бягучы год, няхай сыйдуць на Вас і на Вашу паству шчодрыя дары Божай ласкі, здароўе, згода, радасць і дабрабыт», — напісаў Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч.

На заканчэнне прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне пажадаў, каб не аслабла нашая вера і каб ва ўсім быў праслаўлены Пан, Нараджэнне якога з’явіла збаўленне і радасць усяму свету.

Разам з Апостальскім нунцыем Антэ Ёзічам віншаванне праваслаўным братам з Нараджэннем Хрыстовым падпісаў таксама сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі ксёндз Махэр Шаммас.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.