Пошук

29.12.2020 08:55   Тэкст: С. Ірына Папакуль / Waladarka.by / Фота: Ірына Гайдамовіч / Catholic.by
Фота Ірыны Гайдамовіч

У парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі пры санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе прайшоў конкурс на лепшую самаробную стайню-батлейку з яслямі.

Як зазначаецца на парафіяльным сайце Waladarka.by, з-за каранавірусу былі перакрэслены некаторыя планы: не было тэатралізаванай батлейкі, не было шматлікіх аплаткавых сустрэч, Бэтлеемскай зоркі… Таму вырашылі зрабіць конкурс, які дазваляе не збіраць адначасова вялікую колькасць людзей. Батлейкі рабілі сем’ямі: бацькі з дзецьмі.

На пачатку Адвэнту душпастыры запрасілі сем’і парафіі ўзяць удзел у гэтым конкурсе. Свае працы можн было прыносіць да апошніх Раратаў.

Усяго ў конкурсе ўзялі ўдзел 18 сем’яў. Кожная праца была па-свойму прыгожай і арыгінальнай, таму вельмі складана было выбраць лепшую.

У гэтым арганізатарам дапамаглі самі парафіяне: адбылося галасаванне. На працягу тыдня кожны мог аддаць свой голас за тую батлейку, якая найбольш спадабалася.

Пасля падліку галасоў першае месца заняла сям’я Коман. Другое — сям’я Курыловіч і трэцяе — сям’я Шулья.

Але, як сказаў ксёндз пробашч Станіслаў Мжыглуд SDS, кожны ўдзельнік конкурсу — пераможца, бо ў кожную працу было ўкладзена нямала часу, працы і творчасці.

Паглядзець фота батлеек, прадстаўленых на конкурс, можна на парафіяльным сайце Waladarka.by.

Абноўлена 29.12.2020 13:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.