17 снежня ў гродзенскую катэдральную базыліку святога Францішка Ксавэрыя быў унесены Бэтлеемскі агонь міру. З горада над Нёманам пачалася штогадовая скаўцкая эстафета агню па гарадах і мястэчках Беларусі.
Як паведамляе Grodnensis.by, скаўтаў з агнём сустрэў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх адзначыў, што сёлетняя акцыя дзялення агнём, які да нас даходзіць з пячоры ў базыліцы Нараджэння ў Бэтлееме ў Палестыне, адбываецца пад дэвізам «Святло служэння».
Біскуп падкрэсліў, што ў гэты цяжкі час, калі ўвесь свет закрануты пандэміяй каранавірусу, a шмат нашых блізкіх перажываюць цярпенні і пачуццё няўпэўненасці, да нас у чарговы раз прыходзіць маленькі агеньчык надзеі.
«Таму сёлета разам з гэтым святлом мы хочам занесці цеплыню Езусавага полымя ў нашы дамы, касцёлы, капліцы, на месцы нашай працы, каб яно асвятляла закуткі памяшканняў, у якіх мы жывем, молімся і працуем, але найперш у чалавечыя сэрцы, гатовыя да прыняцця Езуса і Яго любові», — дадаў іерарх.
Па яго словах, сёння, як ніколі, нашым братам і сёстрам патрэбна наша cлужэнне, знакам якога з’яўляецца Бэтлеемскае святло міру, наша блізкасць, адвага і сведчанне.
«Несучы Святло з Бэтлеема ў гэтым годзе, дапаможам сабе і іншым перамагчы пачуццё няўпэўненасці, а таксама прычыны страху, які робіць людзей закрытымі. Няхай гэтае маленькае полымя, знак, што „Пан блізка“, запоўніць час чакання нараджэння Бога, які вылечыць, абновіць і ўмацуе чалавецтва, што прагне сапраўднага збаўлення», — сказаў біскуп.
Іерарх падзякаваў усім, хто ўдзельнічае ў перадачы гэтага сімвалу Божага Нараджэння. Словы ўдзячнасці ён выказаў скаўтам, якія прынеслі агонь у Гродна як знак Езуса Хрыста, які прыходзіць да нас у таямніцы свайго Нараджэння.
Менавіта дзякуючы іх удзелу перадача Бэтлеемскага агню стала пастаянным элементам калядных традыцый таксама ў нашай краіне.
Іерарх падзякаваў таксама скаўтам, якія занясуць гэты агонь у іншыя беларускія парафіі.
«Вы сімвалічным чынам будзеце вестунамі блізкіх святаў Божага Нараджэння. Няхай гэтае ганаровае заданне яшчэ больш мабілізуе вас штодзённа крочыць за Езусам і даваць пра Яго сведчанне словам і ўчынкам», — сказаў біскуп.
Потым скаўты перададуць агонь у іншыя месцы нашай краіны.
Ён будзе занесены да ўсіх хрысціянаў, якія ў найбліжэйшыя дні будуць перажываць святы Божага Нараджэння; у шпіталі, хоспісы, да састарэлых, самотных, пакінутых.
Акцыя Бэтлеемскага агню міру бярэ пачатак у Аўстрыі ў 1986 г.
Агонь перадаецца з рук у рукі з Бэтлеема.
У гроце Нараджэння Пана гарыць вечны агонь. Ад яго штогод запальваецца лампада, полымя якой, што нясуць скаўты праз краіны і кантыненты, абыходзіць свет.